25 лiстапада 2024, панядзелак, 2:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Нарышкін: Расея гатовая супрацоўнічаць з новым прэзідэнтам Беларусі

163
Сяргей Нарышкін: Расея гатовая супрацоўнічаць з новым прэзідэнтам Беларусі

Кіраўнік адміністрацыі Прэзідэнта Расеі Сяргей Нарышкін падвергнуў жорсткай крытыцы беларускі рэжым.

На прэс-канферэнцыю ў Крамлі 13 кастрычніка былі запрошаныя журналісты беларускіх СМІ. Упершыню запрашэнне на прэс-канферэнцыю кіраўніцтва Расеі атрымаў і сайт charter97.org.

Кіраўнік адміністрацыі Прэзідэнта Расейскай Федэрацыі Сяргей Нарышкін у пачатку прэс-канферэнцыі адзначыў, што правесці дадзенае мерапрыемства яго прымусіла «занепакоенасць беларуска-расейскімі адносінамі».

«Мы па-ранейшаму лічым, што Беларусь - наш самы надзейны партнёр і саюзнік і разлічваем на паглыбленне і развіццё супрацоўніцтва. Але важна, каб яно мела узаемавыгадны і партнёрскі характар. Нам асабліва балюча канстатаваць, што з Менска гучаць беспадстаўныя абвінавачванні ў адрас Расеі, якія ўзмацніліся падчас перадвыбарнай кампаніі. Беларускія ўлады абвінавачваюць Расею ў спыненні саюзнага будаўніцтва, хоць шматлікія буйныя задачы ў межах саюзнай дзяржавы не вырашаныя з-за непатрэбнага падыходу беларускага боку. У гэтым годзе мы вырашылі перайсці ў адносінах з Беларуссю на ўніверсальны эканамічны прынцып, хоць Расея працягвала дапамагаць Беларусі льготнымі коштамі на энерганосьбіты. У выніку папрокі перайшлі на адкрытую лаянку і нават абразы. Прыклад таму - апошняя прэс-канферэнцыя Лукашэнкі для расейскіх СМІ. Справа не толькі ў тым, што гэта пагаршае атмасферу супрацоўніцтва. Гэта спробы разбурыць гадамі напрацаваныя сувязі і ўбіць клін паміж нашымі краінамі. Такім чынам напярэдадні выбараў беларускія ўлады спрабуюць растлумачыць свае ўласныя пралікі», - заявіў Сяргей Нарышкін.

Кіраўнік адміністрацыі Дзмітрыя Мядзведзева пералічыў гэтыя самыя эканамічныя пралікі беларускіх уладаў: нягледзячы на агульны рост ВУП, каля чвэрці беларускіх прадпрыемстваў працуюць «на склад»; не развітае канкурэнтнае асяроддзе; невялікі па аб'ёме прыватны сектар эканомікі.

На пытанне сайта charter97.org: «Сёння ўсім відавочна - і беларусам і ўсяму свету, - што Лукашэнка, які страціў падтрымку народа, пойдзе на фальсіфікацыю вынікаў хуткіх прэзідэнцкіх выбараў. Як у гэтым выпадку збіраецца адрэагаваць Расея?», - Сяргей Нарышкін заявіў:

«Безумоўна, нам не ўсё роўна, хто стане прэзідэнтам Беларусі, таму што такая падзея як прэзідэнцкія выбары з'яўляецца ключавой. Разам з тым, гэта непасрэдна ўнутраная справа Беларусі, які выбар зробіць яе народ. Адносіны будуць вызначацца не тым, каго абярэ беларускі народ, а ступенню адпаведнасці выбарчай кампаніі і саміх выбараў нормам беларускага і міжнароднага права».

Кіраўнік адміністрацыі Мядзведзева таксама заявіў, што расейскія ўлады турбуюць выкраданні і забойствы лідараў апазіцыі і незалежных журналістаў у Беларусі:

«Калі Расея не ўзнімала гэтае пытанне раней, гэта не значыць, што нас гэтае пытанне не хвалюе. Яно хвалявала нас заўсёды і вельмі хвалюе цяпер»,- заявіў Нарышкін.

Гаворачы пра беларускую апазіцыю, кіраўнік адміністрацыі Мядзведзева заявіў, што «любыя ўлады павінны лічыцца з апазіцыяй, у тым ліку кіраўніцтва Беларусі». Пры гэтым палітык адзначыў, што кантакты Крамля з беларускімі дэмакратамі магчымыя.

Палітык таксама адзначыў, што бачыў урыўкі з нашумелых фільмаў НТВ «Хросны Бацька»:

«У журналістаў таксама перапоўнілася цярпенне, і яны вырашылі правесці свае журналісцкія расследаванні».

Адказваючы на пытанне, ці пройдзеная «кропка незвароту» ў адносінах паміж Беларуссю і Расеяй, Сяргей Нарышкін адказаў:

«Нам важна, каб беларускае кіраўніцтва ўсвядоміла шкоднасць такой антырасейскай палітыкі. А таксама ўсвядоміла шкоднасць і недасканаласць палітыкі ў дачыненні да краіны і народа Беларусі. Інтарэсы беларускага народа заўсёды ляжаць у рэчышчы нашых узаемаадносінаў». Пры гэтым Нарышкін адзначыў, што незалежнасць Беларусі ніколі не ставілася кіраўніцтвам Расеі пад сумнеў.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Расеі заявіў, што ведае пра ўсіх патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі і ўпэўнены, што «большасць беларускіх выбаршчыкаў прагаласуюць не толькі за пэўнага кандыдата, але і за яго палітычны курс на супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расеяй».

Адказваючы на пытанне charter97.org, ці гатовая Расея будаваць новыя партнёрскія адносіны з новым прэзідэнтам Беларусі, Сяргей Нарышкін заявіў:

«Расея гатовая на самае шырокае супрацоўніцтва з новым прэзідэнтам Беларусі ў духу партнёрства і адкрытасці».

Напісаць каментар 163

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках