25 лiстапада 2024, панядзелак, 18:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генпракуратура праверыць чыноўнікаў па фактах незаконнага будаўніцтва

9

Генеральная пракуратура правяла кантрольную праверку выканання зямельнага заканадаўства ў Менску.

Падчас праверкі Генпракуратура выявіла недапушчальныя факты нямэтавага выкарыстання зямлі пры прамым папушчальніцтве выканаўчай улады, паведамляе «Ежедневник».

Як заявіў на прэс-канферэнцыі начальнік аддзела па нагляду за выкананнем правоў і свабод грамадзян Генпракуратуры Павал Радзівонаў, на працягу двух дзён супрацоўнікі пракуратуры правялі праверку ліквідацыі парушэнняў зямельнага заканадаўства, якія выяўлены яшчэ два гаты таму.

«На выпраўленне сітуацыі было дадзена больш за два гады і за гэты час нічога не было зроблена», - заявіў П.Радзівонаў. Па яго словах, усяго за два дні было выяўлена 15 сур’ёзных парушэнняў, пра якія добра ведалі мясцовыя ўлады.

Так, напрыклад, побач з будынкам пракуратуры Менскай вобласці, на вул. Чарвякова, 3 шмат гадоў знаходзіцца станцыя тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў. Прычым, вельмі буйная станцыя, якой маглі б пазайздросціць канкурэнты. Толькі на момант праверкі ў ангары плошчай больш за 500 кв.м. знаходзілася на абслугоўванні 50 аўтамабіляў. Уся соль ў тым, што зямля, на якой размешчана СТА, вылучалась для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, а зусім не для вядзення такога спецыфічнага бізнэсу, які, на думку Генпракуратуры, пераўтварыў жылую тэрыторыю ў сметнік.

На вул.Ржавецкай, побач з рынкам «Ждановічы» і возерам Лябяжае, супрацоўнікі Генпракуратуры знайшлі ангар, які лічыцца тэхнічнай пабудовай, што прылягае да індывідуальнага жылога дома. Ангар мае плошчу больш за 300 кв.метраў. У ім размешчана мэблевая вытворчасць і склады, дзе захоўваецца больш за 300 адзінак мотатэхнікі. Пры гэтым на зямлю і за выкарыстанне электрычнасці ўладальнікі нелегальнага бізнэсу плацілі па тарыфах прадугледжаных для фізічных асоб, а зусім не для юрыдычных. Толькі на гэтым бюджэт Менска за два гады згубіў дзесяткі мільёнаў рублёў.

Як заявіў П.Радзівонаў, у Генпракуратуры няма сумневаў, што мясцовыя ўлады і адпаведныя службы добра ведалі пра дадзеныя парушэнні. На іх было паказана яшчэ два гады таму, але за гэты час не было абсалютна нічога зроблена. Чаму – гэта і будзе высвятляць Генпракуратура. Ужо зараз вырашаецца пытанне аб узбуджэнні некалькіх крымінальных спраў па фактах незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, калі жылыя дамы ў прыватным сектары выкарыстоўваліся пад офісы, тэрыторыя для абслугоўвання і будаўніцтва жылых дамоў пад вытворчасць. А калі Дэпартамент фінансавых расследаванняў пачне разбірацца, як ажыццяўляўся гэты незаконны бізнэс, амаль абавязкова ўсплывуць шматлікія карупцыйныя факты.

Як паведамілі ў Генпракуратуры, у выніку праверкі шмат хто з уплывовых чыноўнікаў сур’ёзна занепакоіліся, што могуць страціць працоўныя месцы.

«Хвалі ад гэтай праверкі будуць разыходзіцца яшчэ доўга і наступствы ад іх будуць вельмі сур’ёзныя», -- заявілі ў Генпракуратуры.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках