25 лiстапада 2024, панядзелак, 19:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вернікі «Новага жыцця» не аддадуць будынак царквы ўладам

Беларускія пратэстанты кожны дзень чакаюць прымусовага высялення з будынка храма.

Па словах пастара царквы Вячаслава Ганчарэнкі, у судзе вернікам не змаглі даказаць, што будынак царквы не можа знаходзіцца на сённяшнім месцы. «Мы нікому не збіраемся аддаваць гэты будынак», - заявіў пастар у інтэрв'ю «Радыё Свабода».

Вячаслаў Ганчарэнка паведаміў, што ў Менск прыязджаюць пастары з іншых рэгіёнаў Беларусі, каб выказаць сваю падтрымку. «Мы не спыняем маліцца. Людзі прыязджаюць з усіх рэгіёнаў краіны. Хто жыве блізка, той падтрымлівае нас досыць рэгулярна», - сказаў пастар царквы «Новае жыццё».

Адміністратар царквы Васіль Юрэвіч заўважыў, што кругласуткава ў будынку знаходзіцца ад 5 да 50 чалавек. «Людзі, якія моляцца, змяняюць адзін аднаго, прыязджаюць, усе моляцца за вырашэнне гэтага пытання», - дадаў адміністратар.

Па словах Вячаслава Ганчарэнкі, цяжкасці пайшлі на карысць абшчыне. «Колькасць тых людзей, хто салідарны з вернікамі, стала расце. На дадзены момант узнікае пытанне аб павелічэнні сённяшніх плошчаў царквы», - заўважыў пастар.

«Мы б хацелі пабудаваць побач будынак на 2,5-3 тыс. месцаў, каб усе нашы службы, біблейскія школы, нядзельная школа і іншыя служэнні маглі лёгка размясціцца», - дадаў Вячаслаў Ганчарэнка.

Нагадаем, што грамадзянская справа паміж царквой і сталічнымі ўладамі па пытанні зносу будынка, дзе збіраюцца вернікі, вялася з 2005 года. Сёлета Вышэйшы гаспадарчы суд пацвердзіў законнасць рашэння гарвыканкама, за будынак царква павінна была атрымаць 37,5 млн рублёў. На днях вернікі ў чарговы раз адмовіліся перадаць будынак.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках