25 лiстапада 2024, панядзелак, 12:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Злотнікаў: Хутка Беларусі наогул не будуць даваць крэдытаў

29

Сума знешніх запазычанняў Беларусі настолькі вялікая, што пагражае незваротам гэтых даўгоў.

Наколькі вялікая патрэба Беларусі ў новых крэдытах? Чаму краіна не прывабная для замежных інвестараў? Як доўга Беларусь можа заставацца плацёжаздольнай? Для «Заўтра тваёй краіны» прааналізаваў эканаміст Леанід Злотнікаў.

-- Вось і Венесуэла гатовая працягнуць «братэрскай Беларусі» руку фінансавай дапамогі. Наколькі неабходныя сёння нашай краіне новыя пазыкі?

-- Беларусі вельмі патрэбныя грошы, таму што прадпрыемствы «праелі» частку абаротных сродкаў. Каля 44% прадпрыемстваў неплацёжаздольныя. Ім патрэбная дапамога, субсідыі з боку дзяржавы. У такой сітуацыі лепшая падтрымка – гэта валюта. Бо амаль палова рэсурсаў, якія прадпрыемствы затрачваюць на арганізацыю вытворчасці -- закупкі за мяжой.

Урад не хоча змяняць эканамічную сістэму, рабіць яе эфектыўнай. Ён хоча падтрымліваць тое, што ёсць. А для гэтага патрэбная знешняя падтрымка, паколькі ўнутраных рэзерваў для захавання сістэмы ўжо недастаткова.

-- Якія наступствы для прадпрыемстваў пастановы Савета Міністраў № 1000, якая загадвае ўзгадненне нават неабходнага імпарту, тых жа камплектуючых з-за мяжы, з чыноўнікамі на ўзроўні віцэ-прэм'ераў?

-- У шмат якіх галінах, напрыклад, у машынабудаванні ці хімічнай прамысловасці немагчыма імгненна замяніць імпартныя камплектуючыя ці матэрыялы.

Да прыкладу, ліставы пракат (металургія). У Беларусі катаны ліст са сталі практычна не вырабляецца, мы яго купляем за мяжой, і замяніць яго няма чым. Наогул за мяжой набываецца вельмі шмат камплектуючых. За пару месяцаў гэта замяніць немагчыма.

Можна абмежаваць імпарт спажывецкіх тавараў, але надвор'я на рынку гэта не робіць, паколькі асноўнае ў імпарце – прамежкавыя тавары. Тэхналагічная неабходнасць такога імпарту складзе як мінімум год-два, хоць і тут нічога істотна не зменіш, таму што маленькая краіна не ў стане замкнуць усю вытворчасць унутры сябе, вырабляючы для сябе ўсе дэталі і камплектуючыя.

-- Спачатку з'яўляецца пастанова Саўміна № 991, якая ставіць на вушы ўсю Беларусь, потым яе хуценька адмяняюць, а потым ізноў ж пад покрывам таямніцы з'яўляецца пастанова № 1000, якая не шмат чым адрозніваецца ад папярэдняй. Каму гэта выгодна?

-- Нікому. Гэта проста сведчанне бесталковасці дзяржаўнага апарата, які патрапіў у нязвыклыя для сябе ўмовы і спрабуе неяк ўплываць на нашыя прадпрыемствы і на іх узаемадзеянне са знешнім светам. Усё гэта адбываецца ад безвыходнасці.

-- Зразумела, што грошы краіне зараз вельмі патрэбныя. Але наколькі небяспечнае ў перспектыве для Беларусі назапашванне крэдытаў?

-- За першыя шэсць месяцаў гэтага года знешні доўг вырас на 2,5 мільярды даляраў. За год атрымліваецца 5 мільярдаў. Яшчэ год-два, і мы станем краінай, якой не будуць пазычаць, таму што мы вычарпаем тыя магчымыя межы, калі сума знешніх запазычанняў пагражае незваротам гэтых даўгоў.

Але Беларусі ўжо і цяпер запазычанне пагражае незваротам. Можна ўзгадаць, як міністр фінансаў Расеі Кудрын ахарактарызаваў крэдытаздольнасць Беларусі: навошта пазычаць Беларусі мільярды на АЭС, хіба зможа яна аддаць? І Кудрын жа задаў не пустое пытанне, таму што мы, у асноўным, праядаем крэдыты, за кошт гэтых сродкаў падтрымліваем, а не рэфармуем прадпрыемствы.

У той жа час замежныя інвестыцыі ў Расеі зараз шмат у чым накіраваныя на развіццё новых, больш высокатэхналагічных вытворчасцяў. Прывяду прыклад Кашырскага кластара. Там падчас візіту прэзідэнта ЗША Абамы была дасягнутая дамоўленасць аб будаўніцтве заводу па вытворчасці сельгастэхнікі пад Кашырай, інвестыцыі складуць 880 мільёнаў даляраў.

На прыкладзе Кашырскага кластара мы бачым, як нават у перыяд крызісу замежныя інвестары ўкладваюць грошы і ствараюць новую вытворчасць. Там таксама ствараецца кластар па вытворчасці дэталяў для легкавых аўтамабіляў і сельгастэхнікі. Там наладжваецца буйное металургічнае прадпрыемства па вытворчасці спецсталі. Побач з Кашырай будуецца новы горад на 220 тысячаў чалавек. Прыцягваюцца інвестыцыі, якія ствараюць будучыню. Нічога падобнага ў Беларусі няма. У нас інвестыцыі ідуць на захаванне неэфектыўнай вытворчасці, якая пасля таго, як крызіс скончыцца, будзе яшчэ больш неканкурэнтнай.

-- Чаму Беларусь не прывабная для замежных інвестараў?

-- Ёсць шмат момантаў, якія іх адпужваюць. У перыяд крызісу абвастрылася канкурэнтная барацьба паміж краінамі за прыцягненне інвестыцыяў, за стварэнне лепшых умоваў. Які б грубы капіталізм не быў у Расеі, там усёткі рынкавая эканоміка, там робяцца крокі па развіцці рэальнага сектара.

А ў нас самая галоўная ўмова – інвестыцыйная дамова. Кожнаму інвестару дзяржава асобна вызначае ўмовы. Ужо адно гэта адпужвае бізнэсмэнаў. Гэта значыць - чыноўнікі, з якімі трэба дамаўляцца, карупцыя. Акрамя таго, стрымлівае парыванне інвестараў укладваць грошы ў Беларусь і недасканалае падатковае заканадаўства. Для інвестыцыяў у нас дрэнныя ўмовы. І, перш за ўсё, няма рынкавай эканомікі.

- Што рэальна трэба зрабіць для прыцягнення інвестыцыяў? Бо вышэйшае кіраўніцтва краіны паставіла задачу ўвайсці ў трыццатку самых прывабных для інвестыцый краінаў.

-- На паперы можна зрабіць усё. Хоць у дваццатку ўвайсці. Але ёсць неабходныя рэчы, якія трэба спачатку зрабіць: па-першае, правесці рэальную лібералізацыю эканомікі. Лібералізацыя эканомікі – гэта, перш за ўсё, свабода коштаў, а другое – дзяржава не дыктуе, што вырабляць, трэба адмовіцца ад усялякіх прагнозных паказчыкаў, справаздачаў у выканкамах кіраўнікоў прыватных фірмаў, якія не выконваюць план па вытворчасці спажывецкіх тавараў для насельніцтва ці план па аказанні паслугаў. Гэта сацыялізм, і з ім трэба скончыць.

-- А ці здольная дзяржава ў сваім цяперашнім выглядзе хаця б нават псіхалагічна пайсці на такія крокі?

-- Не, не здольная.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках