25 лiстапада 2024, панядзелак, 14:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Менск-Арэна» пустуе – арэнда велатрэку каштуе шалёных грошай

32

Аказваецца, новы велатрэк працуе ўжо 8 месяцаў, аднак беларускія спартоўцы не могуць дазволіць сабе арэнду памяшкання.

Днямі газета «Прессбол» шакавала сваіх чытачоў інфармацыяй: велатрэк «Менск-Арэны» пачаў дзейнічаць ужо 8 месяцаў назад, але па прызначэнні ён амаль не выкарыстоўваецца, паведамляе svabodaby.net.

Дырэктар менскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы па веласпорце Менгарвыканкама Ігар Скачкоў распавёў сумную гісторыю. Адразу пасля таго, як велатрэк пачаў дзейнічаць, там з’явіліся юныя спартоўцы, якія займалі трэк ад раніцы да вечара. Але прайшоў месяц, і школа атрымала рахунак: 16 мільёнаў рублёў — па 300 тысяч за гадзіну.

Такіх грошай ні ў школы, ні ў яе канкурэнтаў з таварыства «Дынама» няма. Таму юныя веласіпедысты сышлі з «Менск-Арэны». І цяпер яна пустая.

Велатрэк у Мінску з’явіўся дзякуючы знакамітай веласіпедыстцы Наталлі Цылінскай. Аднойчы яна ў ліку іншых спартоўцаў патрапіла на прыём да Аляксандра Лукашэнкі. Беларускі кіраўнік запытаўся: «Чаго табе, Наталля, не хапае для поўнага шчасця?» Цылінская адказала: «Добрага велатрэка ў Мінску!» «Будзе велатрэк», — паабяцаў Лукашэнка.

Гэтым разам Лукашэнка сваё слова стрымаў. Але калегі Цылінскай ў сувязі з усім гэтым знаходзяцца ў роспачы.

«Больш за ўсё мяне здзіўляе гэты маразм, — кажа Скачкоў. — 8 месяцаў прайшло, як адкрыўся велатрэк, а ён пусты! І грошай на ім ніхто не зарабляе, і не трэніруецца ніхто».

Дарэчы, пра грошы. Дырэкцыя «Менск-Арэны» таксама не па сваёй волі ўсталявала такія непад’ёмныя тарыфы. Ёй даведзены план, у адпаведнасці з якім на гэтым этапе велатрэк мусіць зарабляць 300 мільёнаў рублёў у месяц. Праўда, пакуль што ён правальваецца са страшэнным трэскам: да прыкладу, у чэрвені зарабілі ўсяго 3 мільёны!

Неўзабаве ў Менску пачне дзейнічаць Лядовы палац, адкрыццё якога прымеркавана да 7 лістапада. Ён разлічаны больш за 15 тысяч гледачоў. Настаўнікі менскіх школ ужо наперад «смакуюць» перспектыву: менавіта ім даводзілася забяспечваць наведвальнасць Палаца спорту, які разлічаны на 3,5 тысячы гледачоў, а таксама важных спаборніцтваў такіх, як калядны хакейны турнір з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Вучняў прымусова гналі на трыбуны, каб стварыць уражанне аншлага. Цяпер тое ж самае будзе і з Лядовым палацам, толькі там месцаў амаль у 5 разоў больш.

А яшчэ плануецца пабудаваць Лядовы палац у Чыжоўцы, прыкладна на 10 тысяч гледачоў. Улада захапілася спартовай гігантаманіяй і не зважае на тое, што ў дзяржаве хапае іншых праблем.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках