25 лiстапада 2024, панядзелак, 18:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Практычна ўсе менскія заводы працягваюць працаваць па скарочаным графіку

3

Большасць буйных прадпрыемстваў Менска дагэтуль працуюць па летнім графіку. Гэта значыць – скарочаны працоўны тыдзень і частковая занятасць працаўнікоў.

Між тым яшчэ ў пачатку лета, уводзячы вымушаныя меры дзеля эканоміі, кіраўнікі заводаў і фабрыкаў абяцалі, што ўвосень усё вернецца ў звыклы рэжым, паведамляе «Радыё Свабода».

На штотыднёвай аператыўнай нарадзе ў Менгарвыканкаме адказныя за эканамічную галіну чыноўнікі агучылі наступныя звесткі: складскія запасы на стратэгічных прадпрыемствах за першы тыдзень восені знізіліся амаль на 90 мільярдаў рублёў. Аднак самі ж прызнаюць: запасы скарачаюцца надзвычай павольна. МАЗ разгрузіў склад толькі на 20 аўтамабіляў і 30 аўтобусаў. У той жа час павялічыліся аб'ёмы затаваранасці на МТЗ, падшыпнікавым заводзе, заводзе колавых цягачоў, «Амкадоры», «Камунарцы», «Мотавела».

Адносна апошняга нават прагучала інфармацыя, што больш за тысячу чалавек адпраўленыя ў адпачынкі без аплаты. Кіраўнік «Мотавела» Казімір Мароз тлумачыць, што вызначанасці з працоўным тыднем сапраўды няма, але людзей завод не кідае: «Хто гэта сказаў, што ў неаплатным адпачынку? Нават калі і на прастоях, 2/3 усё роўна атрымліваюць. Праблемы былі, калі мы разбіраліся з аплатай за энерганосьбіты. Унутраныя прастоі былі, але, дапусцім, бухгалтэрыя працавала над закрыццём месяца, падвядзеннем вынікаў. Гэтыя службы працавалі. Людзі, у якіх была праца, таксама былі задзейнічаныя. А ў каго не было працы, і дзе ў нас былі абмежаванні, дык тыя тэрыторыю падмяталі, і там аплата па сярэднім заробку, а ніякі не адпачынак. Проста хтосьці дае няправільную інфармацыю. Пакуль мы яшчэ нікога за свой кошт не адпраўлялі. Хоць і няма грошай, але 2/3 імкнемся аплаціць. Ці хоць бы прастоі - тыя дні, калі людзі вымушана не працуюць. Гэта значыць, як Працоўны кодэкс патрабуе, так і аплачваем».

Як і ў летнія месяцы, па скарочаным графіку працуюць практычна ўсе прадпрыемствы машынабудавання. Тры-чатыры дні ў тыдзень занятыя супрацоўнікі маторнага і падшыпнікавага заводаў, МАЗа, МТЗ, «Амкадора».

Вядучы тэхнічны спецыяліст Менскага падшыпнікавага заводу Андрэй Гардзейка кажа, што і з надыходам восені няма падставаў казаць пра нейкія поспехі. Не атрымліваецца заваяваць традыцыйны рынак збыту - расейскі:

«Як такога, закрытага рынка Расеі няма, тым больш што ў нас нядрэнна працуе тавараправодная сетка. Тут пытанне ў фінансавым крызісе, вельмі адбіваецца адсутнасць на прадпрыемствах абаротных сродкаў. Некаторыя ўжо вярнуліся да схемы ўзаемаразлікаў, да бартэрных схемаў. Адны прадпрыемствы ў Расеі працуюць поўны працоўны тыдзень, іншыя, як і мы, таксама перайшлі на трохдзёнку. Справа ў тым, што аб'ём патрэбаў на шмат якіх прадпрыемствах застаўся, як і раней. Але стала менш сродкаў для таго, каб набыць гэты прадукт. Ну і, натуральна, складаюць канкурэнцыю тыя ж кітайскія, расейскія вытворцы. Але, яшчэ раз паўтару, у нас адносна нядрэнна працуе новая тавараправодная сетка, сфармаваная ў 2005 годзе. Вось ужо 3,5 гады адным дыстрыбутарам мы працягваем сертыфікаты, у іншых, з улікам таго, як яны працуюць і вядуць справаздачу, іх забіраем».

Не асабліва паляпшаецца сітуацыя і ў рэгіёнах. Паводле загада дырэктара бярозаўскага шклозавода «Нёман», на прадпрыемстве яшчэ на месяц падоўжаны скарочаны працоўны рэжым - людзі працуюць чатыры гадзіны ў дзень. Афіцыйная прычына - немагчымасць своечасовага рамонту абсталявання. Працоўныя лічаць, што дырэктар, згодна з заканадаўствам, павінен быў пра захаванне неспрыяльных умоваў папярэдзіць за месяц. У сувязі з гэтым працоўныя «Нёмана» рыхтуюць скаргу ў Дэпартамент інспекцыі працы галіновага міністэрства.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках