25 лiстапада 2024, панядзелак, 8:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» арыштаваныя за патрабаванне свабоды палітвязням

6
Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» арыштаваныя за патрабаванне свабоды палітвязням

Моладзевыя лідэры Яўген Афнагель і Максім Вінярскі былі арыштаваныя супрацоўнікамі міліцыі ўвечары 21 верасня за правядзенне ў цэнтры Менска акцыі салідарнасці.

Каля 10 актывістаў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» увечары 21 верасня вышлі на плошчу Якуба Коласа з партрэтамі палітвязняў Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі і Арцёма Дубскага. Маладыя апазіцыянеры скандавалі «Свабоду палітвязням!». Акцыя доўжылася 20 хвілінаў. Калі яе ўдзельнікі сталі разыходзіцца, нарадам міліцыі былі затрыманыя моладзевыя лідэры Яўген Афнагель і Максім Вінярскі.

Актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» даставілі ў Савецкі РУУС Менска.

Позна ўвечары Афнагель быў вызвалены без складання пратаколу. Вінярскі ж быў абвінавачаны ў парушэнні артыкула 23.34 Адміністрацыйнага кодэкса і правёў ноч у турме на вул. Акрэсціна. Сёння яго будуць судзіць у судзе Савецкага раёна.

«Міліцыянты палічылі, што я не ўдзельнічаю ў акцыі, паколькі ў момант іх прыбыцця я стаяў з фотаапаратам. Але ў дачыненні да Вінярскага быў складзены пратакол. Супрацоўнікі Савецкага РУУС разумелі, што парушаюць закон – стаянне з партрэтам на вуліцы не з'яўляецца несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам. Яны заявілі, што выконваюць загад кіраўніцтва. Відавочна, што ўлады хочуць запалохаць людзей, але акцыі з патрабаваннем вызвалення палітвязняў усё роўна будуць працягвацца», -- паведаміў Яўген Афнагель сайту www.charter97.org.

Нагадаем, што 8 лютага ў Ваўкавыску былі затрыманыя Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка. 18 лютага ваўкавыскім прадпрымальнікам было прад'яўлена абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» узбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13).

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

Ваўкавыскага прадпрымальніка Юрыя Лявонава вызвалілі з менскага следчага ізалятара 8 жніўня. У дачыненні да яго спыненыя следчыя дзеянні. Як чакаецца, судовы працэс па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў можа пачацца ў лістападзе.

Актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі 7 ліпеня 2009 года быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбыцця пакарання па «справе 14-ці».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках