26 лiстапада 2024, aўторак, 3:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскіх журналістаў арыштавалі і дэпартавалі з Беларусі (Абноўлена)

48

Здымачная група тэлеканала НТВ здымала ў Менску фільм пра зніклых палітыкаў.

Аляксей Малкаў і Юры Бабенка былі затрыманыя 14 жніўня ў гатэлі Міжнароднага адукацыйнага цэнтра (IBB), дзе яны спыніліся.

Як стала вядома сайту www.charter97.org, у 19.00 журналістаў вывелі з іх нумара супрацоўнікі спецслужбаў у цывільным. Гэтыя ж людзі выпісалі Малкава і Бабенку з гатэля. Паводле папярэдняй інфармацыі, журналістаў адвезлі ў Маскоўскі РУУС.

Вядома, што супрацоўнікі НТВ узялі інтэрв'ю ў жонкі выкрадзенага віцэ-спікера Вярхоўнага Савета Беларусі Віктара Ганчара, Зінаіды Ганчар, а таксама ў маці зніклага журналіста Дзмітрыя Завадскага Вольгі Завадскай.

Затрыманых расейскіх журналістаў абвінавацілі ў працы без акрэдытацыі Міністэрства замежных справаў РБ.

Уначы 15 жніўня расейскую здымачную групу адвезлі ў менскі аэрапорт і прымусілі пакінуць тэрыторыю Беларусі.

Па законе, да журналістаў могуць быць ужытыя санкцыі: складанне пратаколу, канфіскацыя апаратуры і забарона на ўезд у краіну на 5 гадоў. Пакуль невядома, якая з мераў была ўжытая да карэспандэнтаў НТВ.

Нагадаем, што гэта не першы выпадак дэпартацыі з Беларусі расейскіх журналістаў. У 2003 годзе за крытычныя сюжэты пра беларускія ўлады з краіны быў дэпартаваны кіраўнік карпункту НТВ у Беларусі Павал Селін. Яму быў забаронены ўезд у Беларусь на 5 гадоў. Яшчэ раней, у 1996 годзе, з краіны з той ж прычыны быў высланы журналіст НТВ Аляксандр Ступнікаў.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках