25 лiстапада 2024, панядзелак, 11:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дыктатар пагадзіўся пасылаць беларусаў ваяваць за Расею

28
Дыктатар пагадзіўся пасылаць беларусаў ваяваць за Расею

Пасля неафіцыйнай сустрэчы з Мядзведзевым беларускі кіраўнік пагадзіўся ўзначаліць АДКБ і падпісаць пагадненне аб КСАР.

Такой шчырай і адкрытай размовы, як сёння, з прэзідэнтам Расеі «ў нас не было ніколі», заявіў Аляксандр Лукашэнка журналістам 27 жніўня пасля сустрэчы з Дзмітрыем Мядзведзевым у Сочы. Перамовы, як паведамляе БелаПАН са спасылкаю на прэс-службу беларускага прэзідэнта, доўжыліся больш за тры гадзіны.

Беларускі кіраўнік назваў прычыны, па яго словах, «працяглай паўзы» ў сустрэчах Мядзведзевым.

«Сапраўды, мы не размаўлялі так інтэнсіўна, як на пачатку года. Але гэта не азначае, што мы не размаўлялі наогул, — сказаў Лукашэнка. — Было шмат і пазітыўнага, і негатыўнага, але мы не перапынялі кантактаў з Дзмітрыем Анатольевічам. Напэўна, дапусцілі памылку, што не інфармавалі грамадскасць. Мы падтрымлівалі пастаянны кантакт з прэзідэнтам Расейскай Федэрацыі, гэта было, але інфармацыі пра гэта было мала».

«У нас з Расеяй больш такіх перыядаў, як быў, не будзе», — сказаў беларускі кіраўнік.

«Мы як ніколі раней адчулі сваю найвялікшую адказнасць, мы адчулі ўсё-такі тое, што за намі расейцы і беларусы, практычна адзін народ, што нам дзяліць няма чаго, і гісторыя даўно нас паставіла ў пэўныя рамкі, і мы вымушаныя ў гэтым кантэксце дзейнічаць. Яшчэ раз падкрэсліваю, што мне нават не здаецца — я амаль перакананы, што ў нас не будзе вось такіх вострых, нікому не выгодных, як было падкрэслена на некалькіх прыкладах, абвастрэнняў. Таму што ні расейцы, ні мы нічога не выйгралі ад гэтых абвастрэнняў», — заявіў ён.

Крэдыты і «малочны канфлікт»

Лукашэнка таксама пацвердзіў, што падчас сустрэчы з Мядзведзевым размова вялася пра пошліну на нафту, крэдыты і малочную вайну.

Ён сказаў, што Расея адкрые крэдытную лінію на будаўніцтва АЭС у Беларусі.

«Была дасягнутая прынцыповая дамоўленасць, што Расейская Федэрацыя пракрэдытуе гэты праект. Зараз узгадняецца канчатковая сума крэдыту, і мы дамовіліся, што ўжо з 2010 года Расея адкрые крэдытную лінію», — заявіў беларускі кіраўнік.

Па яго словах, ужо ствараецца інфраструктура для атамнай электрастанцыі пад Астраўцом (Гарадзенская вобласць). «І з 1 студзеня 2010 года пойдзе паўнавартаснае будаўніцтва», — дадаў Лукашэнка.

«Таксама мы абмяркоўвалі «малочныя праблемы», якія ў нас былі», — адзначыў Лукашэнка. Каб не ўзнікала падобных канфліктаў, па словах Лукашэнка, «трэба складаць балансы паставак прадукцыі і сыходзіць ад квот». «Гэтая не справа, што ў нашых адносінах з'яўляюцца нейкія квоты, пошліны і іншае. Мы ж мытны саюз фармуем. Гэтых праблем быць не павінна», — лічыць ён.

Падчас перамоў бакі абмеркавалі шэраг іншых пытанняў. У прыватнасці, паведаміў Лукашэнка, аб мытнай пошліне на нафту, аб вылучэнні дзяржаўнага крэдыту, іншыя фінансавыя пытанні, а таксама рэалізацыю сумесных мер па пераадоленні наступстваў фінансава-эканамічнага крызісу.

«Мы шмат уклалі ў КСАР»

«Мы вызначыліся, што ў верасні нашы ўрады сядуць за стол перамоў і развяжуць гэтыя праблемныя вузлы. Мне паабяцаў гэта прэзідэнт Расеі. Таму даручэнні прэм'ер-міністрам будуць аддадзеныя сёння ж», — заявіў Лукашэнка.

Падчас перамоў, паведаміў Лукашэнка, дасягнутая дамоўленасць пра тое, што прэзідэнт Расеі прыедзе ў Беларусь у верасні — на сумесныя беларуска-расейскія вучэнні, «самыя маштабныя, нягледзячы на крызіс».

«Гэта беларуска-расейская групоўка на заходнім накірунку, аснову якой складае беларускае войска. Вучэнні будуць прысвечаныя функцыянаванню гэтай групоўкі: наколькі яна эфектыўная, наколькі можа абараняць нашы заходнія межы», — сказаў Лукашэнка.

«Другім разам ён да нас прыедзе ў канцы лістапада — у нас пройдзе паседжэнне ЕўрАзЭС. І трэцім разам мы сустрэнемся сёлета ў пачатку снежня на паседжэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, якое пройдзе ў Маскве», - дадаў прэзідэнт Беларусі.

Лукашэнка таксама заявіў, што гатовы ўзначаліць АДКБ і ўступіць у КСАР.

«Калі кранаць КСАР, пра якія зараз так шмат кажуць, што нібы Беларусь з Узбекістанам ледзь ці не супраць гэтых Калектыўных сіл, так я нагадаў прэзідэнту Расеі, што мы і расейцы з'явіліся завадатаямі гэтых праблем. І вельмі актыўна нашы эксперты прапрацоўвалі пытанні па Калектыўных сілах аператыўнага рэагавання. І таму не прыняць гэты дакумент у Беларусі проста не могуць», - сказаў Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік заявіў: «Яшчэ раз падкрэсліваю: мы шмат уклалі ў само ўтрыманне, у саму сутнасць гэтай дамовы. Па-другое, ён жа рамачны, нам баяцца тут абсалютна няма чаго».

Па яго словах, «другая вострая тэма па АДКБ - гэтае старшынства Беларусі».

«Чаго адмаўляцца, калі табе гэтую ганаровую місію прапаноўваюць? Паўгады мы не працавалі ў якасці старшыні, таму вырашылі ўзяць на сябе абавязак старшынства і на наступны тэрмін. У якасці старшыні мы будзем старшыняваць у АДКБ, і нам трэба фармалізаваць гэты працэс юрыдычна. Мусіць, гэта будзе зроблена пасродкам заявы беларускага боку, і мы возьмем на сябе старшынства. Тут няма праблем, гэта надуманая тэма», - сказаў Лукашэнка.

У працяг тэмы АДКБ беларускі кіраўнік нагадаў, што раней Беларусь падпісала з Расеяй пагадненне па стварэнні адзінай сістэмы СПА.

«Мы вельмі дакладна дамовіліся, што асноўная роля на заходнім накірунку ў сумеснай СПА належыць беларускай СПА, яе трэба мадэрнізаваць, трэба падтрымліваць. Калі наша войска на заходнім накірунку «саюзнай дзяржавы» з'яўляецца асноўнай адзінкай, яе таксама трэба падтрымліваць, перадусім ва ўзбраеннях.

І было прапанавана і вырашана на Вышэйшым Дзяржсавеце ў лютым гэтага года, што мы падпішам пратакол да дамовы па адзінай СПА. Па праўдзе кажучы, усё гэта забуксавала. І я папрасіў прэзідэнта Расейскай Федэрацыі паскорыць гэтую працу. Я знайшоў поўнае паразуменне і падтрымку з яго боку. Дзмітрый Мядзведзеў паабяцаў даць даручэнне міністру абароны Расеі актывізаваць гэты працэс», - паведаміў А.Лукашэнка.

Нагадаем, пагадненне аб КСАР было падпісана 14 чэрвеня ў Маскве на паседжанні Савета калектыўнай бяспекі лідэрамі толькі пяці дзяржаў. Беларуская дэлегацыя адмовілася ад удзелу ў саміце з-за «малочнага» канфлікту з Расеяй. Не падпісаў дакумент і прэзідэнт Узбекістана.

Незалежныя эксперты ўпэўненыя, што КСАР ствараецца, перш за ўсё, для падаўлення выступаў дэмакратычнай апазіцыі ў краінах-удзельніцах Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках