25 лiстапада 2024, панядзелак, 10:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрый Лявонаў: «Бізнэсоўцы, не маўчыце. Вас усё роўна не пакінуць у спакоі» (Відэа)

12
Юрый Лявонаў: «Бізнэсоўцы, не маўчыце. Вас усё роўна не пакінуць у спакоі» (Відэа)

Прадпрымальнік даў першую прэс-канферэнцыю пасля вызвалення з менскага СІЗА.

Сёння на прэс-канферэнцыі Юрый Лявонаў не змог пракаментаваць узбуджэнне супраць яго і яго калегаў новых крымінальных спраў, паколькі даў падпіску пра неразгалошванне таямніцы следства. Тым не менш, усё абвінавачванні ён назваў «абсурднымі» і «неабгрунтаванымі».

Змену меры ўтрымання ён звязвае з падвышанай увагай да справы прадпрымальнікаў сродкаў масавай інфармацыі, абмасадаў Еўразвяза і ЗША у Беларусі. «Бясспрэчна, гэта згуляла сваю ролю, таму што больш ліберальным следства не стала», — адзначыў Лявонаў.

Палітвязень нагадаў, з чаго пачаўся крымінальны пераслед ваўкавыскіх прадпрымальнікаў.

«Судовая сістэма, а таксама органы следства ў сілавых структурах Беларусі не адпавядаюць нормам міжнароднага права і не з'яўляюцца незалежнымі, не абараняюць правы простага грамадзяніна. У заканадаўстве замацаваныя дзве нормы – прэзумпцыя невінаватасці і ўнутранае перакананне суда. Але гэтыя нормы сёння не дзейнічаюць. З чаго пачаўся наш пераслед? З дэкрэта Аляксандра Лукашэнка №4 аб абмежаванні колькасці працаўнікоў у індывідуальных прадпрымальнікаў. Дэкрэт увайшоў у сілу ў траўні 2003 года.

У той час у фірме Мікалая Аўтуховіча, які валодае службай таксі, працавала каля 60 наёмных працаўнікоў. Паўстала пытанне: што рабіць? Мы прааналізавалі тэкст гэтага дакумента і прыйшлі да высновы, што працяг працы магчымы, не выконваючы пункт дадзенага дэкрэта аб абавязковасці стварэння на базе ІП камерцыйнага прадпрыемства. У той час я кіраваў прадпрыемствам «Ніка-транс», якое займалася грузавымі перавозкамі, і мы заключылі дамову аб аказанні паслуг па кіраванні транспартнымі сродкамі. Каля 60 чалавек, якія працавалі ў індывідуальнага прадпрымальніка, звольніліся і былі законна аформленыя на прадпрыемства «Ніка-транс», то бок працавалі на мяне і надалей. Юрыдычна гэта схема, якая ў далейшым была названая міністрам па падатках і зборах Сумарам «шэрай», насамрэч такой не з'яўляецца. Яна не супярэчыла па стане на 2003 год нашаму заканадаўству, і мы не адныя ў Беларусі выкарыстоўвалі дадзены тып дамоў. Аднак прэтэнзіі ўзніклі непасрэдна да нас. На фірме пачаўся шквал праверак, затым суды і нас арыштавалі.

Чаму? Таму што Мікалай Аўтуховіч – сапраўды чалавек мужны, валявы, здольны прымаць рашэнні, адстойваць іх і змагацца. Чым мы, уласна кажучы, пачынаючы з 2003 года, і займаемся. Адстойваем свае правы», -- адзначыў Юрый Лявонаў.

Як сцвярджае Лявонаў, ні водны дзяржаўны орган, у які звярталіся прадпрымальнікі, — ні Вышэйшы гаспадарчы суд, ні Генеральная пракуратура, ні Міністэрства па падатках і зборах, не далі прадпрымальнікам абгрунтаваных адказаў на іх скаргі на парушэнні заканадаўства, дапушчаныя падчас расследаванняў іх справы.

«Я лічу, што другі судовы працэс пойдзе па такім самым сцэнары. Не будзе суддзя ўлічваць прэзумпцыю невінаватасці, і сваё ўнутранае перакананне суддзя пакладзе не на наш бок, а менавіта на чашу вагаў следчых органаў. Не будзе суд разглядаць аргументы абароны, гэтаксама, як гэта было і на першым судовым працэсе. Нам было заяўлена абсалютна адкрыта, што суд не бачыць неабходнасці далучэння да справы матэрыялаў абароны. Вось не бачыць неабходнасці, і ўсё», — сказаў Лявонаў.

Як чалавек, які пачаў у Беларусі сваю справу, а потым згубіў яе і двойчы трапіў за краты, прадпрымальнік звярнуўся да іншых бізнэсоўцаў Беларусі. Тым больш, па яго словах, гэта актуальна, улічваючы арышты прадпрымальнікаў, які пачасціліся ў краіне.

«Мне б хацелася сказаць беларускім прадпрымальнікам – не маўчыце. Тыя праблемы, якія ўзнікаюць у вас, нельга ні ў якім разе замоўчваць. Нельга спадзявацца, што калі мы сёння прамаўчым, заўтра, можа быць, нас пакінуць у спакоі. Не пакінуць. Трэба гучна казаць пра гэтыя праблемы, трэба аб’ядноўвацца, трэба змагацца», - сказаў Юрый Лявонаў.

Беларускі бізнэс, на думку Лявонава, мусіць актыўна падтрымліваць беларускую дэмакратычную апазіцыю.

Каментуя на прэс-канферэнцыі арышт ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні аб’яднання ветэранаў вайны ў Афганістане «Абаронцы Айчыны» Аляксандр Камароўскі заявіў:

«Арышт Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенка – гэта шызафрэнія ўладаў і элемент запужвання грамадства, каб паказаць, як можна пакараць «ворагаў народа». Ну, а беларускім спецслужбам у мяне няма апраўдання, бо яны выконваюць загад, як і расейскія кілеры ў 1990-е гады. І ўся гэта агіднасць адбываецца на фоне эканамічнай сітуацыі ў краіне, якая ўскладняецца. Навошта гэтая канфрантацыя ў грамадстве?

Мы патрабуем міжнароднага разгляду спраў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава, Уладзіміра Асіпенкі. Калі там сапраўды ёсць склад злачынства, тады няхай іх судзяць, але адчыненым судом. Калі там «ліпа» найчысцейшай вады, тады судзіць улады трэба.

Людзей арыштавалі ні за што, а забойцаў Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара – патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі – не знайшлі за 10 год! Можаце сабе такое ўявіць, напрыклад, у ЗША? Ды там усіх бы на вушы паставілі, але забойцаў знайшлі б. А у нас - ніхто не панёс адказнасці», -- адзначыў Камароўскі.

Сёння ж стала вядома, што беларускія праваабаронцы звярнуліся да сусветнай грамадскасці з заклікам правесці незалежнае міжнароднае расследаванне спраў арыштаваных ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі, а таксама заклікаць улады Беларусі вызваліць усіх палітвязняў, уключна з актывістам арганізацыі «Малады Фронт» Арцёмам Дубскім.

Адпаведны зварот быў накіраваны прэзідэнту Злучаных Штатаў Амерыкі Бараку Абаме, дзеячаму старшыні Еўрапейскага Звязу, прэм’ер-міністру Швецыі Фрэдрыку Рэінфелдту, старшыні Еўрапейскай камісіі Жазэ Мануэлю Баррозу, прэзідэнту Расейскай Федэрацыі Дзмітрыю Мядзведзеву.

У лісце выказваецца ўпэўненнасць, што арышты і ўтрыманне пад вартай Аўтуховіча, Лявонава, Асіпенка і Дубскага палітычна матываваныя.

«Мы вельмі занепакоеныя тым, што ў апошнія месяцы з’явілася тэндэнцыя да падрыхтоўкі глебы для зачынення судовых слуханняў па справе прадпрымальнікаў. Нядаўна стала вядома, што ў чэрвені 2009 года запрошаны АБСЕ эксперт, доктар права Марцін Фінке, вывучаў справу прадпрымальнікаў з Ваўкавыска з пункту гледжання наяўнасці парушэнняў у сферы правоў чалавека і злоўжывання крымінальным працэсам. Калі перад д-рам Фінке сапраўды ставіліся такія пытанні, то яго даклад, які не адкрыты для грамадскасці, выклікае пэўныя сумневы з пункту гледжання поўнасці, паколькі падчас падрыхтовак дакладу д-р Фінке не сустракаўся з бокам абароны і, больш таго, па яго уласных словах, меў доступ толькі да часткі матэрыяльнай справы.

Мы асцерагаемся, што пры адсутнасці інфармацыі пра працу эксперта нават у абвінавачваных і іх адвакатаў, даклад д-ра Фінке можа быць выкарыстаны для таго, каб настроіць меркаванне міжнароднай супольнасці супраць М.Аўтуховіча, Ю.Лявонава і У.Асіпенка і дапамагчы апраўдаць зачыненне слуханняў.

Мы не сумняемся, што ў выпадку адчыненага судовага разгляду абсурднасць абвінавачванняў, прад'яўленых М.Аўтуховічу, Ю.Лявонаву і У.Асіпенка, стане відавочна. Менавіта таму для следства неабходна правесці слуханні справы ў зачыненым рэжыме, пазбавіўшы прадпрымальнікаў з Ваўкавыска адзінай магчымасці даказаць сваю невінаватасць», - гаворыцца ў звароце.

Нагадаем, што Юрый Лявонаў быў арыштаваны 8 лютага ў Ваўкавыску разам з прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам і Уладзімерам Асіпенкам. 18 лютага прадпрымальнікам было прад’яўлена абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асоб» узбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13).

Лявонаў быў вызвалены з-пад варты 8 жніўня. У дачыненні да яго спыненыя следчыя дзеянні. Як чакаецца, судовы працэс па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў можа распачацца ў лістападзе.

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртая ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо мелі судзімасць і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках