25 лiстапада 2024, панядзелак, 0:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нямецкія эксперты: Калі Саннікаў правядзе рэформы, праз 6-8 гадоў Беларусь увойдзе ў Еўразвяз

27
Нямецкія эксперты: Калі Саннікаў правядзе рэформы, праз 6-8 гадоў Беларусь увойдзе ў Еўразвяз

У Берліне прайшла дыскусія з удзелам патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Беларусі.

Як перадае «Нямецкая хваля», лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў казаў пра еўрапейскія перспектывы сваёй краіны, мадэрнізацыю яе эканомікі і пра расследаванне абставінаў гібелі журналіста Алега Бябеніна. Некаторыя нямецкія эксперты лічаць, што калі рэформы, прапанаваныя Саннікавым, атрымаецца правесці, дык праз 6-8 гадоў Беларусь зможа пастукацца ў дзверы Еўразвяза.

Неабходная мадэрнізацыя

Патэнцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты, да гэтага ўжо прыяжджалі ў Берлін, распачыналі выступы з прэзентацыі сваіх перадвыбарчых праграмаў. Андрэй Саннікаў - першы, хто спачатку прапанаваў уласны прагноз развіцця Беларусі пасля прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Па словах Саннікава, «пераходны перыяд будзе няпростым, але ён стане рухам наперад».

Саннікаў падкрэсліў асаблівую важнасць эканамічнага фактару ў будучым развіцці Беларусі. На думку лідэра «Еўрапейскай Беларусі», эканоміка краіны знаходзіцца ў катастрафічным стане і мае патрэбу ў тэрміновым рэфармаванні. «Зараз краіна - утрыманец, па віне Лукашэнкі яна мае патрэбу ў крэдытах. Прычым гэтыя грошы выкідваюцца на вецер. Паводле ацэнак спецыялістаў, 70 адсоткаў крэдытаў ідзе на зарплату працоўным і дзяржапарату і на нейкія бяздумныя праекты», - адзначыў Саннікаў.

Новыя правілы гульні

Эксперты, якія ўдзельнічалі ў дыскусіі, пагадзіліся з тым, што эканоміка Беларусі мае патрэбу ў рэформах, але падкрэслілі пры гэтым важнасць разумення узрослай ролі Еўропы, а не ЗША, як было раней. Вядучы спецыяліст берлінскага фонду Маршала Ёрг Форбрыг (Joеrg Forbrig) адзначыў, што з прыходам новай адміністрацыі ЗША на чале з Баракам Абамам цікавасць Вашынгтона да еўрапейскай палітыкі заўважна аслабела.

«Гэтая тэндэнцыя датычыць і краінаў-суседзяў ЕЗ. Думаю, тое, што ЗША ў будучыні будуць гуляць усё меншую ролю ў еўрапейскіх справах, добра зразумела і дэмакратычная апазіцыя Беларусі», - падкрэсліў Форбрыг.

У выпадку перамогі на выбарах Андрэй Саннікаў плануе ўсталяваць зразумелыя правілы гульні на палітычным полі Беларусі. Пачаць ён збіраецца з вяртання прынцыпу падзелу ўладаў. Паводле выражэння Саннікава, Лукашэнка, кіруючы адзінаўладна, фактычна пазбавіў парламент паўнамоцтваў і ліквідаваў незалежнасць судовай сістэмы.

Ёрг Форбрыг мяркуе, што перабудова дзяржаўных інстытутаў, у першую чаргу парламента і прававой сістэмы краіны, - важны аспект, але нельга выпускаць з-пад увагі і эканамічную праблематыку. «Для дасягнення стандартаў, прынятых у ЕЗ, спатрэбіцца тэрмінова правесці прыватызацыю, зрабіць эканоміку Беларусі менш залежнай ад сыравіннай базы», - лічыць эксперт.

Ісці ў Еўропу, не забываючы Расею

Шматлікіх удзельнікаў дыскусіі цікавіла тое, як арыентаваны на Еўропу кандыдат збіраецца будаваць стасункі з Расеяй. Саннікаў патлумачыў, што, кажучы пра імкненне інтэграваць Беларусь у Еўразвяз, адначасова надае вялікае значэнне і стратэгічнаму партнёрству з Расеяй.

Эксперт няўрадавай арганізацыі «Еўрапейскі абмен» (Europäischer Austausch) Штэфані Шыфер (Stefanie Schiffer) выказала меркаванне, што ЕЗ і Расея павінны супрацоўнічаць у вырашэнні беларускага пытання. «Не можа быць і гаворкі пра дэмакратызацыю Беларусі з дапамогай Расеі. Аднак сумесная праца на выбарах назіральнікаў АБСЕ і СНД - разумнае рашэнне, якое дазваляе аператыўна абменьвацца інфармацыяй», - заявіла Шыфер.

Расследаванне справы Бябеніна

Удзельнікі дыскусіі назвалі асабліва важным тое, што эксперты АБСЕ зоймуцца вывучэннем абставінаў гібелі заснавальніка апазіцыйнага сайта «Хартыя-97» Алега Бябеніна. Аднак і тут без крытычных заўвагаў не абышлося. Напрыклад, Андрэй Саннікаў асцерагаецца, што ўлады будуць маніпуляваць працай і высновамі экспертаў. «Мы не ведаем, якія дакументы ім далі. Не выключана, што эксперты ад АБСЕ атрымалі не матэрыялы крымінальнай справы, а толькі іх пераклад, гэта дзве розныя рэчы», - перасцярог Саннікаў.

Яго асцярогі падзяліла і Штэфані Шыфэр, заклікаўшы Менск забяспечыць незалежную працу экспертаў АБСЕ. «Камісія АБСЕ - важны знак, але што атрымаецца зрабіць у экспертаў, шмат у чым залежыць ад гатоўнасці беларускіх уладаў даць ўсю неабходную інфармацыю», - канстатавала яна.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках