25 лiстапада 2024, панядзелак, 10:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія СМІ: Улады Беларусі сарвалі ваенныя вучэнні АДКБ

17
Расейскія СМІ: Улады Беларусі сарвалі ваенныя вучэнні АДКБ

АДКБ так і не атрымалася дамовіцца з Менскам аб правядзенні ваенных вучэнняў, запланаваных на 19 жніўня, паведамляюць сёння расейскія газеты.

Пра тое, што тэрмін правядзення буйнамаштабных вучэнняў Калектыўных сілаў аператыўнага рэагавання (КСАР) Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) «Узаемадзеянне-2009» пераносіцца, паведаміла расейскім СМІ крыніца ў Сакратарыяце Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы АДКБ.

Нагадаем, пачатак вучэнняў Калектыўных сілаў аператыўнага рэагавання быў запланаваны на сераду, 19 жніўня ў Казахстане. У міністэрстве абароны Казахстана пацвердзілі перанос тэрміна правядзення мерапрыемства. «Дату ў цяперашні час бакі ўзгадняюць», – патлумачыў прадстаўнік абароннага ведамства. Галоўная мэта вучэнняў, якія не адбыліся – прадухіленне сумеснымі высілкамі, а пры неабходнасці – ліквідацыя ваеннай пагрозы суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаваў-удзельніцаў АДКБ. Меркавалася, што актыўная фаза вучэнняў пройдзе 14 кастрычніка 2009 года з запрашэннем кіраўнікоў дзяржаваў-удзельніцаў АДКБ, піша расейская «Газета».

Рашэнне аб фармаванні КСАР было прынятае падчас пазачарговай сесіі Рады калектыўнай бяспекі 4 лютага гэтага года кіраўнікамі краінаў АДКБ: Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызтана, Расеі, Таджыкістана і Узбекістана.

АДКБ — ваенна-палітычны саюз, створаны дзяржавамі СНД на аснове Дамовы аб Калектыўнай Бяспецы (ДКБ), падпісанай 15 траўня 1992 года. Дамова працягваецца аўтаматычна кожныя пяць гадоў.

КСАР — сумесныя ваенныя сілы краінаў-удзельніцаў АДКБ. Мяркуецца, што Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання будуць у стане пастаяннай гатоўнасці для супрацьдзеяння надзвычайным сітуацыям, а таксама ваеннай агрэсіі, тэрарызму, арганізаванай злачыннасці і наркатрафіку. КСАР класіфікуюцца як аналог Варшаўскай дамовы, але ў «новым» выглядзе і пры новай грамадска-палітычнай фармацыі.

Аднак Пагадненне аб стварэнні КСАР было падпісанае 14 чэрвеня гэтага года ў Маскве на саміце АДКБ не ўсімі краінамі-удзельніцамі – Беларусь праігнаравала ўдзел у дакуменце. Менск адмовіўся падпісваць дакумент з-за так званай «малочнай вайны», якая разгарэлася ў той перыяд паміж Расеяй і Беларуссю. Тым не менш, усе неабходныя дамоўленасці па КСАР тады былі дасягнутыя, а Дзмітры Мядзведзеў паведаміў, што Беларусь далучыцца да дакумента пазней.

Апошні саміт АДКБ прайшоў на возеры Ісык-Куль у кіргізскім горадзе Чалпон-Аце 31 ліпеня. Там прысутнічалі ўсе краіны-удзельнікі, прыбыў і Аляксандр Лукашэнка. На Ісык-Кулі беларускі кіраўнік паабяцаў не толькі пры першай магчымасці падпісаць пагадненне па КСАР, але і заступіць на пасаду старшыні АДКБ, якую Менск павінен быў заняць яшчэ падчас чэрвеньскага саміту ў Маскве.

Праз тыдзень генеральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа паведаміў, што вучэнні КСАР, запланаваныя на 19 жніўня, адбудуцца – нягледзячы на тое, што Лукашэнка дагэтуль не падпісаў пагадненне аб іх стварэнні. Бардзюжа адзначыў, што юрыдычных перашкодаў для правядзення гэтых вучэнняў няма, таму што прэзідэнты астатніх дзяржаваў ужо падпісалі дакументы аб заснаванні КСАР. Аднак, як падкрэсліў Бардзюжа, пакуль Беларусь не далучыцца да пагаднення, КСАР нельга будзе лічыць сіламі АДКБ.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што Менск падпіша дакумент у хуткім часе, назваўшы затрымку з парафіраваннем «тэхнічнай». Аднак аналітыкі тады выказалі ў гэтым сумнеў.

«Затрымка з падпісаннем пагаднення па стварэнні КСАР – зусім не тэхнічная. Беларусь проста гандлюецца з Расеяй. Калі б яна не працягвала гандлявацца, дакумент можна было падпісаць яшчэ на Ісык-Кулі. Калі б былі тэхнічныя праблемы, усё гэта было б вырашана дастаткова хутка. Прынамсі, былі б зразумелыя тэрміны гэтага падпісання», – сказаў віцэ-прэзідэнт Цэнтра палітычных тэхналогіяў Аляксей Макаркін.

Адзначым, што ўчора павінны былі прайсці вучэнні АДКБ, а вучэнні ўласна КСАР запланаваныя на кастрычнік, месца іх правядзення – Казахстан. Калі Лукашэнка і далей не будзе ставіць свой подпіс пад пагадненнем аб КСАР, кастрычніцкія манеўры юрыдычна не будуць мець адносіны да АДКБ.

Тым не менш, сакратарыят ужо будуе планы па падрыхтоўцы войскаў КСАР. Бардзюжа заявіў, што ў наступным годзе вучэння могуць прайсці ў Арменіі, нягледзячы на тое, што АДКБ раней збіралася іх праводзіць раз у два гады з-за эканамічнага крызісу.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках