26 лiстапада 2024, aўторак, 5:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пастара пакаралі за тое, што ён не ўпусціў у царкву вадаправодчыкаў ад КДБ

3

Пастар пратэстанцкай царквы «Новае жыццё» Вячаслаў Ганчарэнка ў чарговы раз папярэджаны аб недапушчэнні парушэння заканадаўства.

Як паведаміў юрыст Сяргей Луканін, 7 жніўня Ганчарэнка наведаў пракуратуру Маскоўскага раёна Менска. «Ён быў выкліканы туды ў сувязі з тым, што ў будынак царквы 16 ліпеня не былі дапушчаныя супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. У сувязі з гэтым намеснік пракурора Маскоўскага раёна Кірыла Мазоўка запатрабаваў тлумачэнняў. Ганчарэнка патлумачыў, што рашэнне аб недапусканні ў будынак любых службовых асобаў было прынятае ўжо даўно ў адказ на спробы менскіх уладаў забраць будынак царквы. Ганчарэнка таксама адзначыў, што ён выдатна разумее, навошта гэта робіцца: каб любымі шляхамі знайсці якія-небудзь парушэнні і на іх падставе зачыніць царкву. Таксама пастар адзначыў, што гэтае рашэнне было прынятае не асабіста ім, а на агульным сходзе вернікаў», — сказаў Луканін.

Паводле яго словаў, Ганчарэнку былі выдадзеныя два дакументы: афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства і загад з патрабаваннем ліквідаваць парушэнні супрацьпажарнай бяспекі і неадкладна дапусціць у будынак царквы працаўнікоў МНС.

«Мазоўка таксама сказаў, што ён разумее, што нашая пазіцыя не зменіцца, і таму ён адразу ж будзе рыхтаваць дакументы для перадачы іх у суд», — сказаў Луканін.

Раней Сяргей Луканін паведамляў, што ў царкву прыходзілі прадстаўнікі «Менскводаканала». Яны збіраліся праверыць, ці не спрабавала царква незаконна падключыцца да сістэмы водазабеспячэння. У прыватнай гутарцы супрацоўнікі «Менскводаканала» прызналіся вернікам, што выконваюць загад спецслужбаў.

«У прыватнай гутарцы яны паведамілі, што на самой справе ўпершыню за гісторыю іх арганізацыі да іх прыйшоў ліст з КДБ, -- заяўляе Сяргей Луканін. -- У ім супрацоўнікі КДБ, мякка кажучы, папрасілі, каб яны даведаліся, ці ёсць у нашым будынку вада і, калі так, адкуль мы яе бярэм».

З кастрычніка 2005 года вялася грамадзянская справа паміж рэлігійнай супольнасцю і гарадскімі ўладамі па пытанні зносу будынка на Кавалёва, 72. У студзені гэтага года Вышэйшы гаспадарчы суд пацвердзіў законнасць рашэння Менгарвыканкама аб канфіскацыі зямельнага ўчастку супольнасці з далейшым выкупленнем будынка царквы за 37,5 млн. рублёў.

16 сакавіка Менгарвыканкам пісьмова прапанаваў вернікам абмеркаваць пытанне будаўніцтва ў раёне МКАД і вуліцы Шаранговіча новага будынка супольнасці на зямельным участку плошчай каля 0,4 га, які ў чатыры разы меншы за раней вылучаны.

На агульным сходзе 5 траўня вернікі аднагалосна прагаласавалі супраць гэтай прапановы, паколькі рашэнне пытання аб вылучэнні супольнасці новага зямельнага ўчастку зойме да двух гадоў і запатрабуе ад царквы не менш за 100 тыс. даляраў ЗША, а для ўзвядзення новага храма — ад 3 да 5 млн. даляраў.

Выйсце з сітуацыі вернікі бачаць у будаўніцтве новага храма на зямельным участку, раней вылучаным абшчыне, з умовай яго пашырэння, з накіраванне на гэтыя мэты дадатковых сродкаў з гарадскога бюджэту, пра што пісьмова яны паінфармавалі гарадскія ўлады.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках