25 лiстапада 2024, панядзелак, 13:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саўмін «адкручвае» назад: пастанова №991 датычыць дзяржпрадпрыемстваў

80

Прэм'ер-міністр пракаментаваў скандальную пастанову Саўміна №991, якая забараняе аптовы гандаль.

Рашэнне ўрада аб выключэнні пасярэднікаў пры рэалізацыі юрасобам тавараў на тэрыторыі краіны датычыць толькі дзяржаўных прадпрыемстваў і прадпрыемстваў з доляй уласнасці дзяржавы, паведаміў у аўторак прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на паседжанні прэзідыўма Савета міністраў.

«Гэта будзе датычыць толькі вытворча-гаспадарчай дзейнасці дзяржаўных прадпрыемстваў і прадпрыемстваў з доляй уласнасці дзяржавы», - перадае «Интерфакс» словы Сідорскага. Прэм'ер заявіў, што рашэнне па выключэнні пасярэднікаў не закране іншых сегментаў рынка.

Сідорскі заўважыў, што пасля прыняцця пастановы N991 быў атрыманы шэраг заўвагаў ад грамадскіх арганізацыяў і грамадскіх структураў. Паводле яго словаў, прынятае рашэнне аб «некаторай карэктыроўцы пастановы». Удакладненні будуць вывешаныя на афіцыйным сайце ўрада Беларусі.

Прэм'ер удакладніў, што пастанова, якую прыняў урад, «датычыць вытворча-гаспадарчай дзейнасці прадпрыемстваў і закупак наўпрост тавараў, матэрыялаў і камплектуючых нашымі прадпрыемствамі».

Матывуючы неабходнасць выключэння пасярэднікаў пры закупках тавараў дзяржпрадпрыемствамі прэм'ер-міністр спаслаўся на дадзеныя маніторынгу, які паказаў, што розніца ў кошце на адзін і той жа тавар, які набываюць беларускія прадпрыемствы на тэрыторыі рэспублікі складае ад 30% да 260%. Паводле дадзеных прэм'ер- міністра, толькі ў Менску працуюць 6,3 тыс. юрыдычных асобаў, «якія не займаюцца вытворча-гаспадарчай дзейнасцю, і пастаўляюць на дзяржаўныя прадпрыемствы і прадпрыемствы з доляй уласнасці дзяржавы таварна- матэрыяльныя каштоўнасці». «Толькі за 6 месяцаў бягучага года такіх таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў на прадпрыемствы завезена на суму больш за $600 млн», - сказаў С.Сідорскі. На яго думку, «такім чынам падмяняецца паняцце камерцыйных забеспячэнскіх службаў дзяржпрадпрыемстваў і прадпрыемстваў з доляй уласнасці дзяржавы».

Эканамісты лічаць, што ўлады, разабраўшыся, да чаго можа прывесці рэалізацыя палажэнняў дадзенай пастановы, вырашылі звузіць сферу яе ўжывання.

«Цалкам зразумела, што прыняцце гэтай пастановы было ідыятызмам. «Сырая», непрадуманая пастанова, у якой не быў вызначаны нават спіс гандлёвых прадстаўнікоў, не было нават нармальнай экспертызы дакумента. Сутыкнуўшыся з рэакцыяй бізнэсу, на раніцу ў панядзелак разабраўшыся, што яны нарабілі, улады сталі тэрмінова шукаць спосаб захаваць твар. І вырашылі звузіць сферу распаўсюджвання на прадпрыемствы дзяржуласнасці. Аналагічны парадак дзяржзакупак ужо існаваў», -- заявіў у інтэрв'ю сайту www.charter97.org эканаміст Сяргей Чалы.

Нагадаем, што пастанова №991 прынятая «у мэтах забеспячэння эфектыўнага выдаткоўвання грашовых сродкаў і правядзенні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь адзінай фінансавай палітыкі з улікам уплыву фактараў сусветнага фінансавага і эканамічнага крызісу».

Паводле пастановы юрасобы з гэтага часу павінны набываць тавары (за кошт уласных, пазыковых сродкаў і сродкаў бюджэту) толькі ў тых пастаўшчыкоў, якія з'яўляюцца вытворцамі, ці іх афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў.

Пералікі афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў, у якіх юрасобы змогуць закупляць тавары, будуць зацвярджацца рэспубліканскімі і мясцовымі органамі дзяржкіравання па ўзгадненні з віцэ-прэм'ерамі, якія курыруюць адпаведныя сферы эканомікі. Для ўключэння ў пералік афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў неабходна падаць эканамічнае абгрунтаванне набыцця тавараў у пастаўшчыка.

Незалежныя эксперты, а таксама прадпрымальнікі вылучалі асцярогі, што пастанова Савета міністраў № 991 «Аб некаторых пытаннях набыцця тавараў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь» выключыць пасярэднікаў з працэсу рэалізацыі юрыдычным асобам айчынных і імпартных тавараў на тэрыторыі Беларусі.

Напісаць каментар 80

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках