25 лiстапада 2024, панядзелак, 13:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зарплаты мусяць зменшыцца яшчэ на 30-40%

13

У выніку толькі дэвальвацыі за паўгады сярэднія намінальныя зарплаты беларусаў паменшыліся амаль на 100 даляраў.

Афіцыйная статыстыка абвяшчае, што ў чэрвені сярэдняя намінальная зарплата склала 1 млн. 15 тыс. рублёў. Гэта на 3,6% больш, чым у траўні, і прыкладна на 1,5% вышэй, чым у снежні 2008 года. Аднак рэальная зарабатная плата (разлічаная з улікам росту спажывецкіх коштаў) за мінулы год (з чэрвеня 2008-га па чэрвень 2009-га) практычна не змянілася. Рост склаў толькі 0,1%.

Па меркаванні эканаміста Леаніда Заіка, перадумоў для росту зарабатнай платы сёння няма: экспарт зваліўся амаль у два разы, удвая скарацілася і валютная выручка. «Зарплаты павінны паменшыцца на 30-40%. Гэта будзе справядліва», — сказаў эканаміст «Беларускім навінам».

На яго думку, урад, павялічваючы зарплату, раздзімае мыльную бурбалку: «Сёння 80% прадпрыемстваў з-за адсутнасці адваротных сродкаў, замарожаных у прадукцыі, якая ляжыць на складах, плацяць зарплаты працаўнікам за кошт банкаўскіх крэдытаў. Банкі, у сваю чаргу, выдаюць на гэтыя мэты ўклады насельніцтва».

Леанід Заіка лічыць, што рана ці позна праблемы паўстануць, таму ўрад і надалей будзе браць знешнія пазыкі, нарошчваючы дзяржаўную пазыку. Таксама кіраўніцтву краіны прыйдзецца прадаваць «фамільнае срэбра» па невыгодным кошце.

Аднак, падтрымліваючы рост прыбыткаў, урад разлічвае, што гэта падгоне пакупальніцкі попыт, што прывядзе да ажыўлення галін, што вырабляюць тавары шырокага спажывання.

Па першапачатковых планах Саўміна, зарплата беларусаў у рэальным выражэнні па выніках 2009 года павінна была ўзрасці на 18% (у 2008 годзе рост склаў 25,1%). Аднак па рэкамендацыі Міжнароднага валютнага фонда, які даў стабілізацыйны крэдыт, Беларусь вымушаная была пераглядзець планы. Прырост зарплаты ў дзяржарганізацыях і на прадпрыемствах з пераважнай доляй дзяржавы ў статутных фондах абмежаваны на 2009 год пяццю адсоткамі, каб скараціць дзяржвыдаткі і дамагчыся па выніках года бездэфіцытнага бюджэту.

Леанід Заіка лічыць, што стымуляванне ўнутранага попыту за кошт павелічэння прыбыткаў насельніцтва дарэчы толькі ў тым выпадку, калі прадукцыю, што вырабілі, купляюць. У Беларусі ж назіраецца адваротная сітуацыя: на складах знаходзіцца амаль месячны запас прадукцыі.

Аднак калі ў рублях зарплаты нават з улікам інфляцыі ў параўнанні з мінулым годам не знізіліся, то ў даляравым выражэнні прыбыткі прыкметна паменшыліся. З-за студзеньскай 20-адсоткавай дэвальвацыі і наступнага павольнага падзення курсу рубля (за паўгады ён знізіўся да даляра амаль на 30%) намінальная зарплата беларусаў скарацілася за шэсць месяцаў амаль на 100 даляраў: з 454 у снежні 2008-га да 357,5 у чэрвені гэтага года. У параўнанні з чэрвенем мінулага года падзенне ледзь менш: 63 даляры.

Зрэшты, Нацбанк спрабуе адвучыць беларусаў ад звычкі пералічваць свае прыбыткі ў валютны эквівалент, распачаўшы шэраг мер па дэдаларызацыі эканомікі. Так, забаронена выдаваць валютныя крэдыты фізасобам, а таксама разлічвацца валютай на аўтазаправачных станцыях.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках