25 лiстапада 2024, панядзелак, 11:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітвязню Аўтуховічу забаранілі весці прыватнае ліставанне

2

Сябры арыштаванага ваўкавыскага прадпрымальніка паведамляюць, што да іх не даходзяць яго лісты з СІЗА.

Больш за сем месяцаў ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімір Асіпенка знаходзяцца ў менскім следчым ізалятары. Як нагадвае «Радыё Свабода», Аўтуховіча і Асіпенку абвінавачваюць ў падпале дома супрацоўніка міліцыі. Згодна з МУС, Мікалай Аўтуховіч таксама нібы падазраецца ў падрыхтоўцы тэракту.

Ні Мікалай Аўтуховіч, ні Уладзімір Асіпенка не прызнаюць сваёй віны. Ветэран вайны ў Афганістане Аўтуховіч у знак пратэсту супраць арышту на працягу 90 дзён трымаў галадоўку ў сценах СІЗА, у выніку якой згубіў 30 кілаграмаў вагі. Прайшоў месяц, як ваўкавыскі прадпрымальнік спыніў галадоўку, але, паводле словаў адваката, ён «не аднавіў вагу і выглядае вельмі стомленым і схуднелым».

Сяброў Мікалая Аўтуховіча вельмі хвалюе тое, што яны не атрымліваюць ад яго лістоў.

«Адвакат мне распавядаў, што ў Мікалая нейкія праблемы са знешняй сувяззю, -- заяўляе праваабронца, ветэран вайны ў Афганістане Алег Воўчак. – Да яго не даходзяць многія лісты, і тое, што ён адсылае, таксама не даходзіць. Мне некалькі лістоў адсылаў, але я нічога не атрымаў. Што тычыцца яго справы, наколькі мне вядома, там нічога не змянілася».

Нагадаем, што 8 лютага ў Ваўкавыску былі затрыманыя Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка. 18 лютага ваўкавыскім прадпрымальнікам было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» узбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13).

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

Ваўкавыскага прадпрымальніка Юрыя Лявонава вызвалілі з менскага следчага ізалятара 8 жніўня. У дачыненні да яго спыненыя следчыя дзеянні.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках