25 лiстапада 2024, панядзелак, 5:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады забяспечваюць узбраеннем краiны-iзгоi

7

Сёння ў Рэгістры ААН па звычайных узбраеннях з'явіліся звесткі пра пагадненні Беларусі на сусветным зброевым рынку ў 2008 годзе.

Як паведамляе БелаПАН, паводле гэтых звестак, летась нашая краіна ніякага ўзбраення і ваеннай тэхнікі, якія кваліфікуюцца як «звычайныя ўзбраенні», не закупляла. Прадавала зброю ў Азербайджан, Сірыю, Судан і Расею.

Так, у Азербайджан было пастаўлена тры самаходныя гаўбіцы 2С7 «Піён» 203 мм. У Сірыю прададзена 33 шматмэтавыя знішчальнікі са змянянай стрэлавіднасцю крыла МіГ-23. Адзінаццаць штурмавікоў Су-25 пастаўлена ў Судан. Расея закупіла ў Беларусі 15 ракетаў «паветра-паветра» Р27-Р для знішчальнікаў Су-27 і МіГ-29. Уся зброя — вытворчасці Расеі (СССР). Сумы кантрактаў не называюцца.

Нагадаем, у 2007 годзе Беларусь прадала ў Судан два бронетранспарцёры БТР-70, мадэрнізаваныя да ўзроўня «Кобра К2К» і «Кобра К2». У Арменію — 10 122-міліметровых гаўбіцаў Д-30, якія буксіруюцца, у Эрытрэю — дзевяць рэактыўных сістэмаў залпавага агню «Ураган».

У 2006 годзе Беларусь паставіла ў Азербайджан 41 танк Т-72. Гэта было адзінае беларускае пагадненне, якое патрапіла ў Рэгістр па звычайных узбраеннях.

У 2005 годзе Беларусь паставіла ў Азербайджан 19 танкаў Т-72, у Славакію — два ваенна-транспартныя верталёты Мі-8, у Джыбуці — два ўдарныя верталёты Мі-24. Гэтая інфармацыя ўтрымлівалася ў Рэгістры ААН па звычайных узбраеннях у пачатку чэрвеня 2006 года. Потым звесткі пра пагаденне са Славакіяй зніклі.

У 2004 годзе ў Судан Беларусь паставіла 21 браняваную разведвальна-дазорную машыну БРДМ-2, сем бронетранспарцёраў БТР-80, 10 бронетранспарцёраў БТР-70 і адну баявую машыну пяхоты БМП-1, у Кот-д'Івуар — два штурмавікі Су-25.

У 2003 году Судан закупіў у Беларусі дзевяць БМП-2, 39 БРДМ-2, 32 адзінкі розных артылерыйскіх сістэмаў, Швецыя — 19 ракетаў да пераноснага зенітнага ракетнага комплексу «Ігла», Кот-д'Івуар — 20 баявых браняваных машынаў рознага тыпу, 16 адзінак розных артылерыйскіх сістэмаў.

У 2002 годзе Беларусь прадала ў Іран 15 танкаў Т-72, у Алжыр — два знішчальнікі МіГ-29, у Судан — 14 адзінак розных артсістэмаў, у Кот-д'Івуар — 12 БМП-1, 10 120-міліметровых возимых мінамётаў «Сані» і два ўдарныя шрубалёты Мі-24.

У 1996—2001 гадах Беларусь пастаўляла зброю таксама ў Пяру (самалёты), Конга (артсістэмы), Папуа — Новую Гвінею (верталёты), С'ера-Ляоне (верталёты), Эфіёпію (танкі), Заір (артсістэмы), Уганду (верталёты), Марока (танкі), ААЭ (баявыя браняваныя машыны), Украіну (самалёты).

Адзначым, што па стане на сакавік 2009 года, міжнародная праваабарончая арганізацыя Freedom House прызнала самай несвабоднай краінай свету Судан, прэзідэнт якога быў абвешчаны ў вышук Міжнародным крымінальным судом у Гаазе. Прэзідэнта Судану Амара Башыра абвінавачваюць у здзяйсненні ваенных злачынстваў у Дарфуры.

Таксама заходнія краіны неаднаразова рабілі заявы аб супрацоўніцтве Сірыі з тэрарыстычнымі арганізацыямі.

Апошнюю такую заяву зрабіў Дзярждэпартамент ЗША у канцы лютага 2009 года падчас перамоваў з Сірыяй. У заяве, у прыватнасці, сказана:

«Застаюцца істотныя супярэчнасці паміж двума ўрадамі, уключаючы нашыя асцярогі ў сувязі з падтрымкай, якая аказваецца Сірыяй тэрарыстычным групам і сеткам, у сувязі з набыццём ядзернага і звычайнага ўзбраення, умяшаннем у справы Лівана і пагаршэннем становішча з правамі чалавека».

У той жа час Захад неаднаразова заяўляў, што Беларусь ажыццяўляе нелегальны продаж зброі такім краінам як Сірыя, Іран і Паўночная Карэя.

Як адзначала ў сакавіку 2008 года газета «The Washington Times»:

«Толькі ў 2001 г. Беларусь прадала зброі на 500 млн. даляраў Сірыі і тэрарыстычнай групоўцы «Хэзбала», што падтрымліваецца ёй, якая выкарыстала смяротныя ракеты «Кацюша» супраць Ізраіля».

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках