25 лiстапада 2024, панядзелак, 21:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вернікі «Новага жыцця» адмаўляюцца браць грошы ад уладаў

4

Працягваецца супрацьстаянне вернікаў пратэстанцкай царквы «Новае жыццё» і менскіх уладаў вакол будынка гэтага рэлігійнай супольнасці.

З 21 жніўня храм «Новага жыцця» юрыдычна належыць Менгарвыканкаму, перадае «Радыё Свабода».

Улады абвінавацілі вернікаў у тым, што тыя перашкаджаюць забудове мікрараёна і ставяць сваё жыццё пад пагрозу. Вернікі не выключаюць прымусовага высялення.

На рахунак пратэстанцкай супольнасці «Новае жыццё» паступіла грашовая кампенсацыя за адабраны малітоўны дом - 37,5 млн. рублёў. Вернікі адмовіліся браць прапанаваныя грошы. Яны ў трэці раз за чатыры гады вяртаюць іх на рахунак, з якога тыя паступілі. Юрыст царквы Сяргей Луканін адзначыў, што будынак плошчай 1 700 квадратных метраў улады ацанілі прыблізна ў 13 000 даляраў. Між тым самая танная аднапакаёвая кватэра ў сталіцы каштуе не менш за 30 000 даляраў.

На сходзе вернікі «Новага жыцця» вырашылі не аддаваць свой будынак. Яны не збіраюцца арганізоўваць акцыі пратэсту, бо вераць, што Бог заступіцца за іх, і яны застануцца ў сваім храме. Але пры гэтым яны вырашылі не ўпускаць у памяшканне царквы прадстаўнікоў улады і органаў назірання.

Тым часам кіраўнік аддзела па справах рэлігіяў Менгарвыканкама Ала Рабіцава заявіла, што вернікі з «Новага жыцця» праводзяць богаслужбы ў аварыйным будынку, зношанасць якога складае 72%. Адміністратар царквы, аднак, мае акт абследавання будынка, паводле якога зношанасць яго складае ўсяго 19%.

Акрамя таго, Ала Рабіцава заявіла, што храм перашкаджае забудове раёна, і абвінаваціла вернікаў у тым, што тыя адмаўляюцца атрымаць годную кампенсацыю за будынак.

Нагадаем, што вернікі царквы «Новае жыццё» набылі на ўскраіне Менска будынак і за свае грошы зрабілі ў ім рамонт. У 2005 годзе ўлады пазбавілі іх спачатку зямельнага надзелу, а потым і будынка. У выніку супольнасць не прайшла перарэгістрацыю, бо страціла юрыдычны адрас.

Вернікаў неаднаразова штрафавалі за несанкцыянаваныя богаслужбы. Пасля галадоўкі пратэсту ўлады паабяцалі ім вырашыць усе пытанні ў судзе. Але суды сталі на бок уладаў і пастанавілі будынак царквы адабраць на карысць Менскага гарвыканкама.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках