25 лiстапада 2024, панядзелак, 12:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: Даляр ужо даўно павінен каштаваць больш за 4,5 тысячы рублёў

30
Леанід Заіка: Даляр ужо даўно павінен каштаваць больш за 4,5 тысячы рублёў

Беларусь ужо страціла больш за палову валютнай выручкі, адзначаюць эканамісты.

Нацыянальны банк Беларусі мае намер у 2010 годзе скараціць межы калідора ваганняў курсу беларускага рубля да кошыка валютаў у межах 5%. Такую заяву зрабіў галоўны банкір краіны Пётр Пракаповіч, паведамляе «Заўтра тваёй краіны».

Былы старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч, не падзяляе аптымізму Пятра Пракаповіча.

«Магчыма, Пракаповіч лічыць, што рэзервы павялічацца, экспарт вырасце адсоткаў на дзесяць, эканоміка будзе бурна развівацца, мы атрымаем знешніх пазыкаў каля дзесяці мільярдаў даляраў, - адзначае эканаміст.

Паводле яго словаў, Расея плануе наогул правесці лібералізацыю валютнага рынка, а Беларусь наадварот збіраецца жорстка рэгуляваць курс рубля.

Кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка адзначае, што пакуль ідуць паступленні для падтрымкі нацыянальнай валюты з боку Міжнароднага валютнага фонду, цалкам можна казаць пра пэўную «кансервацыю» абменнага курсу.

З ім салідарны і Станіслаў Багданкевіч. Але, па словах былога кіраўнікі Нацбанка, адміністрацыйнае ўмяшанне ў эканоміку будзе шкодзіць экспарту. Эксперт лічыць, што прайшлі часы, калі Беларусь мела спрыяльныя знешнеэканамічныя ўмовы: вялікімі тэмпамі раслі кошты на нафтапрадукты, на калійныя солі, на метал, на хімічныя тавары.

Для стабілізацыі беларускага рубля, на думку прафесара Багданкевіча неабходныя наступныя ўмовы: мінімальны дэфіцыт знешнегандлёвага балансу, інфляцыя ў межах 3% - 5%, рэальны рост вытворчасці і павелічэнне ВУП.

«Але нічога гэтага пакуль няма, - падагульніў экс-кіраўнік Нацыянальнага банка Беларусі. – Можна, вядома, стрымліваць курс, але ў нас непазбежная дэвальвацыя нацыянальнай валюты ў наступным годзе. Я спасылаюся на дэфіцыт гандлёвага балансу, які не зніжаецца, а расце, на падзенне валютнай выручкі на 40%, што абавязкова павінна адбіцца на абменным курсе рубля».

Леанід Заіка падкрэслівае, што, калі б не было «знешняга забеспячэння» беларускага рубля, яго курс ужо даўно перавысіў бы 4,5 тысячы за даляр.

«Які эканаміст можа казаць пра стабілізацыю нацыянальнай валюты, калі мы ўжо страцілі больш за палову нашай валютнай выручкі? Статыстыка паказвае, што кожны месяц у гандлі з Расеяй мы губляем 750 мільёнаў даляраў. Гэта фантастычна негатыўны вынік. Так што пра ніякую натуральную стабілізацыю беларускага рубля няма і паміну» -- адзначае эксперт «Заўтра тваёй краіны».

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках