25 лiстапада 2024, панядзелак, 11:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Таннай нафты больш не будзе. Газу - таксама

17

Расея не збіраецца ануляваць пошліны на нафту і абяцае датэрміновы пераход на сусветныя кошты ў пастаўках газу.

Расейскім бокам не бяруцца ў разлік ніякія аргументы беларускіх уладаў. Аб перспектыве развіцця Беларусі ў энергетычнай галіне даведалася «Радыё Свабода».

У адказ на рашэнне Эканамічнага суда СНД, які параіў уладам Беларусі і Расеі разгледзець пытанне аб часовым скасаванні пошлін на нафтапрадукты да вырашэння канфлікту, Мінюст Расеі заявіў: прысуд мае рэкамендацыйны характар, і прымусіць спыніць спагнанне пошлін не можа. Расейскія прадстаўнікі заявілі, што падчас чарговага пасяджэння судовай калегіі 19 студзеня 2011 года зноў будуць даказваць сваё права на пошліну. Афіцыйны Менск настойвае, што ў адпаведнасці з пагадненнем аб свабодным гандлі ні адзін з бакоў не павінен прымяняць пошліны. Паводле падлікаў, пры новай формуле страты беларускага бюджэту перавысяць 2 мільярда даляраў.

Між тым ужо з 1 лістапада пошліна вырасце на 25 даляраў і дасягне 292 даляры за тону замест цяперашніх $266,5. Нагадаем, у гэтым годзе Беларусь атрымае з Расеі бяспошлінна 6,3 мільёны тонаў нафты, астатнія 15 мільёнаў тонаў абкладаюцца 100-адсоткавай экспартнай пошлінай. У мінулым годзе пошліна разлічвалася з ужываннем каэфіцыента 0,3 ад расейскага памеру, і была беларускаму бюджэту цалкам па кішэні. Акрамя таго, спаганяецца пошліна і на прадукты нафтаперапрацоўкі - раней такой практыкі не было.

Эксперт у энергетычных пытаннях Аляксандр Мех лічыць, што Расеі надакучыла назіраць, як Беларусь перапрацоўвае танную расейскую нафту і потым гандлюе нафтапрадуктамі па сусветных коштах. Гэта значыць фактычна ўзбагачаецца цаной донарскіх паставак:

«Тут не столькі палітычны падтэкст, колькі простая сітуацыя. Праз нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы ў Беларусі адмываліся грошы. Сродкі як расейскія, так і ў межах Беларусі. Безумоўна, тут праглядаецца асаблівая зацікаўленасць, трэба разумець: гаворка ідзе пра грошы, якія не траплялі ў расейскі бюджэт. Калі атрымліваецца нейкая шчыліна, праз якую можна гэтую нафту збываць, прапускаць яе праз іншую мяжу і выходзіць на тыя ж самыя еўрапейскія рынкі, то грошы праходзяць міма расейскага бюджэту. А гэта моманты карупцыі. Фактычна гэта і ёсць карупцыя. Іншая справа, чаму гэтае пытанне не ўзнімалася раней у Дзярждуме Расеі? Бо менавіта яна павінна кантраляваць прыбыткі, якія нейкім чынам не пайшлі ў бюджэт Расейскай Федэрацыі. Бо нішто ніадкуль не бярэцца, нішто нікуды не знікае», - падкрэсліў эксперт.

Аналітыкі прадказваюць: калі бакі будуць прытрымлівацца старых пазіцый - Беларусь будзе патрабаваць саступак, а Расея - настойваць на рыначных адносінах, - зноў пачнецца паласа непаразумення. Прынамсі, на гэты момант ніякіх нафтавых перамоваў з Масквой не вядзецца. Праўда, беларускі бок спрабуе дыверсіфікаваць пастаўкі, што прапісана і ў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі.

Акцэнт, перш за ўсё на Венесуэлу, адкуль арганізаваныя танкерныя рэйсы праз парты Украіны і краін Балтыі. Гадавы аб'ём павінен дасягнуць 4-х мільёнаў тон, аднак кошт нафты не называецца - а гэта не дазваляе казаць аб эфектыўнасці такой схемы. У якасці яшчэ адной нафтавай альтэрнатывы называюць Іран, дзе «Беларусьнафта» разлічвае здабываць да 1,5 мільёна тонаў сыравіны штогод, а таксама Азербайджан - у гэтым годзе Лукашэнка дамаўляўся з Ільхамам Аліевым аб пастаўках каспійскай нафты праз тэрыторыю Грузіі і Украіны.

І калі расейскую нафту «разбавіць», відавочна, атрымаецца, то з прыродным газам перспектывы больш цьмяныя. 95% электраэнергіі ў Беларусі выпрацоўваецца за кошт спальвання газу. Аднак віцэ-прэм'ер расейскага ўрада Ігар Сечын даў зразумець: да пошліны на нафту можа дадацца і пошліна на газ - гэта акрамя таго, што з наступнага года сярэднегадавы кошт газу для Беларусі і так вырасце ад 185 даляраў за тысячу кубаметраў да 220 даляраў. Зрэшты, да гэтага часу згадвалася больш - 250 даляраў.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках