25 лiстапада 2024, панядзелак, 7:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адходы беларускай АЭС не змогуць вывезці з краіны

14

Вываз радыеактыўных адходаў з Беларусі ў Расею супярэчыць расейскаму заканадаўству.

Расея можа забіраць на перапрацоўку адпрацаванае ядзернае паліва з Астравецкай АЭС. З такой заявай выступіў намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк. Адначасова, як адзначае «Еўрарадыё», расейскае заканадаўства забараняе захоўваць адходы АЭС з іншых краін. Гэта пацвярджае расейскі фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі.

«Яшчэ на скандальных слуханнях у Астраўцы прадстаўнік «Расатаму» заявіў, што Расея не будзе займацца беларускімі адходамі. Гэта дакладна там было прамоўлена, уголас, пры сведках. Таму тут, мне здаецца, беларусы хітруюць. Ніякія адходы, вядома ж, у Расею не паедуць, бо гэта забаронена законам», - заяўляе Андрэй Ажароўскі.

Аднак у карпарацыі «Расатам» словы беларускага чыноўніка пацвердзілі. Дырэктар прэс-службы «Расатама» Сяргей Новікаў падкрэсліў, што адпрацаванае ядзернае паліва не з'яўляецца радыеактыўнымі адходамі, адпаведна ніякіх парушэнняў заканадаўства ў дамоўленасці няма. Таму з Астравецкай АЭС ядзернае паліва будзе вывозіцца на перапрацоўку.

Але з вывазам адпрацаванага паліва могуць узнікнуць праблемы. Для ўвозу яго ў Расею спатрэбіцца станоўчае заключэнне іх Дзяржаўнай экалагічнай камісіі літаральна па кожным вагоне з Астравецкай АЭС. Адной ініцыятывы карпарацыі для гэтага не дастаткова.

Акрамя спрэчак па радыеактыўнасці кожнага «астравецкага» вагона, Беларусь чакаюць і дадатковыя выдаткі. Дарэчы, у Расеі перапрацоўка ядзернага паліва далёка не танная: цана вагаецца ад 680 да 1500 даляраў за кілаграм. Усяго на перапрацоўку з Астравецкай АЭС штогод плануецца адпраўляць 26,7 тон адпрацаванага ядзернага паліва. Адпаведна, ад 1,8 да 4 мільёнаў даляраў. За 60 гадоў, на якія разлічана АЭС, перапрацоўка паліва будзе каштаваць ад 108 да 240 мільёнаў даляраў. Для параўнання, Нацыянальную бібліятэку пабудавалі за 90 мільёнаў, а агульны кошт рэканструкцыі палацавага комплексу Радзівілаў у Нясвіжы склаў 48 мільёнаў даляраў.

Акрамя таго, могільнік для захоўвання радыеактыўных адходаў Астравецкай АЭС будуць будаваць у любым выпадку. Аднак у Дэпартаменце па ядзернай энергетыцы адзначалі, што месца для яго пакуль не вызначана.

«На атамнай станцыі прадугледжваюцца сістэмы для апрацоўкі і захоўвання радыеактыўных адходаў - гэта эксплуатацыйныя адходы. Часцей за ўсё іх будуюць на тэрыторыі самой станцыі. Але сёння ў нас ёсць адходы чарнобыльскага ўтварэння, ёсць адходы бытавыя і гэтак далей. З імі нешта трэба рабіць. І таму, магчыма, частка адходаў станцыі будзе захоўвацца на агульнарэспубліканскіх могільніках. Гэта не абавязкова можа быць на станцыі: могуць быць выбраны іншыя месцы ў краіне», - заяўляюць у Дэпартаменце па ядзернай энергетыцы.

Такім чынам, атрымліваецца, што праектам будаўніцтва беларускай АЭС аўтаматычна прадугледжваецца і будаўніцтва могільнікаў для радыеактыўных адходаў. Нават калі адпрацаванае ядзернае паліва і будзе заставацца ў Расеі, кажа кандыдат тэхнічных навук, былы адказны сакратар камісіі Вярхоўнага Савета СССР «Па разглядзе прычын аварыі на Чарнобыльскай АЭС і ацэнцы дзеянні службовых асоб у пасляаварыйны перыяд» Юры Варонежцаў.

«Выпрацоўваецца шмат радыеактыўных адходаў, так званыя «змыўкі», - кажа Юрый Варонежцаў. - Гэта вада, якая знаходзіцца ў першым контуре. Часткова яна рэгенеруецца, потым выпарваецца і ствараюцца цвёрдыя радыеактыўныя адходы. Гэтыя адходы ніхто ні па якай дамове не забірае. Яшчэ ёсць вадкія адходы, якія застаюцца пасля апрацоўкі розных тэхналагічных вузлоў - яны таксама застаюцца ў нас. Такім чынам, кожная атамная станцыя, незалежна ад наяўнасці дамовы з краінай, што пастаўляе паліва, прадугледжвае будаўніцтва могільнікаў для адходаў».

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках