24 лiстапада 2024, Нядзеля, 22:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шварцэнберг апраўдваецца за сустрэчу з апошнім дыктатарам Еўропы

4

Зараз экс-кіраўнік МЗС Чэхіі заяўляе, што нельга быць сябрам Еўразвяза без выканання правоў чалавека.

Былы кіраўнік МЗС Чэхіі Карэл Шварцэнберг даў інтэрв’ю «Радыё Свабода» і адказаў на шэраг вострых пытанняў:

-- Спадар Шварцэнберг, прайшло амаль 4 месяцы з дня, калі было ўтворана «Усходняе партнёрства», і да яго далучылася Беларусь. Так атрымалася, што менавіта Вы, як тагачасны міністр замежных спраў Чэхіі, якая тады старшынявала ў ЕЗ, перадалі запрашэнне ў партнёрства Аляксандру Лукашэнку. У мінулым Вы былі дысідэнтам, змагаліся з рэпрэсійным камуністычным рэжымам Густава Гусака. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі таксама дастаткова аўтарытарны і рэпрэсіўны. Ці не адчувалі Вы іронію вашай сітуацыі, прывозячы такое запрашэнне ў Менск?

-- Бачыце, міністр замежных спраў мусіць сустракацца з усімі. Гэта падобна да абавязку святара, які не можа выключыць грэшнікаў. Часам гэта мой галоўны занятак — размаўляць з грэшнікамі – так, як размаўляе святар. Таму я не бачу ў гэтай паездцы нічога іранічнага. Яна была даволі забаўнай і займальнай для мяне. Яна была часткай маёй працы ў якасці міністра замежных спраў.

-- Вы былі практычна першым прадстаўніком Еўропы, які публічна агучыў адну важную ўмову нармалізацыі адносінаў паміж афіцыйным Менскам і Еўразвязам. Яшчэ ў лютым сёлета Вы заявілі, што ў выпадку прызнання незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі Беларусь «сутыкнецца з вельмі сур’ёзнымі праблемамі» з удзелам у праграме «Усходняе партнёрства», паколькі апынецца «па-за еўрапейскім кантэкстам». Але ці не атрымалася так, што менавіта геапалітычная чыннікі мелі і маюць вырашальнае значэнне ў цяперашняй палітыцы Еўразвяза адносна Беларусі? А што да правоў чалавека – добра, калі б Беларусь іх прытрымлівалася. Але калі не будзе, дык усё роўна месца ва «Усходнім партнёрстве» для Беларусі і так застанецца?

-- Тут шмат якія чыннікі адыгрывалі ролю. Безумоўна, мы спрабавалі прыцягнуць Беларусь у Еўропу, каб яна была ў меншай ступені залежнай ад Расеі і захоўвала сваё незалежнае становішча. Безумоўна і тое, што нельга быць паўнапраўным удзельнікам Еўразвяза ці нават яго блізкім сябрам, калі не паважаюцца правы чалавека. Але часам трэба проста пачаць нейкую палітыку і паглядзець, што з яе атрымаецца.

-- Спадар Шварценберг, а як вы разумееце паняцце «маральная палітыка»?

-- Маральная палітыка — гэта тады, калі вашы мэты чыстыя ў сэнсе маральнага кодэксу, і калі сродкі дасягнення гэтых мэтаў усё яшчэ сумяшчальныя з маральнымі прынцыпамі. Але ў сваім жыцці вы не сустракаеце толькі прыстойных людзей — вы не сустракаеце іх ні ў асабістым, ні ў дзелавым жыцці. І няма толькі адных цудоўных людзей у палітыцы. Як я ўжо вам казаў, у працы міністра замежных спраў даводзіцца гаварыць амаль з усімі, каб шукаць магчымасці для паразумення. Калі такі міністр можа прадухіліць пагаршэнне сітуацыі, калі ён можа забяспечыць незалежнасць краіне — гэта і ёсць маральная палітыка.

-- А цяпер пытанне ці не пра самую галоўную тэму ўсясветнай палітыкі апошніх дзён. Адміністрацыя прэзідэнта Абамы прыняла рашэнне адмовіцца ад размяшчэння ў Чэхіі і Польшчы элемэнтаў сістэмы супрацьракетнай абароны. Вы ў свой час на пасадзе кіраўніка чэскага МЗС зрабілі шмат, каб гэты праект быў рэалізаваны. Як Вы ацэньваеце гэтае рашэнне прэзідэнта ЗША? Ці згодны Вы з ацэнкай некаторых, што ЗША гэтым рашэннем «прадалі» Усходнюю Еўропу Расеі? На Ваш погляд, ці паменшыла гэтае рашэнне бяспеку Чэхіі – калі не ў ваенна-тэхнічным, то ў псіхалагічным плане?

-- Я не ўжываў бы тут такіх моцных словаў. Я думаю, такая ацэнка крыху перабольшаная. Я заўсёды спадзяваўся, што кожны амерыканскі прэзідэнт будзе весці палітыку, адпаведную інтарэсам перш за ўсё амерыканскага народу. Відавочна, і прэзідэнт Абама, і яго адміністрацыя перакананыя, што робячы гэтую вельмі важную саступку, яны заручаюцца падтрымкай Расеі ў сваёй палітыцы адносна Ірану. Гэта, як я думаю, галоўная прычына такога рашэння амерыканскага прэзідэнта і яго адміністрацыі. І нам трэба пагадзіцца з гэтым рашэннем наконт амерыканскага радару, які меўся быць размешчаны на чэскай зямлі. Чэхія, як і ЗША, належыць да паўночнаатлантычнаага альянсу, але не забывайма, што радар усё-ткі быў амерыканскі. І толькі ад амерыканцаў залежыць, дзе яго паставіць.

Мы надалей знаходзімся і ў НАТА, і ў Еўразвязе, а таму я не думаю, што нашай бяспецы нешта сур’ёзнае пагражае. Безумоўна, з увагі на шмат прычынаў было б добра, каб і ў нашым рэгіёне была амерыканская вайсковая прысутнасць. Гэта пакуль што выключана. Пабачым, што будзе праз пяць ці дзесяць гадоў, як будуць развівацца падзеі. Я ўпэўнены, што ў выпадку нейкага сур’ёзнага крызісу Амерыка будзе нашым надзейным саюзнікам. Але, безумоўна, гэтае рашэнне ставіць нас у крыху нязручнае становішча. Бо ўрад, якія я меў гонар прадстаўляць як міністар замежных спраў, прыклаў шмат намаганняў, каб ажыццявіць гэты праект.

Але я не думаю, што амерыканцы камусьці прадалі Усходнюю Еўропу. Рашэнне выразна паказвае, што амерыканскія палітычныя прыярытэты цяпер знаходзяцца ў іншым месцы — на Блізкім Усходзе, у Іране і ў Персіцкай затоцы. Таму амерыканская адміністрацыя хоча мець лепшыя адносіны з Расеяй, бо назбіралася шмат праблем, якія гэтым краінам трэба вырашыць разам. Таму яны зрабілі гэты крок. Нам трэба з ім пагадзіцца. Жыццё застаецца жыццём, а палітыка — палітыкай.

-- Дапусцім, што гэтай восенню Беларусь прызнае незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Што гэта, па-вашаму, будзе азначаць для праекту Усходняга партнёрства?

-- Я ўжо не адказваю за замежную палітыку Чэскай рэспублікі. І я не знаходжуся ў наўпроставым кантакце з маімі калегамі, таму я не ведаю, што яны думаюць пра такі паварот падзеяў. Я скажу так: такі крок без сумневу пагоршыць сітуацыю Беларусі. Беларусь тады паставіць сябе нароўні з такімі краінамі, як Нікарагуа і Венесуэла, а гэта наўрад ці паправіць яе пазіцыю ў Еўропе. Якая будзе фармальная рэакцыя Еўропы на такое прызнанне — я не ведаю. З гэтым пытаннем звяртайцеся да майго наступніка ў Празе ці, напрыклад, да міністра замежных спраў Вугоршчыны.

-- На вашу думку — думку чалавека, які пражыў жыццё, будучы як на самым яго дне, так і на самай яго вяршыні — ці цяперашняе пакаленне беларусаў, якім ад 18 да, скажам, 50 гадоў, маюць шанец жыць у дэмакратычнай, еўрапейскай Беларусі?

-- Як правіла, такія рэжымы паміраюць адразу пасля таго, як сыходзіць чалавек, які трымаў усю ўладу ў сваіх руках.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках