25 лiстапада 2024, панядзелак, 22:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тысячы каталікоў прыйшлі пакланіцца Маці Божай Будслаўскай (Фота)

2

1 і 2 ліпеня ў Будславе, на Мядзельшчыне, праходзіць фэст у гонар Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі.

Сёлета да абраза Маці Божай Будслаўскай з нагоды свята Найсвяцейшай прыйшлі каля 2,5 тысячаў пешых паломнікаў з Беларусі і замежжа, паведамляе газета «Наша Ніва». Вернікі прыязжалі ў Будслаў на роварах, матацыклах з Польшчы і ЗША. Усяго ў Будславе ў гэтыя дні сабралася каля 50 тысячаў вернікаў.

З 12:00 першага ліпеня пешых паломнікаў перад уваходам у Нацыянальны санктуарый сустракаў, акрапляў вадой і дабраслаўляў ксёндз Віктар Бурлака. Пасля гэтага вернікі ўрачыста ўваходзілі ў святыню, каб схіліцца перад абразом Маці Божай Будслаўскай.

Гісторыя Будслаўскай святыні пачынаецца з 1504 годзе, калі Вялікі князь літоўскі Аляксандр падараваў паселішча Буда віленскаму кляштару бернардынцаў. Бернардынцы раскарчавалі кавалак пушчы на беразе ракі Сэрвач і ў 1530 годзе паставілі там невялікую драўляную капліцу.

У канцы 16 стагоддзя ў Будславе ўжо існавалі касцёл і кляштар бернардынцаў. Тады ж з’явіўся і славуты абраз Маці Божай. Спачатку ён належаў менскаму ваяводу Яну Пацу. Ваявода прывез яго з Рыма — як падарунак ад Папы Клімента VIII, пасля пераходу з кальвінізму ў каталіцтва. Пац клапатліва захоўваў абраз і заўсёды вазіў яго з сабой. Пасля смерці ваяводы святыня перайшла да яго капелана. А той, у сваю чаргу, ахвяраваў яе касцёлу.

Будславскі абраз Божай Маці праславіўся шматлікімі цудамі.

Вось адзін з дзесяткаў гістарычна зафіксаваны прыкладаў. У 1617 годзе пяцігадовы хлопчык - будучы ксёндз Язафат Тышкевіч - цяжка захварэў: аслеп на абодва вока і цэлы год нічога не бачыў. У дзень Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі бацькі прывялі сына ў Будслаўскі касцёл. Ледзь пераступіўшы парог храма, Язафат стаў відушчым. Ва ўдзячнасць Богу за ацаленне ён застаўся ў кляштары.

Падчас вайны Расеі з Рэччу Паспалітай будслаўскія манахі, асцерагаючыся здзеку з абраза, вывезлі яго ў Сакулку на Беласточчыне (тэрыторыя сучаснай Польшчы). Вярнуўся ў Будслаў абраз толькі ў 1665 годзе.

У першай палове XVII стагоддзя віленскі гвардыян бернардынаў Фларыян Калецкі падараваў абразу срэбныя шаты, якія і сёння захоўваюць святыню.

Да сярэдзіны XVII ст. на месцы драўлянага быў пабудаваны невялікі каменны касцёл. А ў 1767 быў закладзены першы камень новага касцёла. Касцёл не перапыняў сваю дзейнасць нават у савецкі час. Ніводная спроба сталіністаў яго ўзарваць так і не скончылася поспехам.

Аднак абраз усёткі пацярпеў. Калі ў 1990-я з яго знялі шаты, каб рэстаўраваць, убачылі, што ён ў некалькіх месцах прабіты, прастрэлены і нават прапалены.

Шаснаццаць гадоў таму ў ліпені 1991 года ў Беластоку падчас чацвёртага паломніцтва Папы Рымскага Яна Паўла II ў Польшчу яму была падораная копія абраза Багамаці Будслаўскай. Так святыня, якая прыйшла ў Беларусь з Рыму, вярнулася ў вечны горад праз чатырыста гадоў.

У гісторыі сучаснай Беларусі ўпершыню пілігрымка да Будслаўскага абразу Божай Маці была здзейсненая ў 1992 годзе. А 2 ліпеня 1998 года ў Будславе адбылася афіцыйная цырымонія каранавання абраза-легенды. Ва ўрачыстай абстаноўцы Кардынал Казімір Свёнтак прымацаваў на абраз папскія кароны. З гэтага часу яна стала санктуарыем (святыняй) нацыянальнай значнасці.

Фэст у Будславе стаў самым буйным і ўрачыстым святам беларускіх каталікоў. Кульмінацыяй фэсту з'яўляецца ўрачыстае шэсце з цудадзейным абразом. Дзясяткі тысячаў чалавек з запаленымі свечкамі абыходзяць цэнтральную плошчу мястэчка і вяртаюцца да касцёла. Як быццам жывая агністая рака плыве перад велічнай базілікай.

Фота Юліі Дарашкевіч, «Наша Ніва»

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках