25 лiстапада 2024, панядзелак, 16:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гэта не беднасць, а галеча

33

За рысай беднасці ў Еўразвязе знаходзяцца тыя, у каго даходы ніжэй за 10 тысячаў даляраў у год, а ў Беларусі – у каго ніжэй за 1700 еўра ў год.

Рысай абсалютнай беднасці ў Беларусі лічыцца бюджэт пражытачнага мінімуму ці грашовы эквівалент кошту кошыка тавараў, які дазваляе даросламу чалавеку спажываць 2400 калорыяў у дзень і аплачваць мінімальныя нехарчовыя тавары і паслугі. Зараз малазабяспечаныя -- гэта тыя, хто мае рэсурсы (зарплата плюс ільготы ў натуральным выражэнні і чысты даход з асабістай дапаможнай гаспадаркі) ніжэй за суму 250 тыс. 70 рублёў у сярэднім на душу насельніцтва ў месяц. Такіх у Беларусі афіцыйна 6,1%, паведамляе «Заўтра тваёй краіны».

Зрэшты, на думку эканамістаў, больш поўна сутнасць з'явы характарызуе не абсалютная, а адносная бедната. Гэта калі сацыяльна-эканамічны статус чалавека ніжэй за той, што лічыцца нормай у грамадстве. У Еўропе да групы людзей, якія жывуць за рысай беднасці, адносяць тых, чый прыбытак на 60% ніжэй за сярэдні прыбытак на душу насельніцтва.

Варта адзначыць, што за рысай беднасці ў Еўразвязе знаходзяцца тыя, у каго прыбыткі ў сярэднім ніжэй за 10 тысячаў даляраў у год, а ў нас -- ніжэй, чым 1700 еўра ў год.

Самая нізкая адносная рыса беднасці ў Еўразвязе – крыху больш за 2 тысячы еўра ў год – у Літве, Латвіі і Польшчы. Паводле дадзеных статыстычнага ўпраўлення ЕЗ «Еўрастат» за 2008 год, у Латвіі 26% насельніцтва рызыкавалі апынуцца за рысай беднасці, у Літве -- 20%.

Да нядаўняга часу адносная беднасць ў Беларусі была практычна стабільнай: насельніцтва Беларусі альбо ўсё бяднела, альбо ўсё плаўна багацела. Скачкоў у няроўнасці даходаў не было.

«У апошнія ж гады колькасць абсалютна бедных грамадзянаў застаецца прыкладна аднолькавай, але назіраецца тэндэнцыя да павелічэння адноснай беднасці», -- падкрэслівае эканаміст Даследчага цэнтра Інстытута прадпрымальніцтва і мэнэджменту Аляксандр Чубрык.

Паводле дадзеных выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак, праведзенага Даследчым цэнтрам Інстытута прадпрымальніцтва і мэнэджменту, самая ўразлівая група з пункту гледжання беднасці -- дзеці да 15 гадоў. У Беларусі 12,5% з іх знаходзяцца за рысай беднасці. А вось людзі старэйшыя за 65 гадоў з пункту гледжання абсалютнай беднасці -- самая «нябедная» катэгорыя.

«Але сітуацыя радыкальна змяняецца, калі гаворка ідзе аб адноснай беднасці – тады пенсіянеры становяцца значна больш уразлівымі, чым дзеці, таму што гэта, як правіла, хатнія гаспадаркі, якія складаюцца з аднаго чалавека, якому прыходзіцца аплачваць камунальныя паслугі, -- падкрэслівае Аляксандр Чубрык. – Калі абсалютная беднасць сярод пенсіянераў складае 2,8%, дык адносная -- 19,1%».

Сельская мясцовасць – самая праблемная тэрыторыя і па абсалютнай, і па адноснай беднасці. Калгаснікі працуюць, але ўсё роўна застаюцца беднымі, паколькі праца іх з'яўляецца нізкааплатнай.

Далей сярод уразлівых групаў -- тыя, хто падрабляе ад выпадку да выпадку ці наогул сядзіць дома, але вырошчвае, напрыклад, прадукцыю на ўласным гародзе і прадае яе.

Узровень беднасці высокі сярод часовых працоўных мігрантаў, беспрацоўных, хатніх гаспадыняў і іншых катэгорыяў эканамічна неактыўных грамадзянаў.

Як адзначаюць эксперты, зараз у Беларусі патэнцыйна існуюць пагрозы павелічэння беднасці. Паводле іх ацэнак, вялікая верагоднасць эканамічнай рэцэсіі. Не выключана таксама, што дэвальвацыя працягнецца і выльецца ў інфляцыйна-дэвальвацыйную спіраль.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках