25 лiстапада 2024, панядзелак, 8:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Пяткевіч: «Я шмат думала, што такое самарэгуляванне СМІ»

32

8 верасня ў Менску ў Нацыянальным прэс-цэнтры праходзіць семінар-трэнінг «Самарэгуляванне СМІ», арганізаваны Офісам АБСЕ і Мінінфармацыі.

У працы семінара ўдзельнічаюць прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта, Міністэрства інфармацыі, Офіса АБСЕ у Менску, Бюро прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ, прадстаўнікі арганізацыяў «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ) і «Беларускі саюз журналістаў» (БСЖ), журналісты, а таксама эксперты па сродках масавай інфармацыі з Бельгіі, Баўгарыі, Расеі і Беларусі.

Адкрываючы семінар, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч адзначыла, што падобныя мерапрыемствы ўжо становяцца традыцыяй. «Напярэдадні семінара я шмат думала, што такое самарэгуляванне СМІ. Часцяком, гэта ўспрымаецца аднабока, як незалежнасць і самастойнасць рэдакцыяў. Безумоўна, гэта так. Але, на маю думку, самарэгуляванне — шырэйшае паняцце, якое уключае самадысцыпліну і адказнасць журналістаў перад чалавекам, грамадствам і дзяржавай», — сказала Пяткевіч.

У якасці прыкладу яна прывяла сітуацыю, калі ў горадзе Глыбокае (Віцебская вобласць) былі выяўленыя парэшткі людзей, і некаторыя СМІ, не чакаючы экспертызы, паведамілі, што гэта былі пахаваныя нявінна забітыя палякі. «Я не разумею — гэта альбо нядобрасумленнасць журналістаў, альбо правакацыя», — сказала Пяткевіч. Пры гэтым яна адзначыла, што сёння адзначаецца Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў, але пра гэта, акрамя газеты «Советская Белоруссия», ніхто не напісаў.

Кіраўнік Офіса АБСЕ у Менску амбасадар Ханс-Ёхан Шміт сказаў, што ён удзячны арганізатарам семінара за яго правядзенне. «У Беларусі ёсць дзве арганізацыі, якія могуць аказаць вялікі ўплыў на развіццё самарэгулявання СМІ — гэта БАЖ і БСЖ, — сказаў дыпламат. — Я вельмі рады, што праводзіцца такая кампанія, як «Чысты Байнэт», закліканая нівеліраваць праблемы з аўтарскімі правамі ў інтэрнэце. Лічу, што самарэгуляванне СМІ — гэта эфектыўны інстытут вырашэння спрэчак. Шматлікіх пазоваў супраць незалежных СМІ, напрыклад газетаў «Новы час», «Віцебскі кур'ер М», «Комсомольская правда» в Беларуси», не было б, калі б інстытут самарэгулявання дзейнічаў больш эфектыўна».

Дыпламат выказаў надзею, што досвед экспертаў Заходняй Еўропы і Расеі ў гэтай галіне будзе карысны і для беларускіх журналістаў.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках