25 лiстапада 2024, панядзелак, 6:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чавес гатовы набыць МАЗ і МТЗ (Абноўлена)

35

Венесуэла заяўляе пра амбіцыйныя планы па прыватызацыі буйных беларускіх прадпрыемстваў.

«Венесуэла зацікаўленая ў шмат якіх беларускіх прадпрыемствах, якія сёння перажываюць крызіс, і мы гатовыя разгледзець іх акцыянаванне,- сказаў на прэс-канферэнцыі ў Менску Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Венесуэлы ў Беларусі Амерыка Дыяс Нуньес.

Паводле словаў амбасадара, «сярод іх можна назваць прадпрыемствы радыёпрамысловасці, вытворчасці электраабсталявання, матораў і транспартных сродкаў».

У спіс прадпрыемстваў, якімі зацікаўленая Венесуэла, патрапілі: Менскі аўтамабільны завод, Менскі электрамеханічны завод ім. Вавілава, Менскі маторны завод, завод «Вымяральнік», шэраг навуковых і вытворчых прадпрыемстваў па выпуску тэхнікі с/г, і іх рамонце. Віцебскі завод электравымяральных прыбораў, «Гомсельмаш», БелАЗ, РУП «Віцязь», Гомельская птушкафабрыка, Барысаўскі свінагадоўчы комплекс, некалькі рыбгасаў, птушкафабрыка «Дружба», Глыбокскі камбікормавы завод, дзяржаўны канцэрн «Белдзярхарчпрам» і шэраг іншых прадпрыемстваў».

Далей амбасадар даў ацэнку беларуска-венесуэльскім адносінам:

«Першая палова 2009 года характарызуецца некаторай няўстойлівасцю ў нашым супрацоўніцтве, якое на працягу папярэдніх гадоў развівалася актыўна, -- сказаў Амерыка Дыяс Нуньес. -- За гэты перыяд у Венесуэлу было экспартавана больш за тысячу трактараў, аўтамабіляў і машынаў с/г. І зараз мы пачынаем другое паўгоддзе з надзеяй надаць новы імпульс у супрацоўніцтве ў такіх галінах як фінансавы сектар, здабыча нафты і горназдабывальная, машынабудаўнічая прамысловасць, газіфікацыя».

У Менск прыехаў міністр энергетыкі Венесуэлы

Сёння ў Менск з афіцыйным візітам прыехаў міністр энергетыкі і нафты Венесуэлы Рафаэль Рамірас. З ім сустрэліся памочнік Аляксандра Лукашэнкі па спецыяльных даручэннях Віктар Шэйман, а таксама сам беларускі кіраўнік.

«Беларусь разлічвае быць на доўгатэрміновай аснове першачарговым гандлёвым партнёрам Венесуэлы. Мы выступаем за збалансаваны і ўзаемавыгадны характар гандлю», - заявіў падчас сустрэчы Шэйман.

Пры гэтым, як паведамляе «Інтэрфакс», ён падкрэсліў, што «узаемадапаўняльнасць эканомікаў Беларусі і Венесуэлы з'яўляецца гарантыяй паспяховага развіцця гандлёва-эканамічных сувязяў паміж дзяржавамі».

Таксама Шэйман заявіў, што «у цяперашніх няпростых умовах неабходна цясней каардынаваць свае дзеянні ў знешнім гандлі, больш дынамічна запускаць тыя маштабныя праекты, якія абмеркаваныя і знаходзяцца ў стадыі рэалізацыі».

Рамірас выказаў «задавальненне тэмпамі і ўзроўнем развіцця супрацоўніцтва ў энергетычнай сферы, што ўжо адчуваецца ў нашай краіне».

«Тыя праекты, якія мы пачалі ажыццяўляць, перш за ўсё з «Беларуснафтай», па газе і сейсмавыведцы нас цалкам задавальняюць», - сказаў міністр. Ён дадаў, што мэтай яго візіту з'яўляецца правядзенне перамоваў па супрацоўніцтве з Беларуссю, перш за ўсё, у энергетычнай і нафтаздабываючай галінах. Рамірас выказаў гатоўнасць заключыць дамоўленасці, «якія будуць накіраваныя на развіццё і паглыбленне супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі».

У сваю чаргу падчас сустрэчы з міністрам энергетыкі і нафты Венесуэлы Аляксандр Лукашэнка заявіў:

«Я абсалютна перакананы, што планы, якія мы пазначылі, мы рэалізуем».

«Гэта нават не пытанні беларуска-венесуэльскіх адносінаў. Гэта пытанні нашага сумеснага з Венесуэлай прасоўвання ў Лацінскай Амерыцы. Менавіта з вашай краінай, таму што адным нам там будзе вельмі складана», - сказаў беларускі кіраўнік.

Акрамя таго, Лукашэнка адзначыў, што «мы можам паказаць іншым краінам Лацінскай Амерыкі, што можна супрацоўнічаць з малымі, сярэднімі дзяржавамі. Гэта будзе мець той жа эфект, як і супрацоўніцтва з такімі гігантамі, як Злучаныя Штаты».

Кажучы пра значнасць беларуска-венесуэльскага супрацоўніцтва, Лукашэнка заўважыў, што «ад гэтага мы можам мець добры эфект у сферы фінансаў і эканомікі».

Беларускі кіраўнік папрасіў венесуэльскага міністра перадаць падзяку Уга Чавесу «за абавязковасць і аператыўнасць яго дзеянняў». Як сказаў Лукашэнка, гэткае аператыўнае прыбыццё ў Менск міністра энергетыкі і нафты Венесуэлы пасля размовы на вышэйшым узроўні «кажа пра тое, што Венесуэла мае намер сур'езна развіваць адносіны з Беларуссю».

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках