25 лiстапада 2024, панядзелак, 4:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эксперты: Канфлікт Крамля з беларускім дыктатарам будзе абвастрацца

18

На думку палітолагаў, канфлікт паміж кіраўніцтвам Расеі і Беларусі пераходзіць у іншую фазу.

Рэдактар часопіса «Расея ў глабальнай палітыцы» Фёдар Лук'янаў звязвае канфлікт Лукашэнкі і расейскіх лідэраў з магчымай зменай прыярытэтаў у знешняй палітыкі Крамля.

Палітолаг паспрабаваў зразумець, з якой мэтай Масква пайшла на абвастрэнне. Ці толькі, як выказаўся Лук'янаў, каб паставіць беларускага «бацьку» на месца, ці Расея вырашыла памяняць прынцыповыя ўстаноўкі ў знешняй палітыцы, адмовіўшыся ад стварэння зоны ўплыву на постсавецкай прасторы на карысць «вялікай інтэграцыі» (уступленне ў СГА, развіццё больш цесных стасункаў з ЕЗ і Захадам у цэлым і іншае).

У інтэрв'ю «Нямецкай хвалі» Фёдар Лук'янаў прызнаў, што для яго застаецца незразумелай сутнасць стратэгіі Крамля. Па словах рэдактара «Расеі ў глабальнай палітыцы», калі зыходзіць з апошніх падзеяў, «трэнд ідзе ў абодвух накірунках» - па інэрцыі працягваецца руцінная праца ў межах «саюзнай дзяржавы» і Мытнага звяза, а з іншага боку, Масква ўсяляк імкнецца ўмацаваць сваю еўрапейскую палітыку.

Эксперт нямецкага фонду Бертэльсмана (Bertelsmann-Stiftung) Карнеліюс Охман (Cornelius Ochmann) мяркуе, што вышэйназваныя стратэгічныя накірункі не з'яўляюцца ўзаемавыключальнымі, у роўнай ступені адпавядаючы расейскім інтарэсам.

Без «вялікай інтэграцыі» з Захадам, на думку Охмана, Масква не зможа правесці мадэрнізацыю краіны. Ад захавання ўплыву на постсавецкай прасторы Крэмль таксама не адмовіцца, хаця яго палітыка тут заўважна змянілася. «Дастаткова параўнаць, як Расея паводзіла сябе на прэзідэнцкіх выбарах на Украіне ў 2004 і ў 2010 гадах», - тлумачыць Охман.

Карнеліюс Охман упэўнены, што канфлікт, перш за ўсё, звязаны не з палітыкай, а з эканомікай. Крэмль больш не жадае аказваць фінансавую падтрымку суседзям, як гэта было ў 90-ыя гады. Таму і цяперашняе беларуска-расейскае супрацьстаянне, дадае Охман, цалкам упісваецца ў канву палітыкі Расеі апошніх трох-чатырох гадоў на постсавецкай прасторы.

Кажучы пра важнасць для Масквы стасункаў з Менскам, Фёдар Лук'янаў канстатуе, што «Расея не знікне з карты свету без партнёрства з Беларуссю і нават не адчуе цяжкіх праблемаў». Праблема тут, паводле яго выразу, мае ў большай ступені маральны і культурны аспект.

«Халодны мір» і перагляд стасункаў

Прагназуючы перспектывы нармалізацыі стасункаў Расеі і Беларусі, эксперты выключаюць, што гэта здарыцца да беларускіх прэзідэнцкіх выбараў. Беларускі палітолаг Уладзімір Мацкевіч лічыць, што канфлікт не завершаны, а проста перайшоў у іншую фазу.

Паводле яго словаў, нейкі час будзе «халодны мір», далейшае ж супрацьстаянне знойдзе выяўленне ў «пераглядзе існуючых дамоваў і карэктыроўцы створаных пасля распаду СССР інстытутаў». У Менска, па ацэнцы кіраўніка АГТ, тут ёсць свае козыры, але ў доўгатэрміновай перспектыве паспрабуе дамінаваць Масква, будуючы нафта- і газаправоды ў абыход Беларусі.

Фёдар Лук'янаў, у сваю чаргу, чакае, што спачатку «сітуацыя павінна дайсці да нейкага лагічнага завяршэння». «Як будаваць з Лукашэнкам стасункі пасля таго, што было сказана ў яго адрас, незразумела», - здзіўляецца рэдактар «Расеі ў глабальнай палітыцы». Пры гэтым вяртанне да ранейшага фармату ён лічыць вельмі складаным.

А эксперт фонду Бертэльсмана Карнеліюс Охман дадае, што беларускі кіраўнік уступіў на шлях, з якога не можа сысці, таму канфлікт будзе абвастрацца. «З Масквы глядзяць на становішча ў Беларусі скрозь смех і слёзы. Бо Лукашэнка быў доўгі час саюзнікам, якому з палітычных прычынаў давалі свабоду дзеянняў», - нагадвае Охман.

Паводле яго выразу, у апошні час гэты саюзнік стаў наколькі самастойным, што «паспрабаваў прыціснуць Крэмль у кут, куды ён нікому не дазваляе сябе заганяць».

Нямецкі эксперт зыходзіць з таго, што ў доўгатэрміновай перспектыве палітычныя супернікі Лукашэнкі ўнутры Беларусі будуць падтрымлівацца Масквой. Пытанне толькі ў тым, «як гэта будзе выглядаць, і як доўга будзе адбывацца».

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках