25 лiстапада 2024, панядзелак, 17:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Казахстан прэтэндуе на беларускія НПЗ

11

Заява Астаны прагучала на фоне чарговага абвастрэння расейска-беларускіх энергетычных перамоваў.

Чарговы раўнд энергетычных перамоваў паміж Расеяй і Беларуссю зноў праваліўся. Затое скарыстацца супрацьстаяннем Масквы і Менска, якое ўзмацняецца, захацелі ў Казахстане. Учора Астана заявіла пра цікавасць да беларускіх нафтавых актываў, піша расейская «Газета».

Пра планы Казахстана пашырыць энергетычнае супрацоўніцтва з Менскам заявіў учора амбасадар рэспублікі ў Беларусі Анатоль Смірноў. Паводле яго словаў, Казахстан гатовы забяспечыць загрузку беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў (НПЗ) у любой колькасці, якую яны змогуць прыняць.

«Гэтае пытанне абмяркоўвалася прэм'ерамі і прэзідэнтамі двух краінаў ужо даўно, але да стварэння Мытнага саюза нам перашкаджалі высокія пошліны», — заявіў Смірноў на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Цяпер перад Астаной адкрытыя магчымасці не толькі для паставак свайго паліва ў Беларусь, але і для далейшага экспарту прадуктаў нафтаперапрацоўкі ў Заходнюю Еўропу, адзначыў амбасадар. Пры гэтым ён недвухсэнсоўна даў зразумець, што Астана хацела б выступаць не толькі як пастаўшчык сыравіны, але і паўдзельнічаць у капітале беларускіх нафтавых актываў. «Беларускія НПЗ трэба мадэрнізаваць і павялічваць аб'ём перапрацоўкі», — сказаў Смірноў.

Мацнее раскол паміж саюзнікамі

Характэрна, што заява Астаны прагучала на фоне чарговага абвастрэння расейска-беларускіх энергетычных перамоваў. Учора стала вядома, што сустрэча «Интер РАО ЕЭС» і «Белэнерга», запланаваная на 19 студзеня, ізноў не адбылася. «Перамовы па транзіце электраэнергіі (у Калінінградскую вобласць) адкладзеныя па арганізацыйна-тэхнічных прычынах. Зараз ідзе ўдакладненне даты чарговага раўнда», — паведаміў прадстаўнік расейскай кампаніі.

Пытанне транзіту расейскай электраэнергіі ў Калінінградскую вобласць праз тэрыторыю Беларусі ўвязваецца Менскам з вырашэннем праблемаў паставак у рэспубліку расейскай нафты. Намер «Белэнерга» у пяць з паловай разоў падвысіць плату за транспартыроўку электраэнергіі з Расеі стаў адказам на рашэнне Масквы скараціць нафтавыя ільготы для Беларусі. Перамовы пра новыя умовы энергетычнага супрацоўніцтва дзвюх краінаў вядуцца з пачатку снежня, аднак рашэнне дагэтуль не знойдзенае.

Між тым сітуацыя на беларускіх НПЗ працягвае пагаршацца. Днямі крыніца «Інтэрфакса» у Менску паведаміла, што сутачны аб'ём перапрацоўкі нафты на заводах скараціўся ўжо на 40%.

Пошліны ў абмен на актывы

Расея заняла жорсткую пазіцыю ў перамовах з Менскам, аднак, на думку экспертаў, кампраміс усёткі магчымы.

Па словах кіраўніка аддзела Беларусі Інстытута краінаў СНД Аляксандра Фадзеева, Масква можа пайсці на саступкі ў абмен на гарантыі бесперабойнасці транзіту свайго паліва ў Еўропу — іншымі словамі, за права ўваходжання ў капітал нафтавых і нафтахімічных актываў Беларусі. Падобная схема ўжо была з поспехам выпрабаваная «Газпрамам»: у 2007 годзе ў абмен на газавыя ільготы Менск саступіў манаполіі 50% «Белтрансгаза».

Адзначым, што падштурхнуць Беларусь да прыватызацыі буйных прамысловых прадпрыемстваў Расея спрабуе ўжо не першы год. Упершыню гаворка пра гэта зайшла яшчэ ў 2003 годзе падчас перамоваў аб адзінай валюце ў межах Саюзнай дзяржавы. Масква праяўляла недвухсэнсоўную цікавасць да цэлага шэрагу актываў, у ліку якіх ААТ «Нафтан-Палімір», Гомельскі хімічны завод, ААТ «Гродна Азот» і ААТ «Магілёўхімвалакно».

Аднак, даўшы папярэднюю згоду на ўдзел расейскіх кампаніяў у беларускай прамысловасці, Менск паступова спыніў працэс зацягнутых у часе абмеркаванняў. Зрэшты, гандаль, як відаць, усёткі працягваецца: днямі Менск заявіў, што ў 2010 годзе будуць акцыянаваныя «Гомельтранснафта Дружба» і наваполацкае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства па транспарце нафты «Дружба» — прадпрыемствы, якімі прадстаўленая беларуская нафтатранспартная сістэма.

Разбіць расейскую манаполію

Мяркуючы па ўсім, паўдзельнічаць у прыватызацыі беларускіх энергетычных актываў вырашыў і Казахстан. «Заяву Астаны можна расцэньваць як рашэнне скарыстацца напружанасцю ў стасунках Масквы і Менска і ўключыцца ў гандаль», — лічыць аналітык Банка Масквы Дзяніс Барысаў.

Чаго хоча дамагчыся Казахстан, робячы заявы пра пастаўкі нафты ў Беларусь?

Аляксей Уласаў, гендырэктар Інфармацыйна аналітычнага цэнтра па вывучэнні грамадска-палітычных працэсаў на постсавецкай прасторы МДУ імя М.В. Ламаносава:

-- Па паветры Казахстан, вядома, нічога пастаўляць не будзе, таму што тады б нафта была б папросту залатой. Таму заява з яго боку выглядае як інструмант дадатковага мяккага ціску на Маскву, з тым каб усёткі ў дыскусіі вакол пытанняў па нафце Крэмль быў больш згаворлівым. Гэта значыць не вуснамі вышэйшага кіраўніцтва Казахстана, а вуснамі амбасадара ў Беларусі там спрабуюць заахвоціць Маскву да змякчэння сваіх пазіцыяў.

Аднак усё гэта можа не азначаць афіцыйнай пазіцыі Астаны. Я маю на ўвазе тое, што Астана і Менск пакуль канчаткова не аб'ядналіся. Хутчэй зараз ідзе такі працэс, які звычайна мае месца на перамовах паміж кампаніямі па заключэнні вельмі сур'ёзнага кантракту. Час ад часу ў СМІ арганізуюцца ўцечкі як спосаб ціску на партнёраў. Тым не менш яны не кажуць пра тое, што ў канчатковым выніку ўсё гэта мае на мэце зрыў перамоваў, хутчэй гэта мае на мэце дасягненне максімальнай выгады кожнага асобна ўзятага ўдзельніка.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках