25 лiстапада 2024, панядзелак, 18:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Лідзе за ўлёткі «Свабоду Дубскаму» арыштавалі актывістаў «Маладога фронту»

1

27 ліпеня ў Лідзе ў раёне чыгуначнага вакзалу супрацоўнікі міліцыі затрымалі Вадзіма Бароўскага і Кастуся Ліцвінскага.

Моладзевыя актывісты расклейвалі інфармацыйныя ўлёткі пра палітвязня Арцёма Дубскага.

Супрацоўнікі праваахоўных органаў адвезлі актывістаў «Маладога фронту» у раённы аддзел міліцыі.

«У райаддзеле міліцыянты не ведалі, які артыкул нам «прышыць», таму паклалі на стол Крымінальны кодэкс і заявілі - выбірайце самі», -- распавёў у інтэрв'ю сайту mfront.net Вадзім Бароўскі.

З маладых людзей узялі тлумачэнні і канфіскавалі некалькі ўлётак. Моладзевых актывістаў вызвалілі толькі праз 3 гадзіны.

Нагадаем, што 7 ліпеня ўдзельнік «Працэсу 14-ці» Арцём Дубскі быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбыцця пакарання па «справе 14-ці». У 2008 годзе моладзевы актывіст быў вымушаны з'ехаць ва Украіну ў сувязі з тым, што супрацоўнікі міліцыі вынеслі яму два надуманыя папярэджанні аб парушэнні правілаў адбыцця пакарання. Дубскі быў затрыманы 13 лютага 2009 года ў Гомелі.

«Справа 14-ці» – справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.

За ўдзел у гэтай акцыі 14 моладзевых актывістаў былі прысуджаныя да розных тэрмінаў пазбаўлення і абмежаванні волі. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.

23 ліпеня Арцём Дубскі абвясціў пра спыненне галадоўкі, якую ён трымаў у бабруйскім СІЗА у сувязі з неправамернымі дзеяннямі адміністрацыі следчага ізалятара.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках