25 лiстапада 2024, панядзелак, 10:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зноў масавыя арышты ў Дзень салідарнасці ў Менску (Фота, відэа)

63
Зноў масавыя арышты ў Дзень салідарнасці ў Менску (Фота, відэа)

Акцыя апазіцыі была брутальна разагнаная 16 верасня ў сталіцы Беларусі. Пры гэтым амапаўцы не давалі журналістам здымаць сілавое затрыманне дэманстрантаў.

Актывісты апазіцыі вышлі сёння на Кастрычніцкую плошчу ў цэнтр горада, каб ушанаваць памяць бясследна зніклых 10 гадоў таму ў Беларусі віцэ-спікера Вярхоўнага савета 13 склікання Віктара Ганчара і бізнэсмэна, грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага. Да 18 гадзінаў, калі павінна была пачацца акцыя, плошча ўжо была запоўненая супрацоўнікамі АМАПа ў цывільным. Грамадскі транспарт на плошчы наўмысна не спыняўся. Людзей абшуквалі пры падыходзе на плошчу, шукаючы бел-чырвона-белыя сцягі, расцяжкі і партрэты Ганчара і Красоўскага.

Калі апазіцыянеры сталі ўздоўж праезжай часткі з партрэтамі Ганчара і Красоўскага, на плошчу прыйшлі не менш за 50 супрацоўнікаў АМАПа ў форме. Такім чынам, разам з амапаўцамі ў цывільным агульная колькасць сілавікоў, выстаўленых супраць мірных дэманстрантаў, была каля 100.

У пачатку амапаўцы ўзялі мірных дэманстрантаў у кальцо. У знак пратэсту дэманстранты селі на асфальт, працягваючы трымаць партрэты выкрадзеных апазіцыянераў. Праз пяць хвілінаў супрацоўнікі АМАПа сталі хапаць людзей і, збіваючы дубінкамі і нагамі, сталі запіхваць у міліцэйскія аўтобусы, якія пад'ехалі.

Пры гэтым амапаўцы спрабавалі схаваць сведчанні сваіх злачынстваў – у той час, як адны амапаўцы арыштоўвалі з ужываннем гвалту дэманстрантаў, іншыя перашкаджалі працы фотажурналістаў. Фатографам не давалі здымаць бяззаконне, якое адбывалася -- амапаўцы ў цывільным іх груба піхалі, закрывалі рукамі аб'ектывы фотакамераў, шкодзячы пры гэтым апаратуру.

Відэа Радыё Свабода

Збітых дэманстрантаў даставілі на трох аўтобусах у Цэнтральны РУУС Менска. Сярод арыштаваных – актывісты «Еўрапейскай Беларусі» Зміцер Бародка, Яўген Афнагель, Павал Юхневіч, Паліна Кур'яновіч, Максім Вінярскі, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Мікалай Статкевіч, былыя палітвязні Сяргей Скрабец, Андрэй Кім і іншыя актывісты апазіцыі.

Праз некалькі хвілінаў пасля разгону асноўнай групы ўдзельнікаў акцыі партрэты выкрадзеных палітыкаў зноў узнялі яшчэ некалькі чалавек. Сярод іх – каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

«Я спазніўся, таму што аўтобус 100-га маршруту не спыніўся на Кастрычніцкай плошчы. Пакуль я дабег ад ГУМа да Кастрычніцкай, убачыў толькі як людзей з ужываннем грубай сілы амапаўцы запіхваюць у аўтобус. Я узяў партрэт, які ляжаў на бруку плошчы. Гэта быў партрэт Анатоля Красоўскага. Спачатку мяне атачылі журналісты, потым амапаўцы. Такім чынам я прастаяў на плошчы паўгадзіны. Потым чацвёра супрацоўнікаў АМАПа ў цывільным ішлі за мной да самага дому. Пакуль я на волі... «Славу» беларускіх амапаўцаў па разгоне акцыі салідарнасці з сем'ямі выкрадзеных лідэраў апазіцыі разам з Лукашэнкам сёння падзяляюць прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ і прэм'ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс, якія сёння сустракаліся з беларускім дыктатарам», -- распавёў сайту www.charter97.org Зміцер Бандарэнка.

За ўдзел у акцыі былі затрыманыя 35 чалавек. Людзей вызвалілі праз 3 гадзіны без складання пратаколу, але, па сведчанні затрыманых, амапаўцы збівалі некаторых апазіцыянераў проста ў РУУС за адмову здаваць адбіткі пальцаў ці здымацца на відэа.

Напісаць каментар 63

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках