25 лiстапада 2024, панядзелак, 18:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі могуць зноў дазволіць таніроўку аўтамабілей

41

Магчыма, беларускім кіроўцам у хуткім часе прыйдзецца ездзіць днём з уключанымі фарамі, а дарожныя інспектары змогуць правяраць на алкаголь нават пешаходаў.

У Беларусі рыхтуюцца змены ў Правілы дарожнага руху, каб адаптаваць іх да еўрапейскіх стандартаў. Менавіта гэтага патрабуе новая рэдакцыя Венскай канвенцыі аб дарожным рухе, падпісаная нашай краінай. Яна пачне дзейнічаць з 29 сакавіка 2011 года. А да гэтага часу даішнікам прыйдзецца прыняць шэраг паправак.

Як распавяла «Еўрарадыё» начальнік аддзела агітацыі і прапаганды менскай ДАІ Жана Трайно, сярод іншага разглядаецца і пытанне таніроўкі шкла аўтамабілей, якая ў Беларусі на сённяшні дзень забаронена.

«Прынамсі, пытанне таніроўкі зараз абмяркоўваецца на ўсіх узроўнях. Мы сапраўды таксама разглядаем і гэта пытанне», -- заяўляе Жана Трайно.

Больш канкрэтна казаць пра магчымыя змены ў ДАІ адмаўляюцца, паколькі на бягучы момант усе папраўкі толькі абмяркоўваюцца. Па словах Жаны Трайно, туды ўваходзіць багаты пералік.

«Гэта тычыцца і грузавога транспарта, экзаменаў, рэгістрацыі. Але ўсё роўна гэта пакуль што абмяркоўваецца, і будзе прапанова ўносіцца ў ДАІ МУС, а яны ўжо будуць разглядаць і выбіраць асноўныя, галоўныя, узгадняць іх з Венскай канвенцыяй, відавочна, і ўжо накіроўваць заканадаўцам. Тыя катэгорыі, якія ў нас ёсць, - іх так, крыху падвесці бліжэй да еўрапейскіх патрабаванняў. Некалькі катэгорый будзе дададзена», -- кажа Жана Трайно.

Магчыма, нашым кіроўцам давядзецца днём уключаць фары. Таксама ёсць прапанова аб зніжэнні хуткасці ў горадзе да 50 км/г пры дрэннай бачнасці і ўначы. Адмысловыя крэслы для дзяцей прапаноўваецца зрабіць абавязковымі. Зараз, па словах Жаны Трайно, іх наяўнасць носіць рэкамендацыйны характар.

А вось аўтааматары занепакоеныя тым, што абмеркаванне змен у Правілы дарожнага руху праходзяць без іх удзелу. Стваральнік сайта «Стоп-ДАІ» Аляксандр Старычэнка лічыць падобны падыход недапушчальным. На яго думку, інфармацыя павінна быць даступнай.

«Хаця б пакажыце гэтыя змены. Далей ужо грамадскасць - тры мільёны аўтааматараў - зірне, падтрымае: што, чаго, як... Ну, што можна абмяркоўваць, нават не ведаючы, што задумала ДАІ?!», -- заяўляе Аляксандр Старычэнка.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках