26 лiстапада 2024, aўторак, 2:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Апазіцыянер аспрэчвае сваё адлічэнне з інстытута

1

Актывіст «Маладога фронта» чакае адказ з Міністэрства адукацыі Расеі ў сувязі з адлічэннем з Бранскай сельскагаспадарчай акадэміі.

Як паведамляе «Радыё Свабода», гарадскі ваенкамат ініцыяваў супраць актывіста адміністрацыйную справу за няяўку на медагляд і запатрабаваў прайсці паглыбленае медыцынскае даследаванне на прыдатнасць яго да вайсковай службы.

Андрусь Цянюта быў адлічаны з Бранскай сельскагаспадарчай акадэміі. Пра гэта ён даведаўся толькі праз паўтара месяца пасля выключэння, і не ад самога вну, а ад ваенкамата.

У Бранскай сельскагаспадарчай акадэміі заяўляюць, што Цянюта не здаў два іспыты за другі курс – па матэматыцы і тэхналогіі раслінаводства.

Андрусь Цянюта аспрэчвае гэтыя звесткі.

«Па матэматыцы запазычанасць мне зразумелая - у мяне яна была на першым курсе, але потым я паспяхова яе пераздаў, -- кажа моладзевы актывіст. -- Інакш мяне б не перавялі на другі курс - яго я таксама паспяхова скончыў. Адкуль яны ўзялі запазычанасць па тэхналогіі раслінаводства, я не ведаю. Лічу, што маё адлічэнне палітычна матываванае для таго, каб забраць мяне ў войска».

Андрэй Цянюта збіраецца дачакацца адказ з Міністэрства адукацыі Расеі на яго скаргу ў адрас Бранскай сельскагаспадарчай акадэміі.

Тым часам сталі вядомыя і вынікі паглыбленага абследавання Андрэя Цянюты ў шпіталі хуткай медыцынскай дапамогі.

«Сёння я выпісаўся са шпіталя, у якім ляжаў на дзённым стацыянары, -- распавядае Цянюта. -- Мне паставілі дыягназ: скаліёз 2 ступені і плоскаступнёвасць 2 ступені. Звычайна, паводле нарматываў, з такім скаліёзам у войска не бяруць».

Андруся Цянюту не раз прысуджалі да штрафаў і адміністрацыйных арыштаў за сваю палітычную дзейнасць. У траўні 2009 года разам з іншымі моладзевымі актывістамі ён трымаў галадоўку салідарнасці з палітвязнямі Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым і Уладзімірам Асіпенкам.

Адзначым, што супраць моладзевых актывістаў у Беларусі з нядаўняга часу дзейнічае так званы «палітычны прызыў».

Зміцер Жалезнічэнка быў першым моладзевым актывістам, якога гвалтам прызвалі ў войска. Гомельскага актывіста «Моладзі БНФ» гвалтоўна забралі ў войска 25 студзеня 2008 года. Апазіцыянер быў двойчы адлічаны з Гомельскага дзяржуніверсітэта ім. Ф.Скарыны. Падчас вучобы быў выдатнікам і не прапускаў заняткаў без паважнай прычыны. Першае адлічэнне ў верасні 2007 года актывіст дэмакратычных сіл абскардзіў у судзе і 16 студзеня дамогся ўзнаўлення ў ВНУ, але праз чатыры дні зноў быў адлічаны і адпраўлены ў войска.

У студзені 2009 года падобная сітуацыя паўтарылася з актывістамі «Маладога Фронту» Іванам Шылам і Змітром Хведаруком, а таксама з лідэрам «Моладзі БНФ» Франакам Вячоркам. Моладзевых актывістаў адправілі ў войска, нягледзячы на медыцынскія паказчыкі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках