25 лiстапада 2024, панядзелак, 7:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юры Лявонаў: «Усё абвінавачванні супраць нас – абсурдныя»

10
Юры Лявонаў: «Усё абвінавачванні супраць нас – абсурдныя»

Першае інтэрв'ю на волі палітвязень Юры Лявонаў даў сайту www.charter97.org. Прадпрымальніка вызвалілі 8 жніўня пад падпіску аб невыяздзе.

Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага. 18 лютага прадпрымальнікам было прад'яўлена абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» узбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13).

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

-- Юры, на якой падставе вас вызвалілі?

-- Мяне вызвалілі на падставе таго, што следчыя дзеянні ў межах крымінальнай справы нібыта скончаныя. З мяне ўзялі падпіску аб невыяздзе. Будзем спадзявацца, што да суду застануся на волі. Ва ўсялякім выпадку да першага паседжання суду.

-- Калі можа прайсці суд?

-- Паколькі следства па справе падоўжанае на 2 месяцы, дык тэарэтычна магчыма, што яго перададуць у суд 8 кастрычніка, а яшчэ праз паўтары месяцы, магчыма, пачнецца працэс.

-- Якія следчыя дзеянні з вамі рабіліся? Адвакаты паведамлялі, што пасля арышту вас практычна не выклікалі на допыты.

-- Пра Асіпенку і Аўтуховіча не ведаю, а што датычыць мяне – допыты праводзіліся. Праўда, не вельмі інтэнсіўна, мякка кажучы. Быў допыт, калі прад'яўлялі абвінавачванні, 18 лютага. Потым да канца траўня мяне не выклікалі. Потым у чэрвені. І ў ліпені зноў нічога не адбывалася. Скажам так, выклікалі на допыты не больш за 5 разоў за паўгады.

-- І што цікавіла следчых на допытах?

-- На жаль, я вызвалены з падпіскай аб неразгалошванні таямніцы следствы. Так і напішыце, каб паплечнікі адтуль зразумелі. Маё прывітанне ім з волі.

-- Можаце нагадаць, як Вас арыштоўвалі 8 лютага 2009 года? Гэта быў сілавы захоп?

-- Прыгожа арыштоўвалі. У 6 гадзінаў раніцы 8 чалавек спецпадраздзялення «Алмаз» паставілі на вушы ўвесь пад'езд. Я жыву на 5 паверсе. Кватэра ў мяне невялікая, таму ў ёй адразу стала вельмі цесна. Паказалі мне пастанову на ператрус, падпісаную пракурорам. Пры гэтым не сказалі, што шукаюць. За паўтары гадзіны са мной управіліся і павезлі ў Менск. Транспартавалі мяне асобна. З Мікалаем Аўтуховічам і Уладзімірам Асіпенкам мы адзін аднаго не бачылі. За выключэннем выпадковых сустрэчаў у турме.

-- А як гэта адбывалася?

-- Выпадкова сустрэўся з Мікалаем Аўтуховічам у калідоры следчага ізалятара. Дзесьці ў канцы сакавіка-пачатку красавіка. Мы змаглі толькі паглядзець адзін на аднаго.

-- Вы ведаеце што-небудзь пра стан Аўтуховіча і Асіпенкі?

-- Я ведаю пра іх стан толькі з матэрыялаў газетаў, якія прыходзілі мне ў камеру.

-- Як вы ацэньваеце прад'яўленыя вам абвінавачвання ў падпалах хатаў ваўкавыскіх чыноўнікаў?

-- Абсалютна абсурдныя абвінавачванні, якія нічога не маюць пад сабой рэальнага. Тое, што мне спрабавалі прад'явіць следчыя – абсалютна смешна і недарэчна. Гэтае не доказы. Казаць і прыдумляць можна ўсё, што заўгодна.

-- Вы ведаеце, што па вашай справе затрымліваліся дырэктарка фірмы «Ніка-таксі 22222» Людміла Парэмская і былы «афганец» Канстанцін Уланаў?

-- Чуў, чытаў і дзівіўся. Паняцця не маю, якім бокам яны могуць мець дачыненне да ўсяго што, адбываецца.

-- З іх маглі выбіваць паказанні супраць вас, Асіпенкі і Аўтуховіча?

-- Не выключаю гэтага. Улічваючы, хто і якія паказанні давалі супраць мяне – я нічога не выключаю. Але хто даваў, не скажу – таямніца следства.

-- А як вы ацэньваеце ўзбуджэнне супраць Мікалая Аўтуховіча другой крымінальнай справы – падрыхтоўка тэракту?

-- Гэта такі ж поўны абсурд, як і першая крымінальная справа.

-- З чым вы звязваеце пераслед вас і вашых калегаў з Ваўкавыска?

-- Можна звязваць са шмат якімі момантамі. З нашай прадпрымальніцкай дзейнасцю, з тым, што мы шмат гадоў змагаліся за свой бізнэс і насалілі шмат якім чыноўнікам.

Я удзельнічаў у выбарчай кампаніі ў 2004 годзе, калі Аўтуховіч вылучаўся ў дэпутаты, быў кіраўніком яго выбарчага штаба. Але наогул, хачу сказаць, што ў нас эканоміка і палітыка цесна пераплятаюцца. Пра гэта не трэба забывацца.

-- За паўгады, што вы сядзелі ў турме, у Беларусі прайшлі сотні акцыяў салідарнасці з вамі, Мікалаем Аўтуховічам і Уладзімірам Асіпенкам. Што б вы сказалі гэтым людзям?

-- Перадайце, калі ласка, маю шчырую падзяку тым, хто не спалохаўся, знайшоў час, мужнасць і сілы, каб праводзіць акцыі салідарнасці. Вашую падтрымку я адчуваў, і гэта вельмі дапамагала.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках