24 лiстапада 2024, Нядзеля, 23:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выкраданне Ганчара і Красоўскага: уладам ёсць, што хаваць

7

Нягледзячы на наяўнасць доказаў і паказанняў сведак, вінаватыя ў выкраданні апазіцыянераў не пакараныя.

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар і бізнэсмэн Анатоль Красоўскі былі выкрадзеныя невядомымі 16 верасня 1999 года. Яны разам вярталіся з лазні па вуліцы Фабрычнай у Менску. Пазней недалёка ад месца іх гвалтоўнага знікнення былі знойдзеныя аскепкі шкла аўтамабіля, які належыў Красоўскаму. На аскепках – кроў. Геномная экспертыза з верагоднасцю 99,9998% выявіла, што кроў належыць Віктару Ганчару.

Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі

У сродках масавай інфармацыі паведамлялі, што знайшоўся сведка, які ў дзень знікнення Ганчара і Красоўскага каля лазні бачыў чырвоны аўтамабіль «БМВ», у якім сядзелі тры чалавекі. А жанчына, якая працавала ў лазні, узгадала, што чула крыкі аб дапамозе, шум, мужчынскія галасы.

Аднак афіцыйнае следства заявіла, што «грамадзяне Ганчар і Красоўскі былі выкрадзеныя і вывезеныя ў невядомым накірунку. Высветліць іх далейшае месцазнаходжанне няма магчымасці…».

Пазней з'явіліся сведчанні датычнасці беларускіх уладаў да знікнення актыўных апанентаў рэжыму Лукашэнкі.

Былы начальнік Галоўнага ўпраўлення Крымінальнай міліцыі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі генерал Мікалай Лапацік у сваім рапарце на імя міністра МУС паведаміў падрабязнасці выкрадання Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і зніклага за некалькі месяцаў да іх экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі:

«Акцыя захопу і далейшага знішчэння Захаранкі ажыццяўлялася групай вайскоўцаў спецназа на чале з Паўлічэнкам (камандзір ваеннай часткі 3214). Па аналагічнай камбінацыі 16.09.1999 года Паўлічэнка і яго група правялі акцыю захопу і знішчэння В. Ганчара і А. Красоўскага. Планаванае месца пахавання трупаў – спецучастак на Паўночных могілках».

Рапарт генерала Лапаціка

Як сцвярджаў былы начальнік менскага СІЗА №1 Алег Алкаеў, апазіцыянеры Ганчар, Красоўскі і Захаранка былі забітыя з так званага растрэльнага пісталета, які выдаваўся па загадзе былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Сівакова.

"Растрэльны" пісталет, з якога, як мяркуецца, забівалі апазіцыянераў

Спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, правёўшы незалежнае расследаванне акалічнасцяў знікнення ў Беларусі Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, у дакладзе «Зніклыя людзі Беларусі», заявіў:

«Растрэльны пісталет, які захоўваўся ў спадара Алкаева, якім ажыццяўляліся смяротныя прысуды, двойчы выдаваўся ў перыяды, якія супадаюць са знікненнямі Захаранкі 7 траўня 1999 года, Ганчара і Красоўскага 16 верасня 1999 года. Улады не могуць даць тлумачэнняў часовых канфіскацыяў пісталета».

Пратакол вымання "растрэльнага" пісталета

Пасля таго, як следчая група, якая складалася з супрацоўнікаў МУС, КДБ і пракуратуры, выйшла на выкрадальнікаў апазіцыянераў і быў арыштаваны камандзір САХРа Дзмітры Паўлічэнка, адбыліся адстаўкі генпракурора і старшыні КДБ. Паўлічэнка ж быў вызвалены па асабістым указанні Аляксандра Лукашэнкі.

Сёння пра неабходнасць высветліць лёс зніклых беларускіх апазіцыянераў увесь час заяўляе міжнародная супольнасць. Патрабаванне раскрыць праўду пра іх знікненне ўтрымліваецца ў рэзалюцыях Камісіі ААН па правах чалавека, Парламенцкіх асамблеяў Рады Еўропы і АБСЕ.

Шэрагу высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, у прыватнасці экс-міністру ўнутраных справаў Уладзіміру Навумаву, былому сакратару Савета бяспекі Віктару Шэйману, былому кіраўніку МУС Юрыю Сівакову і экс-камандзіру САХРа Дзмітрыю Паўлічэнку забаронены ўезд у краіны Еўразвяза і ЗША з-за падазрэнняў у іх датычнасці да выкраданняў апазіцыянераў.

Аднак расследаванне справаў аб выкраданні беларускіх апазіцыянераў не пасунулася з мёртвай кропкі.

«Я вельмі скептычна стаўлюся да верагоднасці таго, што цяперашнія беларускія ўлады правядуць аб'ектыўнае расследаванне. На простае пытанне, чаму гэтага не зроблена за 10 гадоў – ёсць просты адказ: праўда не патрэбная гэтай уладзе. Але праўда ёсць – яна і ў дакладзе Хрыстаса Пургурыдзеса, яна і ў рапарце генерала Лапаціка, яна і ў матэрыялах пастановы аб прыпыненні папярэдняга следства ад 20 студзеня 2002 года, напісанага следчым Чумачэнкам. Гэта рэальныя дакументы, напісаныя і падпісаныя афіцыйнымі людзьмі на падставе рэальных фактаў. Гэта не фантазіі, якія рана ці позна знікнуць, гэтыя дакументы – праўда пра тое, што адбылося 10 гадоў таму. Ёсць праўда – будзе і правасуддзе. У такіх злачынстваў няма тэрмінаў даўнасці», -- заявіла ў інтэрв'ю www.charter97.org удава выкрадзенага бізнэсмэна і грамадскага дзеяча Ірына Красоўская, якая ўзначальвае зараз фонд «Мы памятаем».

16 дня кожнага месяца ў Беларусі і за мяжой праходзяць акцыі памяці зніклых лідэраў апазіцыі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках