26 лiстапада 2024, aўторак, 6:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пяць пытанняў пра Аршанскую бітву

14

Прайшло 495 гадоў з таго дня, калі войскі Вялікага княства Літоўскага разбілі пад Оршай маскоўскія палкі.

Між тым вакол гэтай бітвы дагэтуль ламаюцца дзіды. Для кагосьці дата 8 верасня з'яўляецца Днём беларускай вайсковай славы, а для кагосьці — гэта толькі інтрыгі нацыяналістаў. «Салідарнасць» прапаноўвае вам пяць простых адказаў на пытанні, датычныя легендарнай бітвы пад Оршай.

1. Чым знамянальная Аршанская бітва?

Значнасць гэтай бітвы зусім не ў тым, што нашыя войскі разбілі маскоўскія, хоць дадзены факт таксама займае не апошняе месца. Нават у адным з расейскіх (!) гістарычных даведнікаў Аршанская бітва аднесена да ста найбольш вялікіх бітваў еўрапейскай гісторыі. Тады, 8 верасня 1514 года, 30-тысячнае войска ВКЛ, разграміла ўтрая большае па колькасці войска Маскоўскага княства.

Як вядома, у пачатку 16-га стагоддзя адбыўся геапалітычны падзел Еўропы паміж аўстрыйскай і маскоўскай імперыямі, у адпаведнасці з якім Вялікае княства Літоўскае падпадала пад уплыў Маскоўскага княства. Бітва пад Оршай вырашыла на той момант лёс незалежнасці ВКЛ.

2. Галоўныя героі бітвы

Камандаваў беларускімі войскамі гетман ВКЛ Кастусь Астрожскі. Князь, стараста брацлаўскі і вінніцкі, ваявода трокскі да 37 гадоў правёў больш за пяцьдзесят паспяховых бітваў супраць крымскіх татараў. У 1500 годзе ён прайграў бітву Маскоўскаму княству на рацэ Вядрошы, аднак праз 14 гадоў узяў рэванш.

Асноўнай часткай кавалерыі камандаваў Юры Радзівіл «Геркулес», асобнымі атрадамі — слуцкі князь Юры Аляльковіч, Іван Сапега.

Літоўскае войска рабіла стаўку на ўзаемадзеянне ўсіх родаў войскаў (цяжкай і лёгкай конніцы, пяхоты, і палявой артылерыі) на полі бою. І не пралічылася. Дзякуючы мужнасці і гераічнасці нашых жаўнераў адносна невялікае войска ВКЛ перамагло сілы, якія пераўзыходзілі яго амаль у тры разы.

На чале маскоўскага войска стаяў вялікі ваявода Іван Чаляднін.

3. Чаму «Дзень беларускай вайсковай славы»?

Перамога ў гэтай бітве з’яўляецца самай буйной у беларускай ратнай гісторыі. Дагэтуль, іншыя буйныя перамогі беларусы, як правіла, атрымлілвалі пры падтрымцы войскаў іншых дзяржаў.

Упершыню ў гэтай бітве мы здолелі пабачыць бел-чырвона-белыя сцягі конніцы Вялікага княства. Гэта знайшло адлюстраванне на карціне вялікага мастака «Бітва пад Оршай», напісанай праз некалькі год пасля самой бітвы.

На дзідах вершнікі мелі невялікія вымпелы, на якіх змяшчаліся белыя і дзве чырвоныя палоскі, якія каля дрэўца перасякаліся крыжом. Пазней гэты крыж знік, а чырвоная стужка стала павялічвацца. Фактычна гэты знак замацаваўся як наш вайсковы сцяг аж да самага 19-га стагоддзя і стаў правобразам беларускага сцяга.

4. У чым гістарычнае значэнне гэтай бітвы?

У бітве пад Оршай Вялікае княства Літоўскае адстаяла сваю незалежнасць. На некалькі дзесяцігоддзяў была спынена агрэсія Маскоўскага княства. Фактычна гэта бітва сарвала вялікі саюз Германскай імперыі, Тэўтонскага ордэна, крымскіх татараў і Маскоўскага княства. Пасля яе нямецкі імператар адмовіўся ад саюзу з Масквой, а ўступіў у саюз з вялікім князем Літоўскім і польскім каралём.

Па сутнасці, у выніку той бітвы ўсталявалася мяжа, якую мы зараз маем.

5. Чаму беларускія ўлады грэбуюць гэтай падзеяй?

Гэтае пытанне хутчэй рытарычнае. Здавалася б, важнасць гэтай бітвы для беларускай дзяржаўнасці відавочная, і гэтая ідэя магла б стаць выдатным аргументам у барацьбе за незалежнасць. Сапраўды, у савецкі час Аршанская бітва не ўзгадвалася нават у падручніках па гісторыі: вельмі ўж моцна не стыкавалася яна з прапагандысцкай ідэяй пра імкненне ўсіх славянскіх народаў пад крыло вялікага брата.

Шукаць ворагаў ва ўсходнім накірунку не было прынята і да нядаўняга часу. І сёння можна пачуць абвінавачванні на адрас прыхільнікаў святкавання Дня беларускай вайсковай славы ў залішнім нацыяналізме і палітызацыі гэтай падзеі. Зараз, калі інтэграцыйныя працэсы паступова сыходзяць на не, гэтае пытанне па ідэі ўжо не мусіць выклікаць у беларускіх уладаў такой боязі правініцца ў вачах расейскай дзяржавы. Аднак узгадаем, што літаральна на днях міліцыя разагнала бардаўскі фэст «Бітва пад Оршай».

Чым скончыцца прымеркаваная да ўгодак Аршанскай бітвы «бітва падушкамі», якая адбудзецца 8 верасня ў 19.00 у скверы Янкі Купалы (насупраць цырка), стане вядома ўжо вельмі хутка. Мерапрыемства дазволенае Менгарвыканкам, а арганізатары прапаноўваюць удзельнікам узяць з сабой сяброў і пазітыўны настрой, але ніяк не агрэсію.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках