25 лiстапада 2024, панядзелак, 11:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Чалы: Рэальнае беспрацоўе можа складаць да 9 % насельніцтва

12

Хоць афіцыйна сцвярджаецца, што ўзровень беспрацоўя ў Беларусі нібы складае менш за адзін адсотак.

Наколькі рэальны гэты паказчык і як выглядае беспрацоўе сёння?

Айчынная сістэма ўліка беспрацоўных вельмі адрозніваецца ад міжнароднай, заявіў у інтэрв’ю выданню «Заўтра тваёй краіны» экс-міністр працы Беларусі Аляксандр Сасноў.

«Сістэма пабудавана на рэгістрацыі тых, хто прыйшоў у службу занятасці. А прыходзяць туды далёка не ўсе беспрацоўныя, бо асаблівага сэнсу ў гэтым няма», — адзначае эксперт.

Бо атрымаць статус беспрацоўнага (і тым больш – дапамогу) у Беларусі не так проста. Як правіла, беспрацоўнымі прызнаюцца не больш за 70-80% ад тых, хто звярнуўся, а дапамогу атрымліваюць толькі каля паловы з тых, хто быў прызнаны беспрацоўным.

Фактычна беспрацоўных у некалькі разоў больш, чым па афіцыйных лічбах, сцвярджае экс-міністр.

«Нават у самыя лепшыя савецкія часы, калі казалася, што беспрацоўя няма, яно было, - упэўнены Аляксандр Сасноў. – Напрыклад, звольніўся чалавек з працы і яшчэ не ўладкаваўся на іншую – ён шукае працу і па ўсіх крытэрах адносіцца да беспрацоўных, але яго такім у Беларусі не лічаць. Ёсць сезоннае, бягучае, застойнае беспрацоўе – розныя варыянты. А дзяржава спрабуе хаваць рэальныя лічбы па беспрацоўю, каб паказаць сябе ў лепшым выглядзе».

На думку Аляксандра Саснова, сёння трэба змагацца не з беспрацоўем, а з дэвальвацыяй розумаў, праводзіць рэформы ў эканоміцы, стымуляваць пэўныя віды дзейнасці.

«Трэба ствараць сістэму перанавучання тых, хто згубіў працоўнае месца ці прафесію, - мяркуе былы міністр працы. – Існуе маса мер па паляпшэнні наступстваў беспрацоўя. Калі кажуць пра барацьбу з беспрацоўем, мне гэта не падабаецца. Трэба змагацца за развіццё эканомікі», - падкрэслівае эксперт.

Як лічыць эканаміст Сяргей Чалы, беспрацоўе ў Беларусі сапраўды адносна нізкае.

«У крызіс у нас не вызваляюць працоўную сілу, як ва ўсім свеце, а пераводзяць яе на няпоўную занятасць, - кажа Сяргей Чалы. – Натуральна, афіцыйныя дадзеныя не адлюстроўваюць рэальнага становішча спраў, але ўзровень беспрацоўя ў нас сапраўды ніжэй за той, які мусіў быць. У Беларусі ўжо адбылося рэальнае зніжэнне прыбыткаў прадпрыемстваў, а прыбыткі насельніцтва яшчэ пакуль істотна не зменшыліся. Але гэта яшчэ наперадзе. Калі б у нас рэальна лічылі беспрацоўе з улікам няпоўнай занятасці, то мелі б адсоткаў дзевяць».

Сяргей Чалы прагназуе трэцюю хвалю крызісу, якая закране спажыўца. Першая, фінансавая хваля, «накрыла» міжнародныя інвестыцыйныя банкі і скончылася ў верасні мінулага года, пасля чаго крызіс перайшоў на рэальны сектар. І толькі зараз нас чакаюць рост дрэнных крэдытаў – іпатэчных, аўтамабільных, спажывецкіх – і зніжэнне спажывання, бо дагэтуль народ праядаў заначкі ці жыў у крэдыт.

«Адпаведна, гэта мусіць сказацца і на фінансавым сектары, і на рэальным. На першым – праз пагаршэнне крэдытных партфеляў, а на другім – за кошт паніжэння попыту, - удакладняе эксперт. – Нашая праблема ў тым, што мы яшчэ другую фазу не прайшлі, так што мы мусім атрымаць і тое, і іншае адначасова – і адэкватнае скарачэнне вытворчасці, і адэкватнае скарачэнне прыбыткаў».

Заўвага www.charter97.org: Нагадаем, што дапамога па беспрацоўю ў Беларусі на сёння складае ў даляравым эквіваленце менш за 16 даляраў ЗША.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках