25 лiстапада 2024, панядзелак, 13:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шушкевіч: «Выказаць сваё меркаванне я магу і без асабістай сустрэчы з Горданам»

13
Шушкевіч: «Выказаць сваё меркаванне я магу і без асабістай сустрэчы з Горданам»

14 жніўня адбудзецца візіт памочніка дзяржсакратара ЗША па пытаннях Еўропы і Еўразіі ў Беларусь.

Па паведамленнях прэс-службы амбасады ЗША, Філіп Гордан мае намер сустрэцца з прадстаўнікамі ўладаў і апазіцыі.

Распавесці пра магчымую сустрэчу з памочнікам дзяржсакратара ЗША Euramost.org папрасіў былога старшыню Вярхоўнага Савета Беларусі, кіраўніка Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслава Шушкевіча.

-- Ці атрымалі вы запрашэнне на магчымую сустрэчу Філіпа Гордана з прадстаўнікамі дэмакратычны сілаў Беларусі?

-- Не. Я наогул абсалютна нічога не ведаю пра гэтую сустрэчу.

-- Магчыма, запросяць у апошні момант? Як наогул дамаўляюцца з лідэрамі нашай апазіцыі пра падобныя сустрэчы з высокапастаўленымі гасцямі з Захаду?

-- Ведаеце, у нас так шмат людзей, якія ўвесь час кажуць пра сваю апазіцыйнасць, пра барацьбу, якую яны нібыта вядуць з рэжымам, што, можа, сустрэчы імі і абмяжоўваюцца. Што ж датычыць ЗША, дык асабіста я ні з кім з гэтай краіны не кантактаваў.

-- Дзіўна, складвалася іншае ўражанне. Асабліва на фоне вашых крытычных выказваннях пра палітыку Еўразвяза ў дачыненні да Беларусі – вы заўсёды ў прыклад еўрапалітыкам ставілі прынцыповую пазіцыю па гэтым пытанні іх амерыканскіх калегаў…

-- Пачнем з таго, што працоўны візіт – гэта не масоўка, не вясёлая пагулянка. Ён вырашае пэўныя пытанні. Відавочна, у яго ёсць пэўныя пытанні да ўлады. Іншымі словамі, я нічога пра гэты візіт не ведаю, ніякіх сігналаў пра магчымую сустрэчу мне не было. І ні ад каго са сваіх калегаў я не чуў, што хтосьці нешта пра гэта ведае.

-- Але калі ўсёткі гэтая сустрэча адбудзецца, вы маеце што сказаць Гордану?

-- Калі я нешта хачу сказаць, дык знаходжу спосаб зрабіць гэта і без такога непасрэднага кантакту. Напрыклад, нядаўна мне патэлефанавала Івонка Сурвіла і мы, зразумеўшы, што ў апошні час ЗША зусім забылі пра Беларусь, накіравалі ліст прэзідэнту Абаме. Выказалі сваё разуменне сітуацыі, і папрасілі новую адміністрацыю не забываць пра нас. Яны нешта наогул не выяўляюць ніякай актыўнасці ў дачыненні да краінаў, якія знаходзяцца па-за межамі Еўразвяза.

-- Нейкая нерадасная для дэмсілаў сітуацыя: ЗША пра Беларусь забыліся, а Еўразвяз усё больш глядзіць у бок адміністрацыі Лукашэнкі…

-- Я больш нездаволены пазіцыяй нашых мясцовых апазіцыянераў, якія ўвесь час раяць Еўразвязу перавыхаваць Лукашэнку. Да прыкладу, той жа Мілінкевіч. Раней я лічыў, што ён дзейнічае правільна і годна, але цяпер, калі ён рыхтуецца да ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах і сканцэнтраваўся на наладжванні дыялогу з уладай, я сваё стаўленне да яго змяніў. Улада не паважае тых, хто хоча з ёй размаўляць, але не мае для гэтага падставаў. Мне такая пазіцыя не падабаецца. Што ж датычыць Еўразвяза… Яны нас слухаюць. А мы часта выказваем ім сваю незадаволенасць іх пазіцыяй. І яны яе змяняюць. А зараз, калі на чале парламента Еўразвяза стаў Ежы Бузек, які вельмі добра разумее, што адбываецца ў Беларусі, сітуацыя можа палепшыцца кардынальна.

-- Дарэчы, пра Ежы Бузека: у Мілінкевіча атрымалася першым наладзіць з ім кантакт і нават запрасіць на свой еўрапейскі форум.

-- Я таксама магу даслаць яму ліст і запрасіць куды-небудзь! Але наўрад ці ён знойдзе час для таго, каб прыехаць у Беларусь на гэты форум. Гэта трэба не Бузеку, а Мілінкевічу. Паказаць, які ён разумны і як ён кантактуе з Ежы Бузекам. Гэта не болей, чым піяр-акцыя.

-- Дарэчы, пра будучыя прэзідэнцкія выбары: вы вызначыліся з тым, якім чынам будзеце ў іх прымаць удзел?

-- Неўдзел немагчымы пры любой сітуацыі. Гэта азначала б махнуць рукой і пагадзіцца з тым паганым становішчам, у якім мы знаходзімся. Мы катэгарычна настойваем на зменах Выбарчага кодэкса, і тлумачым Еўропе, што інакш быць не можа. І тыя жа Ферэра-Вальднер і Салана сказалі, што калі да лістапада не будзе зменаў, дык яны зоймуць зусім іншую пазіцыю ў дачыненні да Беларусі. Спадзяюся, гэтым разам яны будуць прытрымвацца тых абяцанняў, якія далі.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках