25 лiстапада 2024, панядзелак, 6:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нельга гуляць у гульні з дыктатарам

10
Нельга гуляць у гульні з дыктатарам

Толькі Беларусь без дыктатуры можа быць часткай Еўразвяза, лічаць лідэры грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» заўсёды наперадзе іншых на вулічных акцыях. Часта з сінімі стужкамі і сцягамі Еўразвяза. Самыя арганізаваныя і мабільныя. У традыцыйныя Дні салідарнасці яны першымі пачынаюць акцыі. На іх раўняюцца астатнія.

Частка гэтых хлапцоў прайшла праз школу «Зубра», які абвясціў пра самароспуск вясной 2006 года.

Дзіўным чынам «Еўрапейская Беларусь» не ўступае ні ў якія моладзевыя кааліцыі, але ўмудраецца захоўваць добрыя стасункі з іншымі арганізацыямі.

Пра наяўнасць «Еўрапейскай Беларусі» у гарадах сведчаць паўсюдныя сінія стужкі, а таксама палітычныя графіці.

Падаем тэкст размовы ў рэдакцыі «Нашай Нівы» з каардынатарамі кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўгенам Афнагелем і Паўлам Юхневічам.

Заснаваная ў 2008-м

«Наша Ніва»: Як узнікла «Еўрапейская Беларусь»?

Яўген Афнагель: Кампанія ўзнікла, бо апазіцыя павінна мець ясную альтэрнатыву палітыцы Лукашэнкі, цалкам скіраванай на Расею. Гэтай альтэрнатывай можа быць толькі Еўрапейскі Звяз. Для нас гэта адзіны спосаб абароны незалежнасці краіны. Беларусь павінна стаць часткай ЕЗ, часткай еўрапейскай цывілізацыі. Для гэтага патрэбная праца, таму і пачалі нашу кампанію.

«НН»: Чаму кампанію? Не арганізацыю, не партыю?

ЯА: Арганізацыя ці партыя — гэта жорсткая структура, іерархія, лідэр, намеснікі, афіцыйная рэгістрацыя. Для ўдзелу ў кампаніі не трэба запаўняць ніякія паперы. Прыйдзі да нас, вазьмі налепкі і наклей.

Калі лібералізацыя, то дазвольце спачатку нацыянальны сцяг

«НН»: А колькі чалавек налічвае «Еўрапейская Беларусь»? Вось «МФ» кажа пра тысячу прыхільнікаў.

ЯА: Я не магу сказаць, што шмат, бо шмат у апазіцыі ні ў кога няма. Патэнцыйных прыхільнікаў шмат. Але дакладную колькасць нашых актывістаў называць не хочацца.

«НН»: Вулічныя акцыі з’яўляюцца прыярытэтам дзейнасці «Еўрапейскай Беларусі»?

Павел Юхневіч: У той інфармацыйнай сітуацыі, якую мы маем, гэта галоўны інструмент, каб даносіць інфармацыю да людзей.

«НН»: Чаго яшчэ дабіваецеся, апроч уступлення краіны ў ЕЗ?

ПЮ: Праводзім кампанію па легалізацыі нацыянальнай сімволікі. Калі ўлада кажа пра лібералізацыю, то яна павінна пачацца з дазволу беспакарана выкарыстоўваць нацыянальныя сцяг і герб.

ЯА: Фармаванне дыктатуры ў 1995 годзе пачыналася з забароны бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня». Таксама мы вымушаны актыўна змагацца за вызваленне палітвязняў. Пакуль у краіне застаюцца палітычныя зняволеныя, патрабаванне іхняй свабоды і змаганне супраць рэпрэсій будзе адной з галоўных мэтаў дзейнасці.

ПЮ: Калі ў нас не будзе палітычных зняволеных, то гэта ўжо будзе троху іншая краіна, нават пры цяперашняй уладзе.

Апазіцыя пасталела

«НН»: Ціск на сяброў кампаніі апошнім часам зменшыўся?

ЯА: Хутчэй змяніліся формы. Па ранейшаму людзей затрымліваюць падчас вулічных акцый. Улады радзей саджаюць людзей на суткі, але замест гэтага іх збіваюць, сочаць, ціснуць, спрабуюць вербаваць. Даходзіць да таго, што пасля сустрэч у кавярнях туды заходзяць людзі ў цывільным і задаюць персаналу пытанні пра нас. Рэпрэсіі не зніклі. Адбываюцца страшныя рэчы, калі актывістаў невядома хто вывозіць за горад. Такое было са мной, з Уладзімірам Лемешам, з сябрамі іншых арганізацый. Таксама даюць нашмат большыя штрафы, чым раней.

ПЮ: Жорсткасць, пра якую казаў Яўген, я пабачыў на восеньскіх акцыях на Кастрычніцкай плошчы. У мяне вялікі досвед удзелу ў вулічных акцыях, але такой невытлумачальнай жорсткасці з боку міліцыі я яшчэ не бачыў. Біць сталі менш, але больш балюча.

«НН»: А саміх вас колькі разоў затрымлівалі?

ЯА і ПЮ (адначасова): Ужо збіліся з ліку.

«НН»: Маладых, якія прыходзяць у арганізацыю, папярэджваеце пра магчымыя наступствы?

ЯА: Звычайна адразу па максімуме кажам чалавеку, што з ім можа быць. Людзі, якія застаюцца ў апазіцыі, сапраўды вераць, што могуць нешта змяніць у краіне. Цяпер людзі застаюцца ў арганізацыях не каб насіць значок, а каб нешта рабіць. Прычым, часта для сябе небяспечнае.

ПЮ: Я хацеў бы яшчэ заўважыць, што апошнім часам значна вырас сярэдні ўзрост людзей, якія прыходзяць у апазіцыю, у моладзевы супраціў. Пяць гадоў таму гэта былі 15 16 гадовыя, цяпер — 18 22 гадовыя.

«НН»: З чым гэта звязана?

ЯА: Раней апазіцыя была нечым рамантычным. Моладзь ішла, бо гэта была даніна модзе. Я памятаю сябе ў 18 гадоў, калі я з гонарам насіў значак. Цяпер чалавек прыходзіць у апазіцыю пасля доўгіх разваг, ці варта яму туды ісці, рызыкаваць, пазбавіцца працы, вучобы, трапіць на суткі. А за гэта атрымаць толькі нейкую маральную выгаду. А тыя людзі, якія прыходзяць, ім не трэба нешта тлумачыць. Яны самі ўсё ведаюць і разумеюць.

«НН»: А хто лідэры «Еўрапейскай Беларусі»?

ЯА: Зразумела, што лідэры ёсць. Мне давядзецца называць чалавек 30 маіх знаёмых. Без кожнага з іх не было б таго, што маем зараз. Не магу кагосьці канкрэтнага выдзеліць. Баюся некага забыцца, пакрыўдзіць. З гэтымі людзьмі мы прайшлі праз вялікія выпрабаванні, і на іх сапраўды трымаецца «Еўрапейская Беларусь».

Лукашэнка не гарант

«НН»: А якое галоўнае адрозненне «Еўрапейскай Беларусі» ад іншых моладзевых ініцыятываў?

ЯА: Мы не зусім моладзевае ўтварэнне. У нас ёсць дарослыя палітыкі, у нас няма ўзроставага цэнзу. Па-другое, не ў крыўду будзе сказана іншым, мы прапаноўваем ясную еўрапейскую альтэрнатыву.

«НН»: Але ёсць, напрыклад, Рух «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча, які выступае таксама за еўрапейскі шлях для Беларусі. Нават «Еўрапейскі форум» правёў. Дык у вас з ім рознае разуменне еўрапейскасці?

ЯА: Асабіста для мяне мэта «Еўрапейскага форуму» была незразумелай. На жаль, некаторыя арганізацыі блытаюць ідэю захавання незалежнасці, еўрапейскага выбару з фактычнай падтрымкай дыктатуры. Толькі Беларусь без дыктатуры можа быць часткай Еўразвяза. Лукашэнка не можа быць гарантам нашай незалежнасці, як часам можна пачуць. Нават ускосна падтрымліваючы дыктатуру, нельга змагацца за свабоду і незалежнасць.

«НН»: Вы ні з кім не ствараеце хаўрусы. Але пры гэтым удаецца захоўваць з усімі добрыя стасункі.

ПЮ: Мы супрацоўнічаем з любымі здаровымі сіламі. А моладзь паміж сабой цудоўна разумеецца. У нас выдатныя стасункі з «Моладдзю БНФ», «Маладым фронтам», «Маладой Беларуссю». Той жа паказчык Плошчы, калі выходзяць прадстаўнікі розных арганізацый. Ёсць такія рэчы, якія нас трымаюць разам і яднаюць.

ЯА: Кааліцыі на паперках мала што значаць. Сапраўдныя кааліцыі выяўляюцца на Плошчы.

Грамадства чакае лідэра

«НН»: У мясцовых выбарах будзеце ўдзельнічаць?

ЯА: Ёсць розныя меркаванні. У выбарах сёння можна ўдзельнічаць толькі тады, калі яны спрыяюць перамозе над дыктатурай. Дзеля птушачкі — бессэнсоўна. Гуляць у гульні з дыктатарам мы не будзем.

ПЮ: Гэта як на парламенцкіх выбарах-2008. Нібыта тыя, хто ўдзельнічаў у іх, чакалі іншага.

«НН»: А ці бачны нейкі лідэр, які здольны павесці за сабой людзей?

ПЮ: Грамадства чакае з’яўлення чалавека, які скажа: «Я — супраць, пойдзем за мной». І за такім чалавекам сапраўды пойдуць.

ЯА: Я ведаю людзей, здольных перамагчы, але гаварыць пра гэта рана.

«НН»: Можна казаць, што «Еўрапейская Беларусь» з’яўляецца працягам «Зубра»?

ЯА: Не. Ёсць людзі, якія былі ў «Зубры». Асабіста для мяне гэта самы лёсавызначальны этап майго жыцця. Прысяга сябра руху «Зубр» прымаецца на ўсё жыццё. Я лічу сябе «зубром».

ПЮ: Для мяне людзі, якія былі ў «Зубры» — гэта паказчык якасці. Гэта стан душы. Класна, што ў «Еўрапейскай Беларусі» шмат людзей, якія раней былі ў «Зубры». Але гэта не адно і тое ж.

«НН»: Часта чуюцца нараканні, што вы выходзіце на акцыі не з бел-чырвона-белымі, а са сцягамі ЕЗ.

ЯА: Няхай пакажуць хоць адну акцыю, дзе мы былі без бел-чырвона-белых сцягоў. Мы вывесілі над праспектам сто нашых сцягоў, калі нехта здольны зробіць нешта падобнае, тады няхай і наракае.

Гутарыў Зміцер Панкавец

Яўген Афнагель нарадзіўся ў 1979 годзе ў Менску. Скончыў гістфак педагагічнага ўніверсітэта імя Танка (2001). У нацыянальным руху з 1996 года. Быў сябрам «Маладога фронту» (1996—2001). У 2001 быў заснавальнікам «Зубра». Жанаты.

Павел Юхневіч нарадзіўся ў 1984 годзе ў Менску. У нацыянальным руху ад 1999 года. Быў сябрам «МФ» (1999—2001). Заснавальнік «Зубра». Цяпер студэнт ЕГУ. Жанаты.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках