26 лiстапада 2024, aўторак, 5:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Замест пахаванняў беларускіх пілотаў Лукашэнка паехаў на кансервавы завод

48

У той час як у Баранавічах польскі генерал называў нашых пілотаў героямі, беларускі кіраўнік у Тураве выказваў незадаволенасць кансервамі.

«Кіраўнік дзяржавы азнаёміцца з ходам прац па ўборцы кукурузы і новымі распрацоўкамі беларускіх сельгасмашынабудаўнікоў, а таксама наведае кансервавы завод у Тураве», – паведаміў 2 верасня тэлеканал АНТ у выніковым выпуску навінаў. Здавалася б, чарговы сюжэт, звыклыя піяр-інспекцыі палей вакол летняй рэзідэнцыі падчас уборачнай. Калі б не адна асаблівасць – першай навіной у тым начным выпуску было паведамленне пра прылёт з Польшчы вайсковага самалёту з целамі загінулых пад Радамам беларускіх пілотаў, піша газета «Наша Ніва».

На пахаванні пілотаў, якія адбыліся ўчора ў Баранавічах, выступіў камандуючы паветранамі сіламі Польшчы Анджэй Уласік. Паводле яго словаў, не генеральнай рэпетыцыі 28 жніўня шмат хто «бачыў і любаваўся віртуозным пілатажам Су-27». Уласік выказаў спачуванні родным і блізкім загінулых асабіста ад сябе, а таксама ад міністра абароны і начальніка генеральнага штаба Войска Польскага.

У той жа час у Тураве Лукашэнка выказваў незадаволенасць працай кансервавага заводу. Беларускі кіраўнік, які па некалькі разоў на год прымярае вайсковы мундзір і з задавальненнем узначальвае вайсковыя вучэнні, не прыехаў 3 верасня на развітанне з баранавіцкімі пілотамі.

Можна здагадвацца аб прычынах такога ігнаравання. Магчыма, гэта такі своеасаблівы клопат пра ўласны імідж – не супастаўляць ўласную асобу з трагедыямі. У любым выпадку, такія паводзіны Аляксандра Лукашэнкі рэзка кантрастуюць з дзеяннямі ягоных замежных калегаў у падобных сітуацыях. Цяжка ўявіць сабе Нікаля Сарказі, які б у такі момант паехаў інспектаваць вінаграднікі ці вінзаводзік недзе побач з Пірэнеямі.

Нагадаем, што беларускі знішчальнік Су-27 разбіўся 30 жніўня на авіяшоў у польскім горадзе Радаме. Два пілоты загінулі.

Фота Юліі Дарашкевіч, "Наша Ніва"

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках