25 лiстапада 2024, панядзелак, 13:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Войны «саюзнікаў» будуць працягвацца доўга

11
Войны «саюзнікаў» будуць працягвацца доўга

Эксперты сходзяцца на думцы, што спыненне Беларуссю транзіту нафтапрадуктаў у Еўразвяз на ўчастку расейскага трубаправода «Унеча-Вентспілс» мае палітычную падаплёку.

У газамалочным канфлікце Расеі і Беларусі ўзніклі новыя кампаненты – нафта і мяса. Беларускі Дэпартамент па наглядзе за бяспечным вядзеннем працаў у прамысловасці ў аўторак прыпыніў працу нафтапрадуктаправода «Унеча – Вентспілс» расейскай кампаніі «Захад-Транснафтапрадукт» (уваходзіць у АК «Транснафтапрадукт»).

Аказваецца, труба ўтрымлівала занадта шмат дэфектаў, якія пагражалі экалогіі Беларусі. Агулам неназваныя Беларуссю спецыялісты з Нямеччыны налічылі 1082 непаладкі, і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях (МНС) Беларусі загадала «Захад-Транснафтапрадукту» ліквідаваць іх да 17 ліпеня. Але, як паведаміў начальнік прэс-службы ведамства Віталь Навіцкі, да гэтага тэрміна ў кампаніі атрымалася адолець толькі 254 дэфекты.

Беларускі МНС звяртае ўвагу на тое, што, на ўчастку здараліся рэцыдывы з уцечкай паліва. Беларусь ужо двойчы абвінавачвала «Транснафтапрадукт» у разліцці нафты. Летась дызельнае паліва разлілося на плошчы 100 кв.м. А за год да гэтага салярка патрапіла ў прыток Заходняй Дзвіны, і па плыні перасекла латвійскую мяжу.

Відавочная палітычная падаплёка спынення Беларуссю транзіту нафтапрадуктаў у ЕЗ на ўчастку «Унеча-Вентспілс». Сайт «Эксперт Online» лічыць, што «гандаль, транзітныя і інвестыцыйныя праекты маюць ярка выражаную палітычную афарбоўку». Менавіта пра гэта сведчыць той факт, што Лукашэнка прызнаў, што «Расея патрабуе ад Беларусі да атрымання крэдыту прызнання Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, тое ж самае – з падпісаннем пагаднення па АДКБ».

На думку выдання, «у апошнія 3-4 месяцы ўсё, што адбываецца паміж Беларуссю і Расеяй мае яркае палітычнае адценне. Камяк нявырашаных праблемаў у межах «саюзнай дзяржавы» стаў такім вялікім, што генеруе канфлікты па розных таварных групах літаральна кожны тыдзень.

Сігнал, які пасылае Лукашэнка, кажа пра тое, што Расея не клапоціцца пра тэхнічныя стандарты. Ён жа не сказаў, што Расея павінна яму нафту, газ ці крэдыты. Ён спаслаўся на вельмі адчувальную ў Еўропе тэму экалагічных стандартаў і забруджвання. Але і Расея ў свой час не сказала, што блакуе закупкі малака, таму што Беларусь датуе свайго вытворцу ці не прызнае Паўднёвую Асецію з Абхазіяй. Гаворка ідзе ў абодвух выпадках пра парушэнне рэгламентаў. Тут цяжка аддзяліць спасылку на чыста рэгламентныя тэхнічныя стандарты ад палітыкі. Гэта пагражае яшчэ больш доўгімі непрыемнымі высвятленнямі адносінаў».

Нагадаем, што «рашучыя» меры беларускага МНС супалі з рашэннем расейскага Рассельгаснагляду, які ў аўторак забараніў увоз у Расею мяса двух прадпрыемстваў рэспублікі - ААТ «Гомельскі мясакамбінат» і ААТ «Брэсцкі мясакамбінат».

Расейскае ведамства таксама паказала на дадзеныя маніторынгу, паводле якіх мяса гомельскага і берасцейскага мясакамбінатаў утрымлівае забароненыя і шкодныя рэчывы.

У той жа час, нагадвае «Газета.ru», пазіцыйная вайна развіваецца на фоне клятвенных запэўненняў Аляксандра Лукашэнкі пра сяброўства з Расеяй. У аўторак ён назваў размовы пра пагаршэнне эканамічных і палітычных адносінаў паміж Расеяй і Беларуссю «поўнай хлуснёй».

«Хто б што ні казаў, але мы ніколі не сыйдзем ад Расеі, гэтак жа як Расея ніколі не пакіне нас», – заявіў ён на сустрэчы са старшынём Лічыльнай палаты РФ Сяргеем Сцяпашыным.

Падобныя падзеі будуць паўтарацца, кажа намеснік дырэктара Маскоўскага цэнтра Карнэгі Сэм Грын:

«Такія гульні ствараюць уласную логіку, і гульцы становяцца яе закладнікамі, ніхто не хоча адступаць, ігнараваць выклікі і правакацыі».

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках