25 лiстапада 2024, панядзелак, 13:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Заіка: Рубель усё роўна прыйдзецца дэвальваваць

39

Высілкі ўладаў па ўтрыманні курсу беларускага рубля марныя.

«Мы бярэм грошы ў МВФ - і ўлады ў якасці крытэра ацэнкі сваёй працы абралі стабільнасць абменнага курсу. Я б сказаў, што гэта няправільны рэжым - трэба было дэвальваваць беларускі рубель прыкладна на 3-5% у месяц. Таму што практычна мы не можам захаваць нейтральны гандлёвы баланс. Адзін прыклад - у гандлі з Расеяй кожны месяц мы прайграем $750 млн. Які можа быць пры гэтым стабільны абменны курс? Нават калі расейцы нам дадуць $500 млн. крэдыту, дык гэтага не хопіць, каб нават на месяц збалансаваць наш гандлёвы баланс. Гэтую сітуацыю замоўчваюць, яе не разглядаюць. Да таго часу, пакуль існуе такі дысбаланс, дэвальвацыя будзе проста неабходная. Яна і ідзе паступова - гэта відаць на коштах. Я думаю, што дэвальвацыя выльецца ў больш бачныя формы крыху пазней», - заявіў кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка, адказваючы на пытанні чытачоў «Белгазеты».

Эканаміст лічыць, што Расея не павінна выдаваць уладам Беларусі новыя крэдыты.

«Калі Расея абмежавала набыццё беларускага малака, дык гэта ўжо пагражала $1 млрд. стратаў. На месцы Расеі гэтыя $500 млн. я б наогул не выдаваў беларусам, таму што гэтыя грошы ідуць на падтрымку абменнага курсу. Трэба было беларускі рубель дэвальваваць - а яго трымаюць, на гэта спальваюцца грошы. Навошта? Проста дзеля таго, каб надзімаць шчокі і казаць, што ў нас стабільная сітуацыя. Таму лепш было б, каб расейцы грошы не давалі - тады нам не прыйдзецца іх аддаваць», - адзначыў Заіка.

Эксперт пракаментаваў заявы беларускіх чыноўнікаў, якія сцвярджаюць, што эканамічная сітуацыя ў Беларусі нібыта не настолькі крытычная, як у іншых краінах свету.

«У Беларусі становішча лепш таму, што людзі проста не разумеюць, што адбываецца. Гэтым летам, месяц таму, я праехаў амаль усю Еўропу - Варшаву, Прагу, Берлін, Фюрстэнвальдэ, Шчэцін, Гданьск, Калінінград, Вільню - і калі ўехаў у Беларусь па полацкай дарозе, дык там мяне сустрэлі два феномены: ДАІ, якое на чыстай дарозе шырынёй з ўзлётную паласу для МІГ-32 ці СУ-25 паставіла знак «40 км», і нашыя сельскія крамачкі, асартымент якіх мала чым адрозніваўся ад асартыменту 1985г. - толькі, можа, усякай каляровай вады там стала больш.

У Беларусі проста не ведаюць, што ў нас у крызіс, палова экспарту знікла, г. зн., мы зараз у два разы менш атрымліваем валютнай выручкі; не ведаюць, што за першыя чатыры месяцы экспарт калійных угнаенняў у фізічным аб'ёме знізіўся ў шэсць разоў. Але яны ведаюць, што медалі і ордэны атрымалі будаўнікі новай вытворчасці калійнага камбіната. Экспарт знізіўся ў шэсць разоў, а там ўводзяць новыя магутнасці. Беларусы думаюць, што справы ідуць добра. Пры гэтым не ведаюць, што кошты на нашыя тавары за мяжой знізіліся на 30% - а ўнутры краіны за год узняліся на 15%. Вось калі беларусам з раніцы да вечара ўсе будуць казаць, што беларускія тавары - тыя ж тавары, якія мы купляем, для замежнікаў сталі танней на 30%, а для сваіх - на 15% даражэй, дык тады беларусы спытаюць: «Што гэта такое? Дзе гэта мы жывем?» Гэта крызіс эканамічнай палітыкі, крызіс улады», - заявіў Заіка.

«Калі гэта не крах, дык як можна назваць тое, што на гадзіннікавым заводзе запасы прадукцыі на 2,5 гады? Як можна назваць тое, што беларусы плацяць за бензін у 2 разы больш, чым амерыканцы? Напрыклад, у Чэхіі, якая знаходзіцца на адлегласці 1 тыс. км ад Беларусі і дзе такое ж насельніцтва, 10 мільёнаў, зараз зарплата складае 1 тыс. еўра ў месяц - і ў нас магло б быць столькі», -- упэўнены эканаміст.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках