25 лiстапада 2024, панядзелак, 5:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

АБСЕ супраць указа аб цэнзуры інтэрнэту ў Беларусі

5

Новы закон не павінен стаць «абмежавальнікам свабоды слова ў інтэрнэце», заяўляюць у АБСЕ.

Так лічыць упаўнаважаны АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Міклаш Харашці.

«Добра, што ў апошнія два-тры гады беларускія ўлады імкнуліся ўстрымлівацца ад якіх-небудзь накіраваных супраць журналістаў акцыяў, закрыцця газетаў, празмернага выкарыстання паўнамоцтваў Міністэрства інфармацыі, — адзначыў Харашці ў інтэрв'ю БелаПАН. — Але нельга забываць, што законы, якія гэта дазваляюць, усё яшчэ дзейнічаюць, хаця пакуль не ўжываюцца».

Харашці падкрэсліў, што адмена заканадаўчых актаў, якія могуць быць выкарыстаныя для ціску на журналістаў, стала б «сведчаннем сапраўднага прагрэсу». «Пакуль гэта ўсяго толькі перадышка, але ніяк не прагрэс», — падкрэсліў ён.

Харашці таксама адзначыў, што ў АБСЕ занепакоеныя праектам закона аб рэгуляванні беларускай часткі інтэрнэту. «Як і ў шмат якіх іншых краінах, інтэрнэт у Беларусі з'яўляецца практычна адзінай крыніцай рознабаковай інфармацыі, — сказаў ён. — Тэлебачанне ў Беларусі не дае магчымасці для плюралізму меркаванняў, становішча незалежных газетаў вельмі хісткае, таму мы вельмі заклапочаныя магчымымі абмежаваннямі ў інтэрнэце».

Па словах Харашці, ён накіраваў ліст міністру замежных справаў Беларусі Сяргею Мартынаву, у якім заклікаў зрабіць усё магчымае, каб новы закон не стаў «абмежавальнікам свабоды слова ў інтэрнэце».

Кажучы пра тое, што 2010 год у Беларусі з'яўляецца годам выбарчых кампаніяў, Харашці падкрэсліў, што рэкамендуе беларускім уладам забяспечыць для прадстаўнікоў усіх палітычных партыяў «доступ да тэлебачання». «Для Беларусі тэлебачанне з'яўляецца той крыніцай, з якой большасць грамадзянаў атрымліваюць інфармацыю, таму ўсе палітычныя партыі павінны мець магчымасць з яго дапамогай данесці свой пункт гледжання», — сказаў Харашці.

Нагадаем, 14 снежня ў распараджэнне СМІ патрапіў праект указу «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента глабальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт». Праект указу значна ўзмацняе жорсткасць нагляду уладаў за інтэрнэт-карыстальнікамі і ўводзіць шэраг новых умоваў функцыянавання Байнэту.

У скандальным дакуменце ідзе гаворка пра блакаванне сайтаў паводле рашэння дзяржаўных органаў, ідэнтыфікацыю карыстальнікаў Сеткі, прыцягненне да адказнасці распаўсюднікаў інфармацыі ў інтэрнэце, а таксама дзяржаўнай рэгістрацыі інтэрнэт-СМІ.

Паводле першапачатковага праекту ўказу, хостынг беларускіх рэсурсаў абавязкова пераносіцца ў Беларусь, а каб выйсці ў інтэрнэт нават па беспарольным доступе, беларусам прыйдзецца спачатку прыйсці да правайдэра з пашпартам.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках