25 лiстапада 2024, панядзелак, 7:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто не любіць дыктатара, у таго адбяруць дзяцей?

71

Цынізм беларускай улады пераходзіць усе межы.

Сёння да намесніцы кіраўніка раённай адміністрацыі нечакана выклікалі выхавацельку аднаго з лепшых дзіцячых дамоў сямейнага тыпу ў Бабруйску. Прычынай выкліку стаў яе актыўны ўдзел у пікеце па зборы подпісаў за патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, піша «Наша Ніва» са спасылкай на блогера rastaev.

«Мне намякнулі, што калі я і далей буду працягваць удзельнічаць у гэтых пікетах, у мяне могуць адабраць дзяцей. Калі я спытала, а па якім праве, мне адказалі, што я - дзяржаўны супрацоўнік, а значыць магу збіраць подпісы толькі за аднаго кандыдата, і гэты кандыдат - Аляксандр Лукашэнка. Калі ж я збіраю подпісы за кандыдатаў ад апазіцыі, у дзяржавы ўзнікае пытанне, а ці правільна я выхоўваю дзяцей», - распавядае выхавацелька.

Варта адзначыць, што да гэтага часу дзяржава не мела прэтэнзіяў да гэтага дзіцячага дома: у горадзе ён адзін з найбольш паважаных, у ім выхоўваюцца 12 дзяцей, а саму выхавацельку не раз ставілі ў прыклад і запрашалі падзяліцца вопытам.

І вось цяпер гэтыя дзеткі, што спазналі цяпло сямейнага ачага, зноў рызыкуюць стаць сіротамі і апынуцца ў казённым доме, дзе няма ні любові, ні бацькоўскай ласкі, але затое ёсць «правільнае» разуменне таго, за якога кандыдата трэба ставіць подпіс.

«Я пакуль у шоку і на раздарожжы. Не ведаю, што мне рабіць далей... За сябе я не баюся - працу я сабе ў любым выпадку знайду - але што будзе з дзецьмі? У нас цяпер вялікая дружная сям'я - і як яны перажывуць, калі ўсё гэта абрынецца? Мусіць, прыйдзецца адмовіцца ад пікетаў», - прызналася выхавацелька.

Свайго імя жанчына таксама прасіла не называць.

А вось, што распавядае Святлана Абрамнікава, супрацоўніца ААТ «Белшына», якая ўваходзіць у склад ініцыятыўнай групы Віталя Рымашэўскага:

«На мінулым тыдні мяне выклікаў да сабе ў кабінет намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы. Калі я прыйшла, у яго на стале ўжо ляжалі мая працоўная кніжка і ўліковая картка. Ён пацікавіўся, ці добраахвотна я ўвайшла ў ініцыятыўную групу Рымашэўскага альбо мяне прымусілі. Я адказала, што добраахвотна.

Тады ён спытаў мяне пра маё сямейнае становішча, пра тое, ці вучацца мае дзеці. Я яму ўсё распавяла», - кажа Святлана Абрамнікава.

«Мы абодва ўваходзім у склад партый, але я – у «Белай Русі», а вы - у БХД, а гэта несумяшчальна з тым, што вы працуеце на дзяржаўным прадпрыемстве. У вас сям'я, дзеці... І як вы будзеце жыць далей, калі ў вас скончыцца кантракт?», - спытаў ідэолаг.

Па ходзе размовы ён папрасіў у Святланы пасведчанне ўдзельніка ініцыятыўнай групы, пакруціў яго ў руках і аддаў сакратарцы, каб яна зрабіла ксеракопію.

«А потым ён мне кажа: едзьце дадому, я вам патэлефаную, вы прыедзеце і напішыце адмову ад удзелу ў ініцыятыўнай групе. Я ледзь перажыла гэты дзень. Патэлефанавала нашаму каардынатару, яна мяне супакоіла, паабяцала, што прыме меры. Потым я даведалася: Рымашэўскі тэлефанаваў нашаму ідэолагу, і той паабяцаў, што больш не будзе мяне чапаць», - распавяла Абрамнікава.

Напісаць каментар 71

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках