26 лiстапада 2024, aўторак, 0:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маці Сяргея Каваленкі: «У сына можа здарыцца інсульт»

20
Маці Сяргея Каваленкі: «У сына можа здарыцца інсульт»

Сваякі віцебскага актывіста КХП БНФ, які быў арыштаваны за тое, што прымацаваў бел-чырвона-белы сцяг да галоўнай ёлкі Віцебска, хвалююцца за яго здароўе.

Маці апазіцыянера, Лідзія Каваленка, працуе дворнікам. Яна была на плошчы Перамогі Віцебска ў той момант, калі на навагодняй ёлцы з'явіўся бел-чырвона-белы сцяг. Як паведамляе «Радыё Свабода», жанчына моцна турбуецца, што ў міліцыі яе сына будуць збіваць і зневажаць.

«Я баюся, што яго будуць збіваць, і з яго будуць здзекавацца, -- кажа маці арыштаванага апазіцыянера. -- Я гэтага моцна баюся, таму што калі яго забіралі, міліцыянты былі такімі раззлаванымі, так стукнулі дзвярыма ў машыне… У мяне сэрца здрыганулася, калі яго забіралі і адвозілі».

Лідзія Каваленка заяўляе, што 7 студзеня Сяргей быў хворы: ён прымаў лекі, таму што ўрачы дыягнаставалі парушэнне мазгавога кровазвароту. Зараз маці арыштаванага актывіста апазіцыі турбуецца, што існуе небяспека інсульту ці інфаркту, бо пад арыштам лекаў не даюць. Яна збіраецца пісаць заяву, каб Сяргея Каваленку агледзелі ўрачы ці і зусім адпусцілі дадому.

Дома Сяргея Каваленку чакае 5-гадовы сын Валянцін. У сям'і прынялі рашэнне, што нічога не будуць тлумачыць дзіцяці – проста скажуць, што бацька ў ад'ездзе.

Па звестках сваякоў арыштаванага апазіцыянера, Сяргей Каваленка запатрабаваў, каб следчы і ахова ізалятара размаўлялі з ім выключна на беларускай мове.

Як ужо паведамляў сайт charter97.org, 7 студзеня апоўдні на вершаліне галоўнай гарадской ёлкі, усталяванай на плошчы Перамогі ў Віцебску, быў вывешаны бел-чырвона-белы сцяг.

Супрацоўнікі міліцыі ачапілі ёлку і выклікалі супрацоўнікаў МНС. Сцяг на вачах у сотняў жыхароў Віцебска здымалі з дапамогай пажарнай машыны. На плошчу прыехалі дзесятак міліцэйскіх машынаў і спецтэхнікі, гарадское і нават абласное міліцэйскае начальства. У людзей, якія гулялі на плошчы, сталі правяраць дакументы, абшукваць.

Пазней стала вядома, што за бел-чырвона-белы сцяг затрымалі актывіста КХП БНФ Сяргея Каваленку. У дачыненні да апазіцыянера была ўзбуджаная справа па артыкуле 339, частка 2 КК (хуліганства, здзейсненае паўторна, альбо групай асобаў, альбо звязанае з супрацівам асобе, якая спыняла хуліганскія дзеянні, альбо спалучанае з прычыненнем менш цяжкага цялеснага пашкоджання). Гэты артыкул прадугледжвае да шасці гадоў пазбаўлення волі. 10 студзеня, паводле рашэння пракурора Віцебска, Сяргей Каваленка быў змешчаны ў СІЗА тэрмінам на 2 месяцы.

Адзначым, што ў беларускіх турмах ужо знаходзяцца палітвязні: ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка, а таксама актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках