25 лiстапада 2024, панядзелак, 17:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Свабоду палітвязню Арцёму Дубскаму! (Фота)

У сераду ў цэнтры Менска прайшла акцыя салідарнасці з арыштаваным удзельнікам «Працэсу 14-ці» Арцёмам Дубскім.

Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» правялі акцыю каля казіно «Белая Вежа». Моладзевыя актывісты трымалі ў руках партрэты палітвязня Арцёма Дубскага.

Акцыя працягвалася 15 хвілін, пасля чаго маладыя людзі разыйшліся, паведамляе сайт f-fight.org.

Нагадаем, што 7 ліпеня па рашэнні суддзі Асіповіцкага раённага суду Жаны Шарабайка ўдзельнік «Працэсу 14-ці» Арцём Дубскі быў прысуджаны да аднаго году пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Суд прысудзіў Дубскага да 6 месяцаў утрымання ў калоніі агульнага рэжыму па артыкуле 415 УКК, а таксама прыняў да ўвагі тое, што ён павінен адбываць яшчэ адзін год па пакаранні ў выглядзе абмежавання волі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі прадпрымальнікаў у студзені 2008 года. Гэтае пакаранне ў адносінах Дубскага залічваецца як «два дні за дзень» — гэта значыць, два дні абмежавання волі лічацца як дзень, праведзены ў калоніі. На гэтай падставе суддзя змяніла пакаранне Дубскаму з абмежавання волі на ўтрыманне ў калоніі. Такім чынам, сумуючы два пакаранні, ён павінен правесці ў калоніі год.

Нагадаем, што «справа 14-ці» – справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў адносінах ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.

За ўдзел у гэтай акцыі моладзевы актывіст Андрэй Кім быў прысуджаны судом Цэнтральнага раёна Менска да 1,5 год калоніі (вызвалены ў жніўні 2008 года). Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка быў прысуджаны да абмежавання волі тэрмінам на 1 год без накіравання ў выпраўленчую ўстанову, з 27 кастрычніка да суду 9 снежня 2008 года ён утрымліваўся ў СІЗА. Астатнія ўдзельнікі «Працэсу 14-ці» -- Арцём Дубскі, Аляксей Бондар, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў, Аляксандр Чарнышоў, Тацяна Цішкевіч, Міхаіл Субач і Павел Вінаградаў прысуджаныя да абмежавання волі на 2 гады без накіравання для адбывання пакарання ў спецыяльныя ўстановы. Максім Дашук, як непаўнагадовы, прысуджаны да паўтарох год абмежавання волі.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках