26 лiстапада 2024, aўторак, 4:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускіх апазіцыянераў выключаюць з расейскіх вну, каб гвалтоўна адправіць у армію

13

10 жніўня гомельскага актывіста «Маладога фронту» Андруся Цянюту затрымалі ля пад'езда яго дома супрацоўнікі міліцыі і павезлі ў ваенкамат.

Андрусь Цянюта меў адтэрміноўку ад службы ў арміі ў сувязі з навучаннем у Бранскай сельскагаспадарчай акадэміі.

24 ліпеня да яго прыйшла позва, у якой казалася, што ён павінен з'явіцца ў ваенкамат для праходжання вайсковай службы. У адказ Цянюта адправіў даведку, што з'яўляецца студэнтам Бранскай сельскагаспадарчай акадэміі. Аднак неўзабаве атрымаў адказ з ваенкамата, што з вну яго адлічылі.

Моладзевы актывіст патэлефанаваў у вну і яго запрасілі прыехаць. У акадэміі яму сказалі, што яго адлічваюць з-за запазычанасцяў: паўтары гады таму ён нібыта не здаў залік па адным з прадметаў.

Аднак, па словах Цянюты, усе залікі ён здаваў, што можа пацвердзіць ведамасць. У прыватнай гутарцы выкладчыкі патлумачылі моладзеваму актывісту, што адлічэнне звязанае з яго палітычнай дзейнасцю.

Карэспандэнт сайта www.charter97.org змог датэлефанавацца да Андруся Цянюты (на працягу гадзіны сотавы тэлефон моладзевага актывіста не адказваў).

«Сёння ўдзень я выйшаў з дома, і мяне адразу затрымалі супрацоўнікі міліцыі, -- кажа Андрусь Цянюта. -- Мяне даставілі ў ваенкамат, склалі пратакол і правялі тлумачальную гутарку. Уручылі позву на гэтую пятніцу для праходжання медагляду. Не ведаю, ці могуць мяне зараз забраць у армію пасля таго, як скончыўся прызыў? Сваё адлічэнне лічу палітычна матываваным. У мяне не было запазычанасцяў перад універсітэтам, а мая куратарка у прыватнай гутарцы сказала, што «няма чаго было лезці ў палітыку». Усё гэта ўкладваецца ў тую кампанію, якая сёння праходзіць у Беларусі. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў улады хочуць пазбавіцца ад актыўных моладзевых актывістаў».

Сузаснавальнік партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Павал Севярынец сачыў за «прызываў» Андруся Цянюты. У інтэрв'ю сайту www.charter97.org ён выказаў меркаванне, што прызыў моладзевага актывіста палітычна матываваны.

«У акадэміі Цянюту ўручылі даведку аб ягоным адлічэнні нібыта за «непаспяховасць». Яму сказалі, што адлічваюць за залік, які ён не здаў паўтары гады таму. Аднак Цянюта ўсе залікі здаваў, гэта пацвярджае ведамасць. Як у такім выпадку ён паўтары гады правучыўся на платным аддзяленні з нездадзеным залікам? -- пытаецца Павал Севярынец. -- У прыватнай гутарцы яму сказалі, што адлічэнне звязанае з яго палітычнай дзейнасцю. Цянюту патлумачылі: «Калі б ты не займаўся «глупствам», працягваў бы вучыцца». Тое ж самае сказалі і яго маці, якая прыязджала ў Бранск разам з сынам. Да таго ж, можна сказаць, што афіцыйнага дакумента аб адлічэнні Цянюты дагэтуль няма. У даведцы аб адлічэнні павінна стаяць чатыры подпісы: рэктара, дэкана, галоўнага бухгалтара і начальніка канцылярыі. Аднак у даведцы, якую выдалі Цянюту, стаіць толькі подпіс начальніка канцылярыі, і нават няма пячаткі».

Павал Севярынец заяўляе, што прызыў у армію Андруся Цянюты сфабрыкаваны.

«Застаецца шмат адкрытых пытанняў. Чаму Цянюта даведаўся аб адлічэнні з ваенкамата, хаця даведка падпісаная за 16 чэрвеня? Чаму так доўга правучыўся з «запазычанасцю»? Яму і яго маці наўпрост сказалі ў вну: «У сувязі з тым, чым ты займаешся, і што пішаш у інтэрнэце, лепш паслужы ў арміі. Можа, гэта табе дадасць розуму». Да таго ж, прызыў ужо скончыўся, і прысяга таксама прайшла. Так што, магчыма, для яго арганізуюць асобную прысягу. Я не выключаю, што Цянюту адлічылі, дзякуючы дзейнасці беларускіх спецслужбаў. Ёсць усёткі нешта агульнае ў Расеі і Беларусі: і там, і тут душаць дэмакратыю. Хвалёны «саюз Беларусі і Расеі» знайшоўся дзесьці пад Бранскам».

Андруся Цянюту неаднаразова прысуджалі да штрафаў і адміністрацыйных арыштаў за сваю палітычную дзейнасць. У траўні 2009 года разам з іншымі моладзевымі актывістамі ён трымаў галадоўку салідарнасці з палітвязнямі Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым і Уладзімірам Асіпенкам.

Адзначым, што супраць моладзевых актывістаў у Беларусі з нядаўняга часу дзейнічае так званы «палітычны прызыў».

Зміцер Жалезнічэнка быў першым моладзевым актывістам, якога гвалтоўна прызвалі ў армію. Гомельскага актывіста «Моладзі БНФ» гвалтоўна забралі ў армію 25 студзеня 2008 года. Апазіцыянер быў двойчы адлічаны з Гомельскага дзяржуніверсітэта ім. Ф.Скарыны. Падчас навучання быў выдатнікам і не прапускаў заняткаў без паважлівай прычыны. Першае адлічэнне ў верасні 2007 годы актывіст дэмакратычных сілаў абскардзіў у судзе і 16 студзеня дамогся ўзнаўлення ў вну, але праз чатыры дні ізноў быў адлічаны і адпраўлены ў армію.

У студзені 2009 года падобная сітуацыя паўтарылася з актывістамі «Маладога Фронту» Іванам Шылам і Зміцерам Хведаруком, а таксама з лідэрам «Моладзі БНФ» Франакам Вячоркам. Моладзевых актывістаў накіравалі ў армію, нягледзячы на медыцынскія паказанні.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках