25 лiстапада 2024, панядзелак, 11:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мытны саюз з Беларуссю пазбавіў расейцаў 3G-сувязі

13
Мытны саюз з Беларуссю пазбавіў расейцаў 3G-сувязі

Аператары не могуць увезці ў Расею абсталяванне для будаўніцтва сотавых сетак трэцяга пакалення.

З-за правілаў Мытнага саюза з Беларуссю і Казахстанам, якія ўступілі з 1 студзеня, імпарцёры базавых станцыяў сувязі павінны мець ліцэнзіі, парадак выдачы якіх яшчэ не вызначаны. Атрымліваючы частоты для 3G, аператары абавязаліся ўвесці большасць сетак у эксплуатацыю да чэрвеня 2010 года. Такім чынам, калі яны парушаць тэрміны, могуць пазбавіцца частотаў, піша NEWSru.com са спасылкай на «Коммерсант».

На Уладзівастоцкай мытні спыніўся працэс мытнага афармлення абсталявання Huawei, якое прызначалася для будаўніцтва сетак 3G, паведамляе газета са спасылкай на паволжскі філіял «МегаФона». Гэтае абсталяванне стаіць ў кантэйнерах на мытні з пачатку года, хоць па плане яго мантаж павінен быў распачацца ў канцы мінулага тыдня. Таксама затрыманая адгрузка станцыяў 3G для Паўночна-Заходняга філіяла аператара. Усяго на мяжы затрымалася 2-5% ад агульнай колькасці абсталявання, якое «МегаФон» планаваў увезці ў краіну ў 2010 годзе.

МТС і «Вымпелкам» таксама не могуць увесці абсталяванне для 3G, пацвердзілі дырэктарка дэпартамента грамадскіх сувязяў МТС Алена Каханоўская і кіраўнічка службы карпаратыўных камунікацыяў «Вымпелкама» Алена Прохарава. Па словах Каханоўскай, з 11 студзеня да цяперашняга часу МТС недаатрымала абсталявання больш чым на 10 млн даляраў.

Абмежаванні, якія ўступілі ў сілу з 1 студзеня ў межах Мытнага саюза Расеі, Беларусі і Казахстана, распаўсюджваюцца на ўвоз радыёэлектронных сродкаў і высокачастотных прыладаў грамадзянскага прызначэння, гэта значыць і базавых станцыяў для сетак сотавай сувязі. Цяпер іх імпарт павінен ажыццяўляцца на падставе ліцэнзіяў, якія выдаюцца ўпаўнаважаным дзяржорганам, які яшчэ не вызначаны. З аналагічнай прычыны з новага года ў Расею не могуць ўвезці і іншую прадукцыю.

Нават калі працэдуру атрымання ліцэнзіяў кампаніям патлумачаць заўтра, пастаўкі адновяцца не раней за другую палову лютага, бо тэрміны афармлення падобных ліцэнзіяў займаюць як мінімум 20 дзён, кажа дырэктарка па прававых пытаннях «МегаФона» Ганна Гараінава.

«Вялікая тройка» атрымала ўсе дазволы для 3G у траўні 2007 года. Паводле ліцэнзійных умоваў камерцыйныя сеткі 3G ва ўсіх 83 рэгіёнах Расеі «МегаФон» павінен запусціць не пазней 21 траўня (да цяперашняга часу асвоены толькі 61 рэгіён), МТС - 1 чэрвеня (абхопленыя 56 рэгіёнаў) гэтага года. «Вымпелкам» ахапіў усе рэгіёны ў лістападзе 2009 года, але паводле ліцэнзіі гэтага аператара ў красавіку надыходзіць дэдлайн па колькасці базавых станцыяў - іх павінна быць 3,5 тысячы, колькі ўжо ўсталявана, не раскрываецца. Масква пацерпіць менш за усё, сцвярджаюць аператары: абсталяванне для яе было ўвезенае яшчэ да атрымання ўсіх дазволаў на аказанне паслугаў 3G.

Ліцэнзія - дакумент, не які прадугледжвае прадпрымальніцкіх рызыкаў, незахаванне яго ўмоваў з'яўляецца падставай для адклікання ліцэнзіі ў судовым парадку, адзначае эксперт у галіне тэлекамунікацыйнага права Антон Багатаў.

Затрымкі з запускам сетак таксама азначаюць страчаную выгаду аператараў - ацаніць яе памер яны не бяруцца. У «МегаФоне» толькі адзначаюць, што ў тых рэгіёнах, дзе былі запушчаныя сеткі 3G, інтэрнэт-трафік іх абанентаў падвойваўся. У МТС па выніках 2009 года інтэрнэт-трафік за кошт запуску сетак 3G вырас у 15 разаў.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках