26 лiстапада 2024, aўторак, 1:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі КДБ лечыць ад скаліёзу

4

Актывіст «Маладога Фронту» Андрэй Цянюта выпісаўся са шпіталя, дзе ён праходзіў паўторнае абследаванне ў межах прызыўной медкамісіі.

Урачы аспрэчылі заключэнне першай інстанцыі і паставілі Андрэю Цянюту дыягназ «скаліёз», панізіўшы ступень з 2-й на 1-ю. Са скаліёзам першай ступені яму пагражае 1,5-гадовая служба ў арміі. Па словах Андрэя, ён чакаў такога рашэння медычнай калегіі Гомельскага абласнога клінічнага шпіталя:

- На мінулым тыдні да мяне падышоў лечачы урач Аляксандр Віннік і намякнуў, што мой папярэдні дыягназ яны не пацвердзяць. Тут, вядома, не абыйшлося без уплыву КДБ. Думаю, урачы зрабілі менавіта тое, што было ў інтэрасах спецслужбаў, -- паведаміў актывіст сайту odsgomel.org.

26 жніўня Гомельскі гарадскі клінічны шпіталь №1 выдаў Андрэю Цянюту заключэнне, дзе пазначалася, што ён мае скаліёз другой ступені. У Гомельскім гарадскім ваенкамаце гэты дакумент праігнаравалі і адправілі прызыўніка на дадатковае абследаванне. З 31 жніўня Цянюта праходзіў абследаванне ў траўматалагічным аддзяленні абласнога шпіталя. У цэлым Цянюту пратрымалі ў шпіталі тыдзень, тады як звычайнага прызыўніка паспяваюць абследаваць за 3 дні. З маніпуляцыяў, якія праводзіліся з Цянютам, галоўнымі былі здымкі яго крывой хрыбціны. Агулам урачы зрабілі 10 здымкаў.

Цянюту спачатку выключылі з Бранскай сельскагаспадарчай акадэміі, потым выклікалі ў ваенкамат. Праз этап выключэння на шляху да арміі прайшлі таксама Зміцер Жалезнічэнка, Франак Вячорка, Іван Шыла. Усё гэта прызнаныя палітычныя жаўнеры.

Праваабаронцы таксама схіляюцца да меркавання, што ваенкамат нездарма ўзяўся за Цянюту:

- Па законе тут усё быццам бы правільна, - кажа Васіль Палякаў. - Але тут узнікае шмат пытанняў. Напрыклад, чаму ён аб сваім адлічэнні даведаўся пазней, чым ваенкамат? Гэта ўжо насцярожвае, таму што гэта не задача ваенкамата даведвацца, хто з беларусаў адлічаны з расейскага вну, а хто не. Тут, адназначна, мы бачым працяг гэтай кампаніі КДБ па прызыве актыўнай моладзі ў армію.

Аб падазронасці свайго адлічэння з Бранскай сельскагаспадарчай акадэміі кажа і сам прызыўнік:

- Запазычанасцяў як такіх у мяне не было, ды і дакумент аб маім адлічэнні падпісаныя задняй датай. Там стаіць подпіс толькі працаўніцы канцылярыі, а дэкана і рэктара подпісу няма. Да таго ж мая куратарка казала: «Калі б ты не займаўся палітыкай, дык і давучыўся, і дыплом атрымаў».

Сёння Андрэй Цянюта пойдзе ў ваенкамат пісаць скаргу на неаб'ектыўнае абследаванне і збіраецца патрабаваць праходжання незалежнай медыцынскай камісіі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках