25 лiстапада 2024, панядзелак, 6:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Час выходзіць з офісаў

23
Час выходзіць з офісаў

Зараз менавіта той час, калі трэба выходзіць на вуліцы, размаўляць з людзьмі ў любой форме, упэўнены адзін з лідэраў Партыі Беларускага Народнага Фронту Віктар Івашкевіч.

Кіраўнік Менскай арганізацыі Партыі БНФ Віктар Івашкевіч быў арыштаваны разам з дзесяткамі іншых актывістаў апазіцыі 9 верасня падчас разгону акцыі «Не – расейскай акупацыі!». Сёння палітык адказвае на пытанні сайта www.charter97.org.

-- Вы шмат разоў удзельнічалі ў вулічных акцыях пратэсту, прайшлі праз арышты і турмы. Але некаторыя маладыя ўдзельнікі акцыі былі затрыманыя 9 верасня ўпершыню. Як яны паводзілі сябе ў гэтых умовах?

-- Вельмі годна. Смела размаўлялі, нягледзячы на тое, што за кожнае слова можна было атрымаць дубінкай па галаве. Спявалі «Пагоню», «Магутны Божа», калі 4 гадзіны стаялі тварам да сцяны ў РУУС. Не баяліся. Адчувалася, што ўнутраную сілу, мужнасць ім давала нацыянальная самасвядомасць – гэтыя маладыя хлопцы добра ведаюць нашую гісторыю і мову, нашыя нацыянальныя гімны.

Яны былі ўнутрана гатовыя да такіх паводзінаў уладаў. Але ніхто з іх, як уласна і я, не лічылі сябе пакутнікамі. Мы лічым сябе пераможцамі. Усе маюць намер вярнуцца на Кастрычніцкую плошчу і прадэманстраваць, што мы не баімся.

-- Мэта акцыі «Не – расейскай акупацыі!» - абарона нацыянальных інтэрасаў і незалежнасці Беларусі. Чаму на акцыю не вышлі новыя лідэры Партыі БНФ?

-- Я думаю, што не толькі новыя лідэры Партыі БНФ, а наогул усе лідэры апазіцыйных палітычных партыяў зараз вельмі занятыя ўнутрапартыйнымі справамі і ў сувязі з гэтым не паспяваюць аператыўна рэагаваць на тыя падзеі, якія адбываюцца па-за партыямі. Гэта дрэнна, і я думаю, што ўсім трэба зараз сканцэнтраваць свае думкі, планы, увагу не на працэсы ўнутры партыяў ці апазіцыі, а на выхадзе са сваімі ідэямі да беларускага грамадства.

Калі, напрыклад, ёсць патрыятычны настроеныя людзі, якія разумеюць небяспеку расейскага імперыялізму, і гэта адпавядае партыйным праграмам, дык лідэры павінны выступаць супраць увядзення расейскіх войскаў. Калі ў праграмах ёсць тэзісы пра свабоду і дэмакратыю, дык лідэры павінны змагацца за свабоду і дэмакратыю. Калі ў іх праграмах ёсць пункт пра сацыяльную справядлівасць, а рэжым перакладае цяжар эканамічных праблемаў на простых людзей, дык апазіцыйныя актывісты павінны ісці да прахадных заводаў з эканамічнымі лозунгамі.

Акцыя 9 верасня – гэта дэманстрацыя стаўлення да ўвядзення ў Беларусь расейскіх войскаў, але з іншага боку – гэта патрабаванне свабоды маніфестацыяў. Калі мы не будзем выходзіць на вуліцы і патрабаваць, дык ніколі не заваюем гэтае права.

Зараз менавіта той час, калі трэба выходзіць на вуліцы, размаўляць з людзьмі ў любой форме. Апазіцыйныя актывісты павінны спыніць пустыя дыскусіі ўнутры сваіх партыяў і ісці на масавы кантакт з беларускімі грамадзянамі. Сядзець у офісах няма ніякага сэнсу.

-- Старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак заявіў «Радыё Свабода», што ўдзельнікі акцыі хацелі справакаваць улады на збіццё, каб сапсаваць «паляпшэнне адносінаў Беларусі з Еўразвязам». Як вы ставіцеся да гэтага выказвання?

-- Гэта якраз яркая дэманстрацыя таго, што называецца «кіраванай апазіцыяй». Калі «праваабаронца», які павінен выступаць за свабоду слова і свабоду сходаў, апраўдвае і абараняе правы карнікаў, які збіваюць удзельнікаў мірных дэманстрацыяў. Алег Гулак якраз з тых людзей, якія заяўляюць, што змагаюцца за дэмакратыю, і пры гэтым, на фоне збіцця амапаўцамі ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту, угаворваюць еўрапейцаў даваць Лукашэнку крэдыты. Яшчэ ёсць журналісты, якія замоўчваюць страшныя рэчы, што адбываюцца ў краіне, і публікуюць артыкулы, у якіх пераконваюць, што з дыктатурай трэба не змагацца, а супрацоўнічаць, і тады яна, можа быць, стане мякчэй.

Заява Алега Гулака -- гэта маніфест калабарантаў, якія вырашылі не змагацца з дыктатурай, а знайсці ў ёй сваё месца, каб абслугоўваць яе інтэрасы.

-- Пасля ўдзелу ў акцыі ў вас на твары засталіся сінякі і кровападцёкі. Вас збілі падчас затрымання?

-- Мяне білі ўжо ў аўтобусе, калі я заступіўся за хлопца, якога амапаўцы павалілі на падлогу і тапталі нагамі. Я запатрабаваў спыніць здзекі, за што і атрымаў сваю порцыю «дэмакратыі і лібералізму». Нейкі камандзір гэтых амапаўцаў ударыў мяне кулаком па твары. А наогул усіх збівалі ў большай ці меншай ступені. Галоўным чынам у аўтобусе і часткова ў РУУС.

-- Беларуска-расейскія вучэнні будуць праходзіць на працягу ўсяго верасня. Ці плануюцца яшчэ якія-небудзь пратэсты беларускай апазіцыі?

-- Сёння мы будзем абмяркоўваць гэта з кіраўнікамі Фронту і іншых арганізацыяў. Безумоўна, пратэсты будуць працягвацца ў самых розных формах.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках