25 лiстапада 2024, панядзелак, 7:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітжаўнера Жалезнічэнку «вызвалілі» з арміі

6

Першы беларускі палітычны прызыўнік быў дэмабілізаваны 23 ліпеня.

Пасля ранішняй зарадкі Зміцеру Жалезнічэнку паведамілі ў ваеннай частцы, каб ён збіраў рэчы і ехаў дадому. Як паведамляе «Радыё Свабода», пазней Жалезнічэнка даведаўся, што яго выпусцілі на два дні раней, каб сябры і журналісты не сустракалі яго каля КПП.

Гомельскага актывіста «Моладзі БНФ» гвалтам забралі ў армію 25 студзеня 2008 года. 9 лютага ў частцы была прысяга, але Зміцер Жалезнічэнка адмовіўся яе прыняць.

Апазіцыянер быў двойчы адлічаны з Гомельскага дзяржуніверсітэта ім. Ф.Скарыны. Падчас навучання быў выдатнікам і не прапускаў заняткаў без паважлівай прычыны. Першае адлічэнне ў верасні 2007 года актывіст дэмакратычных сілаў абскардзіў у судзе і 16 студзеня дамогся ўзнаўлення ў ВНУ, але праз чатыры дні ізноў быў адлічаны і адпраўлены ў армію.

8 лютага суддзя Савецкага раёна Юры Жораў абвесціў пастанову суда аб прыпыненні выканання рашэння прызыўнай камісіі аб прызыве ў армію Жалезнічэнкі. Нягледзячы на гэта, моладзевага актывіста пакінулі служыць у арміі нават пасля прызнання незаконнасці яго прызыву.

Зміцер Жалезнічэнка быў першым моладзевым актывістам, якога гвалтам прызвалі ў армію. У студзені 2009 года гэтая карціна паўтарылася з актывістамі «Маладога Фронту» Іванам Шылам і Зміцерам Хведаруком, а таксама з лідэрам «Моладзі БНФ» Франакам Вячоркам. Моладзевых актывістаў накіравалі ў армію, нягледзячы на медыцынскія паказанні, закутых у кайданкі, і нават без пасведчанняў асобы прызыўнікоў.

У інтэрв'ю газеце «Наша Ніва» Зміцер Жалезнічэнка распавёў пра свае першыя уражанні пасля «выхаду» з арміі:

«Пакуль што яшчэ такое адчуванне, што заўтра зноў прагучыць каманда «Рота, пад'ём!». На гэтым этапе няма ніякіх эмоцыяў. Хочацца проста адпачыць», -- сказаў былы палітычны прызыўнік.

Жалезнічэнка плануе працягнуць навучанне. У арміі ён шмат часу надаваў кнігам і ў хуткім часе збіраецца прыступіць да ўступных іспытаў.

«Хочацца працягнуць навучанне. У Беларусі мне гэта наўрад ці дазволяць зрабіць. Знайшоў магчымасць працягнуць навучанне за мяжой. Для гэтага трэба здаваць тэсты. Я ужо рыхтаваўся да іх, буду рыхтавацца далей», -- распавёў Зміцер Жалезнічэнка.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках